Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлюбы на нябёсах: якасьць, а не колькасьць


Восень – традыцыйна папулярная пара шлюбаў. Перад выходнымі гарады поўняцца шлюбнымі картэжамі, увечары пляцоўкі перад ЗАГСамі ўсыпаныя пялёсткамі ружаў, якія засталіся ад урачыстасьцяў. Перад храмамі такога ажыятажу, як перад ЗАГСамі, няма. Чаму людзі не сьпяшаюцца замацаваць свой шлюб на нябёсах?


Ураджайнасьць на шлюбы заўважна вырастае пры канцы лета і працягваецца ўсю восень, пацьвердзілі мне ў ЗАГСе Савецкага раёну. І гэтая сэзоннасьць, па назіраньнях супрацоўнікаў, зьвязана са шматлікімі прыкметамі:

“Калі прааналізаваць сувязь колькасьці шлюбаў і, прыкладам, праваслаўнага календара, то відавочная сувязь: калі ідзе пост, шлюбаў меней, калі ён канчаецца, іх более. Сёлета ўвосень шлюбаў было меней, чым летась: напэўна, гэта зьвязана і з тым, што ідзе высакосны год”.

Нехта жэніцца, а нехта тым часам разводзіцца. За 7 месяцаў бягучага году ў сталіцы былі зафіксаваныя 4 702 выпадкі разводаў. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году колькасьць запісаў аб шлюбе скарацілася амаль на 10%, а агульная колькасьць разводаў павялічылася на 2%.

Сем раз адмерай, адзін раз – вянчайся

Шлюб, замацаваны нябёсамі, і развод – рэчы несумяшчальныя, на погляд касьцёлу. Распавядае сакратар Беларускай рымска каталіцкай царквы ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

“У каталіцкім касьцёле працэдуры разводу не існавала і не існуе”.

Карэспандэнтка: “То бок другі раз вянчацца чалавек ня можа?”

“Абсалютна дакладна. Калі сужэнскі саюз быў заключаны сапраўдна, то ён – неразрыўны. Ён застаецца навечна, назаўсёды. Выключэньне – у выпадку сьмерці аднаго з сужэнцаў. Той, хто застаўся жывы, можа вянчацца яшчэ раз, але толькі з тым чалавекам, які раней ня быў у касьцельным шлюбе зь яшчэ кімсьці”.

Царкоўны шлюб скасаваць таксама амаль немагчыма, гаворыць сьвятар Аляксандар Шрамко:

“Ёсьць гэткая працэдура: ня столькі скасаваньне папярэдняга шлюбу, колькі атрыманьне дазволу на другі шлюб. Прынцыпова кажучы, царкоўны шлюб не скасоўваецца. Ёсьць выключныя ўмовы, калі лічыцца, што шлюб больш не існуе. Таму, калі чалавек хоча другі раз пабрацца ў царкве, ён павінен атрымаць адмысловае рашэньне царквы, што папярэдні шлюб скасаваны, таму можна дазволіць другі шлюб”.

Але рашэньне гэткае можа прымаць толькі япіскап, атрымаць яго нялёгка. Ці не з-за гэткай адказнасьці людзей, якія наважваюцца зарэгістраваць свой сямейны статус толькі ў ЗАГСе, значна больш, чым тых, хто пасьля ЗАГСу едзе ў храм?

25-гадовая Натальля зь Менску замужам другі раз. Лічыць сябе верніцай, наведвае касьцёл, стараецца прытрымлівацца каталіцкіх каштоўнасьцяў. Але да вянчаньня – не гатовая:

“Для мяне вянчаньне ў касьцёле – гэта вельмі-вельмі важна, і падыходжу я да гэтага адказна. Мабыць, таму дагэтуль мы з мужам ня венчаныя. Я мару пра той час, калі аднойчы ранкам я прачнуся і зразумею, што гатовая да гэтага. Калі мы павянчаемся, гэта будзе азначаць, што адносіны, сям’я з гэтым чалавекам – гэта мой крыж, я буду зь ім усё жыцьцё пры любых абставінах, што б ні здарылася. Пакуль гэткай пэўнасьці ў мяне няма, я лічу немагчымым для сябе ісьці і вянчацца “проста так”. Магчыма, пройдзе некалькі гадоў, можа, 10, можа, 15, і мы павянчаемся”.

Мода на рэлігію

Гэткі адказны падыход аднолькава ўхваляюць і царква, і касьцёл. Слова Аляксандру Амяльчэню:

Вернікаў наагул меней – гэта ў першую чаргу ролю й адыгрывае
“Касьцёл заўсёды ставіць не на колькасьць, а на якасьць. Згадайце пачатак 90-х гадоў, часы адраджэньня. Тады стварылася вельмі небясьпечная тэндэнцыя: сужэнствы ў храмах – царкве ці касьцёле – сталі ня толькі рэлігійнай тэндэнцыяй, але таксама нейкай рэлігійнай модай. То бок людзі прыходзілі ў касьцёл, каб браць шлюб таму, што гэта было модна. І гэта нас вельмі і вельмі непакоіла...”

Вольга зь Менску пакуль яшчэ афіцыйна не разьвялася – проста разьехалася з мужам. Але ўпэўненая, што развод – не за гарамі. І ў гэтым сэнсе вельмі задаволеная, што, рэгіструючы шлюб, у царкву яны з мужам не пайшлі. Хаця атэісткай яна сябе не лічыць:

“Мы не вянчаліся, бо асаблівай патрэбы я ў гэтым не адчувала – шчырай верніцай я сябе не лічу”.

Адсутнасьць патрэбы ў шлюбе царкоўным, кажа айцец Аляксандар Шрамко, ёсьць галоўнай прычынай таго, што грамадзянскіх шлюбаў значна болей:

“Вернікаў наагул меней – гэта ў першую чаргу ролю й адыгрывае”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG