Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан здароўя зьняволенага Зэльцэра пагоршыўся


Эмануіл Зэльцэр
Эмануіл Зэльцэр

Амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, асуджанага за камэрцыйны шпіянаж супраць Беларусі, наведала ў турме КДБ супрацоўніца амбасады ЗША.


Днямі Эмануіла Зэльцэра ў ізалятары КДБ наведала супрацоўніца амбасады ЗША ў Беларусі Кэралайн Сэвідж. Спадарыня Сэвідж сказала, што знайшла Эмануіла Зэльцэра ў горшым стане, чым мінулым разам — у ліпені.

“Мы па-ранейшаму выказваем занепакоенасьць станам ягонага здароўя, якое пагоршылася. На нашу думку, мэдычная дапамога, якая яму аказваецца ў турме, вельмі абмежаваная”,— сказала супрацоўніца амбасады ЗША. Паводле спадарыні Сэвідж, амэрыканскі бок прасіў беларускія ўлады дазволіць доктару Альбэрту Бэнчабату другі раз наведаць свайго былога кліента Эмануіла Зэльцэра ў беларускай турме, але гэтая просьба пакуль не задаволеная:

“Мы тлумачылі, чаму гэта патрэбна, і працягваем чакаць станоўчага адказу”.

Разгляд касацыйнай скаргі Эмануіла Зэльцэра ў Вярхоўным судзе быў заплянаваны на пятніцу, 26 верасьня, але нечакана пытаньне зьнялі з разгляду.
Нагадаем, амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра і ягоную сакратарку Ўладлену Функ арыштавалі 2 сакавіка ў менскім аэрапорце. У Менск Эмануіл Зэльцэр нібыта прыляцеў па справах спадчыны грузінскага мільянэра Бадры Патаркацышвілі, які заўчасна памёр у Лёндане. Паводле некаторых крыніц, Патаркацышвілі быў акцыянэрам аднаго з нафтаперапрацоўчых заводаў у Беларусі. У жніўні Эмануіла Зэльцэра асудзілі за камэрцыйны шпіянаж, зьняўшы пры гэтым зь яго абвінавачаньне ў правозе наркотыкаў. Раней гэтымі наркотыкамі сьледзтва палічыла лекі, якія шмат гадоў прымаў Эмануіл Зэльцэр, маючы некалькі хранічных захворваньняў. З-за таго, што лекі ў турме ў Зэльцэра адабралі, ягоны стан здароўя пачаў пагаршацца. Доктар Бэнчабата, які раней лячыў Зэльцэра, рэкамэндаваў адміністрацыі турмы вярнуць ягонаму кліенту лекі і нават зьвяртаўся з такой просьбай да Аляксандра Лукашэнкі. Брат асуджанага Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, сказаў, што адказу ад кіраўніка Беларусі на гэты ліст няма.

Марк Зэльцэр патлумачыў чарговае пагаршэньне стану здароўя свайго брата халодным надвор’ем, якое прыйшло ў Менск. Што да лёсу справы, Марк Зэльцэр спадзяецца на тое, што яе перагледзяць, бо ў адносінах Беларусі і ЗША назіраецца паляпшэньне:

“Мне вядома, што назіральнікі ад АБСЭ размаўлялі й на гэтую тэму ў Менску. Нават калі выбары не прызнаюць, адносіны з ЗША павінны палепшыцца. Кажу ня толькі пра майго брата, але ўвогуле. Але я спадзяюся на лепшае і ў справе брата”.

Разгляд касацыйнай скаргі Эмануіла Зэльцэра ў Вярхоўным судзе быў заплянаваны на пятніцу, 26 верасьня, але нечакана пытаньне зьнялі з разгляду. Гэта патлумачылі “неабходнасьцю для суду зрабіць запыт шэрагу дакумэнтаў”. Сёньня, 1 кастрычніка, у прэсавай службе Вярхоўнага суду яшчэ ня ведалі дня разгляду скаргі Эмануіла Зэльцэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG