Рыхтуецца да друку чарговая кніга, прысьвечаная кіраўніку Беларусі. У менскім выдавецтве “ФУА інфарм” у сэрыі “Слаўнае імя” надрукаваны сыгнальны экзэмпляр дакумэнтальна-публіцыстычнай кнігі “Аляксандар Лукашэнка. Першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь”. Аўтар і ўкладальнік выданьня — супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музэю Якуба Коласа Мікола Жыгоцкі, які дагэтуль спэцыялізаваўся на творчасьці клясыка беларускай літаратуры Якуба Коласа.
Мікола Жыгоцкі кажа, што цікавасьць да асобы першага прэзыдэнта Беларусі падагрэта выключна зямляцкімі пачуцьцямі. Як і Аляксандар Лукашэнка, ён таксама паходзіць са Шклоўшчыны. Матэрыялы пра сваякоў ды людзей, якія колісь працавалі побач з Лукашэнкам, ён пачаў зьбіраць ад 1994 году, адразу пасьля таго, як зямляк так высока ўзьляцеў па кар’ернай лесьвіцы:
“Чаму я і ўзяўся пісаць, як ён стаў прэзыдэнтам: думаю, гэта мой зямляк, трэба паглядзець на яго менавіта як на земляка. Бо пісалі ўжо хто заўгодна, а землякі — не. І я вырашыў працаваць”.
Аўтар скардзіцца, што амаль два гады рукапісы “вылізвалі” на ўсіх магчымых узроўнях. Матэрыялы перадаваліся ад аднаго рэдактара да другога, а дзяржаўныя выдавецтвы зрабілі ўсё, каб адмовіцца ад праекту — любая памылка магла дорага каштаваць.
У выніку Мікола Жыгоцкі не пашкадаваў уласных сродкаў і цяпер чакае адпаведнай адмашкі зьверху для недзяржаўнай друкарні “ФУА інфарм”:
“Папярэднічаў гэтаму адзін выпадак. Мы езьдзілі на “Лінію Сталіна”, потым крыху нефармальна сядзелі, нейкі чалавек падліў мне шнапсу, разгаварыліся. Я пацікавіўся, дзе ён працуе. Кажа, што рэдактар выдавецтва, прозьвішча Дрозд. Я ў адказ, што маю цікавы матэрыял, ён прапанаваў прынесьці, паглядзець. Неўзабаве акрэсьліў тэрмін: каб праз два месяцы кніжка ўжо была выдадзеная. Але потым два месяцы расьцягнуліся на два гады. Бегаў, перарабляў, шмат куды аддавалі на рэцэнзію, у акадэмію тройчы аддавалі, адтуль былі заўвагі, усё перарабляў… Што ні рэдактар — то галава. Я ўвогуле зразумеў, што рэдактары — гэта толькі дарадцы. Я ім казаў: па вашых заўвагах можна было напісаць яшчэ адну кнігу пра Аляксандра Рыгоравіча”.
Летась я цікавіўся ў Міністэрстве інфармацыі, чаму такая “стратэгічная” кніга тармозіцца на ўсіх узроўнях? Патлумачылі, што кніга не ўяўляе ніякай каштоўнасьці і калі чым і адметная, то не адпаведным назьве нізкім факталягічным узроўнем. Падобна, што за апошні год аўтар прыклаў нямала намаганьняў, каб пераканаць куратараў у адваротным.
Спадар Жыгоцкі мяркуе, што цяпер ягоная кніга запатрабавалася б пры выкладаньні ў школах і ВНУ абавязковага курсу дзяржаўнай ідэалёгіі:
“У першую чаргу яна надрукаваная для студэнтаў і школьнікаў. Увогуле для моладзі”.
Карэспандэнт: “Тут шмат даволі рэдкіх ілюстрацый. Адкуль здымкі?”
“Шмат што браў у адміністрацыі прэзыдэнта. У той час, як пачаў працаваць над кніжкай, пайшоў у архіў прэзыдэнта. Там мяне прынялі і далі колькі трэба было здымкаў. Вось некаторыя тут і зьмешчаныя”.
Карэспандэнт: “А малюнкі партрэтныя хто рабіў?”
“Наконт малюнкаў, дык гэта ў выдавецтве яны ўжо самі шукалі мастака”.
Карэспандэнт: “Вы ж беларускамоўны чалавек, чаму кніга па-расейску?”
“Яна разьлічаная на больш шырокі кантынгент і мае ў пэрспэктыве выйсьці ў Расеі. Відаць, так і будзе, бо ўжо ёсьць папярэдняя дамоўленасьць, каб скіраваць яе і на Расею таксама”.
Пасьля некалькіх гадоў няпэўнасьці цяпер Мікола Жыгоцкі ў добрым настроі. Аптымізму дадае ліст, падпісаны кіраўніком прэзыдэнцкага спартовага клюбу Дзьмітрыем Лукашэнкам. У лісьце на імя бацькі і па сумяшчальніцтве прэзыдэнта Лукашэнка-сярэдні піша, што прэтэнзій да зьместу кнігі ў яго асабіста няма, і хадайнічае пра яе запуск у масавы абарот.
Кніга падзеленая на разьдзелы, выклад ідзе ад нараджэньня Лукашэнкі: “На Дняпры Славуцічы”, “Маці”, “Школьная пара”, “У пэдінстытуце”, “Школа мужнасьці”, “У родных мясьцінах”, “Сям’я”, “Выбар народа” і г.д. Грунтуецца яна ў асноўным на газэтных публікацыях і іншых адкрытых крыніцах. Шмат здымкаў, якія раней не друкаваліся. На іх найперш Аляксандар Лукашэнка ў розныя поры свайго жыцьця — ад юнацтва і студэнцтва да службы ў войску і на піку кар’еры. А таксама родныя і блізкія: маці Кацярына Трафімаўна, жонка Галіна Радзівонаўна, дзеці і ўнукі.
Некалькі гадоў таму за аўтарствам Жыгоцкага выходзіў больш сьціплы збор, які цалкам грунтаваўся на выступах і выказваньнях Лукашэнкі. Увогуле на ніве прэзыдэнцкага жыцьцеапісаньня адзначыліся ўжо многія аўтары. Прычым танальнасьць аповедаў палярна розная — ад напаўананімнага “Нашэсьця”, “Выпадковага прэзыдэнта” Шарамета-Калінкінай і грунтоўнага дасьледаваньня Аляксандра Фядуты да ўзьнёслай публіцыстыкі Ўладзімера Якутава і Міхася Шэлехава. У музычную культуру свой унёсак зрабілі Эдуард Ханок з творам “Таварыш прэзыдэнт” і Анатоль Ярмоленка зь песьняй “Слухай Бацьку”.