Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі: “На такія выбары больш ня пойдзем”


Выбарчы блёк прадпрымальнікаў заклікае Цэнтравыбаркам не прызнаваць паўнамоцтвы новых дэпутатаў, паколькі лічыць, што тыя былі абраныя незаконна.

“Гэта былі ня выбары, а дзейнічала сыстэма ўтрыманьня незаконнай улады”, — пра гэта заявілі кандыдаты ў дэпутаты ад блёку прадпрымальнікаў, якія бралі ўдзел у верасьнёўскіх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Усяго ў блёк уваходзілі 20 прадпрымальнікаў, зь іх 8 былі зарэгістраваныя кандыдатамі, але ў дэпутаты ніхто не прайшоў. 13 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі ў штаб-кватэры БНФ прадпрымальнікі падсумавалі свой удзел у выбарах.

Прадпрымальніца Тацяна Міронава ўдзельнічала ў выбарах, бо верыла абяцаньням улады правесьці іх сумленна. Цяпер і яна, і яе выбарцы кажуць, што наступныя выбары будуць байкатаваць. Тацяна Міронава абураецца дзейнасьцю тых суайчыньнікаў, якія арганізоўвалі, як яна кажа, “гэты выбарчы фарс”:

“Амаль 69 тысяч беларускіх грамадзян бралі ўдзел ва ўчастковых выбарчых камісіях. Зь іх большасьць настаўнікаў, якія вучаць нашых дзяцей. І вось гэтыя 69 тысяч падманваюць астатнюю частку свайго народу. Гэта нармальна? Адна частка народу падманвае другую частку і баіцца: бо ніводзін не падняўся і не сказаў, што яго прымусілі і запалохалі”.

Дзяніс Садоўскі распавёў пра такі факт: паводле публічнай аб’явы сябра ўчастковай камісіі падчас падліку галасоў, за яго прагаласавалі 178 чалавек. Але ў выніковых лічбах стала амаль у дзесяць разоў меней:

“А падсумаваўшы, аказалася, што за мяне прагаласаваліа на ўчастку толькі 28 чалавек. Як такое магло быць? Безумоўна, назваць гэта выбарамі немагчыма”.

Актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў прызнаў, што прадпрымальнікам не хапіла досьведу назіраньня, асабліва падчас датэрміновага галасаваньня, калі, паводле Макаева, і адбывалася масавая фальсыфікацыя.

Блёк прадпрымальнікаў заклікаў пачаць кампанію непрызнаньня паўнамоцтваў новых дэпутатаў, якія будуць зацьвярджацца Цэнтравыбаркамам 27 кастрычніка. Дзеля гэтага прадпрымальнікі падалі ў пракуратуру заявы аб разглядзе парушэньняў закону падчас выбараў, а таксама напісалі заяву ў ЦВК. Актывіст прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік кажа:

“Мы ў гэтай заяве даводзім, каб камісія запатрабавала вынікі праверкі нашых заяў у пракуратуру. І толькі з улікам гэтага каб вырашалася, ці прызнаваць дэпутацкія паўнамоцтвы. Такім чынам мы ініцыюем кампанію непрызнаньня паўнамоцтваў дэпутатаў, якія, па сутнасьці, атрымалі ўладу незаконным шляхам”.

Прадпрымальнікі заклапочаныя рэзкім пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі. Тацяна Міронава, якая гандлюе на Ждановіцкім рынку, не выключае спыненьня дзейнасьці:

“Пакупніцкая здольнасьць людзей за год упала ўдвая. Паводле маіх дадзеных, год таму ў мяне было 20—25 продажаў штодня, а зараз 8—10. І калі крызіс працягнецца, як я разумею, з рынку можна будзе сыходзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG