Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны падатак: прагрэс ці дыскрымінацыя?


Дэпутаты прынялі ў першым чытаньні законапраект пра адзіную стаўку падаходнага падатку. Наступствы рэформы падаткавай сыстэмы — ТЭМА ДНЯ


У Беларусі ў 2009 годзе зьбіраюцца ўвесьці так званую плоскую шкалу падатку. Ініцыятыва сыходзіць ад кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі.

Гэта азначае, што падаходны падатак будзе аднолькавы для ўсіх катэгорый насельніцтва і складзе 12% ад заробку. Цяпер жа ў Беларусі існуе дыфэрэнцыяваны падатак, мінімальны памер якога складае 9%, а максымальны 30%.

Міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, які прадставіў праект закона дэпутатам сказаў, што таксама мяркуецца ўвесьці адзіны памер падатку і для індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён будзе складаць 15%. Паводле спадара Харкаўца, сёлета прадпрымальнікі плацяць у сярэднім 16,3% ад свайго заробку.

Міністар фінансаў таксама сказаў, што галоўным прыярытэтам на 2009 год будзе рост прыбытку людзей, якія працуюць у бюджэтнай сфэры. Прынамсі на канец 2009 году тут мяркуецца давесьці сярэдні заробак да 550 даляраў. А ў 2010 годзе — да 700 даляраў.

***

Дзе яшчэ адзіная стаўка падаходнага падатку?

Адзіная стаўка падаходнага падатку з індывідуальных асобаў існуе ў шасьці постсавецкіх краінах.

Пачала гэткую падаткавую рэформу Эстонія, якая ў 1994 годзе ўвяла падаходны падатак са стаўкай 24 адсоткі. У 2009 годзе гэтая стаўка будзе зьніжаная да 20 адсоткаў.

У 1994 годзе таксама Літва ўвяла адзіную стаўку падаходнага падатку з індывідуальных асобаў, памерам 33 адсоткі. У гэтым годзе стаўка зьнізілася да 24 адсоткаў.

У Латвіі адзіная стаўка падаходнага падатку з індывідуальных асобаў была ўстаноўленая ў 1995 годзе на ўзроўні 25 адсоткаў.

Адзіныя стаўкі гэтага падатку існуюць таксама ў Расеі — 13 адсоткаў (з 2001), Украіне — 15 адсоткаў (з 2007), Грузіі — 12 адсоткаў (з 2005).

Адзіныя стаўкі падаходнага падатку зь фізычных асобаў існуюць таксама ў некаторых краінах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы: Славаччына (19 адсоткаў), Чэхія (15 адсоткаў), Румынія (16 адсоткаў).

***

Барыс Жаліба
Прафэсар Жаліба: падатковая сыстэма застаецца складанай

Доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба лічыць, што беларускія ўлады скарысталі вопыт Расеі, дзе ўведзена 13% стаўка.

***

Адзіным падаткам супраць шэрых схемаў

Старшыня камісіі прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтва Анатоль Паўловіч сказаў “Свабодзе”, што новая падатковая сыстэма — гэта станоўчы крок: “Гэта ж усё робіцца дзеля таго, каб выйсьці з шэрых схемаў, каб даць магчымасьць бізнэсу адысьці ад заробкаў у канвэртах”.

***

Леанід Злотнікаў
Злотнікаў: уводзіцца няроўнасьць перад законам

“Людзі з высокімі заробкамі будуць цяпер зарабляць яшчэ больш. У іх будзе заставацца прыбытак яшчэ большы. Таму гэты закон на іх карысьць”.

***

І.Пеліпась: паменее заробкаў у капэртах

Эканаміст Ігар Пеліпась лічыць вельмі станоўчым крокам увядзеньне плоскай шкалы падаходнага падатку.

“Такая плоская шкала стымулюе плаціць падаткі і спаць спакойна. І зьменшыць у пэўнай ступені такія ценявыя праявы — заробкі ў капэртах. Чалавеку нашмат псыхалягічна зручней і прасьцей заплаціць нейкую прымальную суму і спаць спакойна. Але, напэўна, у нейкай ступені самыя бедныя прайграюць”.

***

Анатоль Шумчанка
А.Шумчанка: 15% — гэта дыскрымінацыя

“Але гэта нас, прадпрымальнікаў, абсалютна не зьдзіўляе, бо дзяржава сёньня будзе лупіць грошы адусюль, адкуль магчыма. І было б наіўна чакаць, што дзяржава ня возьме з прадпрымальнікаў больш, чым з астатніх.

***

Падатковая сыстэма ў Беларусі — самая складаная ў сьвеце

Паводле гэтага паказчыка вядзеньня бізнэсу Беларусь, як і ў мінулым годзе, займае апошняе, 181-е месца ў рэйтынгу Ўсясьветнага банку “Doing Business 2009”.

Гэтая інфармацыя зьмешчана ў шостай штогадовай сумеснай справаздачы Ўсясьветнага банку і Міжнароднай фінансавай карпарацыі “Doing Business 2009”, якая апублікавана на пачатку верасьня.

Экспэрты Ўсясьветнага банку лічаць, што беларускі бізнэс вымушаны траціць 1188 гадзінаў штогод для ажыцьцяўленьня 112 падатковых выплатаў, якія складаюць 117,5% прыбытку.

Да прыкладу, на Мальдывах, у найбольш спрыяльнай краіне па гэтым паказчыку, гэты працэс займае 0 гадзін для правядзеньня выплаты, роўнай 9,1% прыбытку.

У Катары — 36 гадзін для правядзеньня 1 выплаты, роўнай 11,3% прыбытку.

У Ганконгу — 80 гадзін для правядзеньня 4 выплат (24,2% прыбытку).

Лідэры сярод краінаў СНД: Казахстан займае 49 месца — 271 гадзіна для правядзеньня 9 выплатаў (36,4% прыбытку), Азэрбайджан — 102 месца: 376 гадзін для правядзеньня 23 выплатаў (41,1% прыбытку).

Сярод краінаў Балтыі лідзіруе Эстонія, якая мае 34 месца — 81 гадзіна для правядзеньня 10 выплатаў (48,6% прыбытку).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG