Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За мяжу Казуліну можна. А ў прэзыдэнты?


Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін

Міністэрства ўнутраных спраў патлумачыла “Свабодзе”, чаму Аляксандру Казуліну пры наяўнасьці судзімасьці дазволены выезд за мяжу.


Міністэрства ўнутраных спраў патлумачыла заблытанае пытаньне адносна таго, ці зьнятая з былога кандыдата на прэзыдэнта судзімасьць і ці маё ён права выезду за мяжу. Нагадаем: пасьля таго як 16 жніўня Аляксандра Казуліна вызвалілі зь віцебскай калёніі, МУС заявіў, што судзімасьць зь яго ня зьнятая. Гэта ж на пачатку верасьня пацьвердзіў і старшыя Вярхоўнага суду Валянцін Сукала. Між тым учора, 7 кастрычніка, намесьнік кіраўніка управы грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун паведаміў карэспандэнту “Эўрарадыё”, што Аляксандар Казулін ужо “выязны з краіны”. На гэтай падставе мэдыі зрабілі выснову, што і судзімасьць з апазыцыянэра зьнятая. На просьбу Радыё Свабода сытуацыю патлумачыў кіраўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка:

“Ёсьць ужо яснасьць, проста тут юрыдычная казуістыка. Дык вось, судзімасьць зь яго ня зьнятая. Але ў сувязі з указам пра амністыю ён падпадае пад 96 артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога лічыцца “асобай, вызваленай ад далейшага пакараньня”. На гэтай падставе яго і выключылі са сьпісаў тых, хто ня мае права на выезд за мяжу. Ці можа ён удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах? Гэтае пытаньне не да мяне”.

Аляксандар Казулін цяпер знаходзіцца ў Брусэлі, ягоны мабільны тэлефон адключаны. Паводле дачкі палітыка Юлі Казулінай, у сям’і няма яснасьці ў пытаньні пра судзімасьць бацькі, бо ніхто ня бачыў указу Аляксандра Лукашэнкі пра яго памілаваньне:

“Мы самі ня ведаем, зьнялі судзімасьць ці не. Як мы можам сказаць, калі ня бачылі гэтага ўказу? Тата даручыў адвакату знайсьці гэты дакумэнт, бо нідзе ў базе яго няма”.

Адвакат Аляксандра Казуліна Зьміцер Гарачка паведаміў, што ўказу пра памілаваньне Аляксандра Казуліна ён таксама ня бачыў. Ці можа ў гэтым указе быць палажэньне аб зьняцьці судзімасьці? Адвакат гэтага не выключае:

“Патлумачу, каб разумелі. Памятаеце такую крымінальную справу Ўладзіслава Туркіна, гэта “Мінск-Лада”? Як яго памілавалі. Са зьняцьцем судзімасьці, зь вяртаньнем усёй маёмасьці. Такім чынам, у нашай краіне магчыма ўсё”.

Паводле адваката Зьмітра Гарачкі, ён рэкамэндаваў Аляксандру Казуліну “зьвярнуцца ў адпаведныя органы з хадайніцтвам аб азнаямленьні з копіяй указу пра ягонае памілаваньне”.

Паводле адваката Зьмітра Гарачкі, толькі пры зьнятай судзімасьці Аляксандар Казулін зможа ўдзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах 2011 году.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG