Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці задаволяць скаргу Эмануіла Зэльцэра?


Сёньня Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць скаргу амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, якога раней прызналі вінаватым ў камэрцыйным шпіянажы і пакаралі трыма гадамі зьняволеньня.


Вось ўжо болей за 6 месяцаў беларускі адвакат Зьміцер Гарачка кожны дзень наведвае ў ізалятары КДБ свайго падабароннага і калегу-адваката з ЗША Эмануіла Зэльцэра, а таксама ягоную сакратарку Ўладлену Функ. Сёньня Зьміцер Гарачка па справе Зэльцэра пойдзе ў Вярхоўны суд, дзе будзе разгледжаная іх касацыйнага скарга. Нагадаю, судовы працэс быў закрыты, разгляд скаргі – таксама. Спадар Гарачка ў камэнтарах вельмі стрыманы. Але ён настойвае, што абодва падабаронныя невінаватыя, і іх трэба тэрмінова вызваліць.

“Я іх адвакат, я прымаў удзел ў разглядзе справы і я ведаю, што доказаў іх віны няма, яны ніякага злачынства не рабілі. Таму гаворка ідзе не пра зьмякчэньне пакараньня. Пытаньне ў тым, што іх незаконна прыцягнулі да адказнасьці, бо ніякіх проціпраўных дзеяньняў тут яны не рабілі”.

Разгляд скаргі пачнецца пасьля 10 раніцы, і ўжо да абеду, разьлічвае адвакат, стане вядомы вынік.

Якім ён можа быць? Брат асуджанага Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, уважліва сочыць за сытуацыяй ў Менску. Марк Зэльцэр ведае пра тое, што болей за месяц таму ў Беларусі вызвалілі трох палітычных зьняволеных і паводле яго гэта адбылося, паколькі ўладам патрэбнае прызнаньне выбараў з боку ЗША і Захаду. Ці можа лёс Эмануіла Зэльцэра таксама стаць прадметам гандлю беларускага рэжыму з Захадам? Яўных прыкметаў гэтага Марк Зэльцэр пакуль ня бачыць, але кажа, што назіральнікі АБСЭ, якія будуць ў Менску назіраць за выбарамі, ставяць пытаньне пра вызваленьне брата.

Лепш яму ня стала. Ён па-ранейшаму мае патрэбу ў леках, якія прымаў да арышту
“Гэтая праблема зьвязваецца з выбарамі, так. 70 назіральнікаў заявілі, што калі яго ня выпусьцяць, яны пройдуць па Менску са значкамі “Свабоду Зэльцэру”. У ЗША ёсьць ўплывовая Хэльсынская камісія, якая уваходзіць ў АБСЭ, і мне вядома, што яны патрабуюць вызваленьня брата вельмі рашуча”.

Між тым амэрыканскі доктар, які аглядаў Эмануіла Зэльцэра ў Менску, мяркуе, што асуджаны можа і не дажыць да заканчэньня трохгадовага зьняволеньня. Таксама доктар паведамляе: адміністрацыя ізалятару КДБ не дае Эмануілу Зэльцэру лекі, якія ён ужываў раней. Адвакат Зьміцер Гарачка гэтыя зьвесткі пра стан здароўя свайго падабароннага і пра недахоп лекаў пацьвярджае.

“Лепш яму ня стала. Ён па-ранейшаму мае патрэбу ў леках, якія прымаў да арышту”.

Паводле Марка Зэльцэра лекі брату абяцалі ў абмен на прызнаньне сваёй віны.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG