Беразоўскі лічыць пакараньне занадта мяккім.
Эмануіл Зэльцэр асуджаны Менскім гарадзкім судом да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Яго зьвінавацілі ў зборы зьвестак камэрцыйнага характару і ў выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў. Супрацоўнікі КДБ затрымалі яго разам з сакратаркай 12 сакавіка ў менскім аэрапорце, куды тыя прыляцелі на самалёце Барыса Беразоўскага. Эмануіл Зэльцэр займаўся справай, зьвязанай са спадчынай грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі.
Адносна прысуду Эмануілу Зэльцэру Барыс Беразоўскі заявіў:
“Суд разабраўся, зразумеў, што ён махляр, і прыгаварыў да трох гадоў. Вось і ўвесь мой камэнтар. Самае галоўнае, што прызнаны факт махлярства. Быў прызнаны факт махлярства — прад’яўленьне падробных дакумэнтаў. Зь якой мэтай — з мэтай прамысловага шпіянажу, авалоданьня чужой маёмасьцю — гэта мяне ў дадзеным кантэксьце ўжо не хвалюе. Важна, што было прызнана, што Зэльцэр — махляр. Гэта прынцыпова”.
Карэспандэнт: “Вы згодныя з гэтым?”
Беразоўскі: “Я ня проста згодны, я перакананы, што ён махляр”.
Карэспандэнт: “Брат Эмануіла Марк Зэльцэр цьвердзіць, што ў жніўні вы двойчы наведвалі Менск. Наведвалі Зэльцэра ў турме КДБ і выступілі на працэсе. Вы патрабавалі, каб Зэльцэр забраў свае паказаньні, прызнаў віну і адмовіўся ад адваката Гарачкі”.
Беразоўскі: “Тут ёсьць два моманты. Я не зьбіраюся камэнтаваць брата Эмануіла Зэльцэра, такога ж махляра, як і сам Зэльцэр. Я лічу яго брата таксама махляром. Я так лічу — гэта маё меркаваньне. І я не зьбіраюся камэнтаваць яшчэ аднаго махляра.
ніколі не даю інфармацыі пра свае перамяшчэньні, паколькі гэта зьвязана з пагрозай майму жыцьцю. Вы добра ведаеце, што ў Лёндане быў арганізаваны замах на мяне расейскімі спэцслужбамі
Карэспандэнт: “Але гэта тое, што ўжо адбылося. Калі вы былі, то вы можаце гэта пацьвердзіць альбо...”
Беразоўскі: “Гэта абсалютна нелягічна — тое, што вы кажаце. Я яшчэ раз кажу: я не камэнтую свае перамяшчэньні”.
Карэспандэнт: “Марк Зэльцэр цьвердзіць, што Вы былі зацікаўлены ў гэтай справе, каб яго тут пасадзілі. Бо вы прэтэндуеце на грошы Патаркацышвілі. Быццам бы вы лічыце сябе 50%-м партнэрам. І, словам, прэтэндуеце на яго грошы”.
Беразоўскі: “Я не прэтэндую ні на чые грошы, апроч сваіх. Вось і ўвесь камэнтар. Яшчэ раз кажу, Марка Зэльцэра камэнтаваць не зьбіраюся”.
Карэспандэнт: “Як вы лічыце, ці павінны Эмануіла Зэльцэра памілаваць? Яго лёсам зацікавілася “Міжнародная амністыя”. У яго слабое здароўе, і яму не даюць магчымасьці рэгулярна сустракацца з амэрыканскім консулам”.
Беразоўскі: “Усё зразумела. Я лічу, што яму проста мала далі. Але такія беларускія законы. Па тых артыкулах, па якіх ён учыніў злачынства, яму больш даць не маглі, як я разумею”.
Карэспандэнт: “У вас была магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі справы?”
Беразоўскі: “Наколькі я разумею, працэс быў закрытым. Таму ніякай інфармацыі пра тое, што там адбывалася, у мяне няма”.