Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: АБСЭ ня ў поўнай меры ацаніла пазытыўныя крокі


Замірэнчы тон заявы МЗС: “Прынцыпова важна, што, на думку і АБСЭ, уладамі Беларусі зроблена нямала па паляпшэньні працэсу арганізацыі выбараў”

Міністэрства замежных спраў адрэагавала на папярэднія справаздачы назіральнікаў заявай, вытрыманай спакойным тоне. У ёй найперш зьвяртаецца ўвага на станоўчыя зрухі, зафіксаваныя назіральнікамі:

“Выбары адбыліся, і як выразна адзначана ў высновах міжнародных назіральнікаў і АБСЭ, і СНД, яны цалкам адпавядалі нацыянальнаму заканадаўству Гэта самае важнае. Назіральнікі адзначаюць таксама значнае паляпшэньне ўзаемадзеяньня ўладаў Рэспублікі Беларусі зь міжнароднымі арганізацыямі ў пытаньнях правядзеньня выбараў. Яны таксама прызнаюць, што ўлады Беларусі зрабілі нямала для паляпшэньня падрыхтоўкі й правядзеньня выбарчага працэсу ў краіне”.

Адхіленьні ад эўрапейскіх стандатраў правядзеньня выбараў МЗС тлумачыць “гістарычнымі й палітычнымі рэаліямі”:

“Назіральнікі ад СНД і Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, якія добра знаёмыя з гістарычнымі й палітычнымі рэаліямі нашага рэгіёну, асабліва адзначаюць своечасовае й без абмежаваньняў запрашэньне міжнародных назіральнікаў; прадастаўленьне палітычным партыям, якія вылучылі кандыдатаў у дэпутаты, права накіраваць сваіх прадстаўнікоў у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу; шырокае выкарыстаньне візуальнай рэклямы ў грамадзкіх месцах і ў СМІ для інфармаваньня выбаршчыкаў пра выбары; прыняцьце Цэнтральнай камісіяй захадаў, накіраваных на выключэньне двайнога галасаваньня грамадзян; адкрытасьць і галоснасьць у дзейнасьці Цэнтральнай камісіі”.

Асабліва адзначаецца прызнаньне назіральнікамі АБСЭ станоўчых зрухаў у выбарчым працэсе:

“Важна, што і назіральнікі АБСЭ прызнаюць, што ўлады Беларусі зрабілі цэлы шэраг пазытыўных крокаў. У іх ліку, у прыватнасьці, павелічэньне колькасьці прадстаўнікоў апазыцыі ў складзе акруговых выбарчых камісій; прадастаўленьне кандыдатам у два разы болей часу на выступленьне ў электронных СМІ ў найлепшы эфірны час; крокі Цэнтральнай выбарчай камісіі па забесьпячэньні адэкватнай аховы скрыняў для галасаваньня ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня; прадастаўленьне апазыцыйным кандыдатам магчымасьці бесьперашкодна праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ва ўсталяваных для гэтага месцах”.

Непрызнаньне АБСЭ вынікаў выбараў МЗС зьвязвае зь недастатковай ацэнкай значнасьці зробленых беларускімі ўладамі захадаў. Зрэшты, сам факт непрызнаньня выбараў МЗС, выглядае, ня схільнае драматызаваць. Паказальна, што не адмаўляецца магчымасьць далейшага ўдасканальваньня выбарчага працэсу ў краіне:

“На жаль, з нашага пункту погляду, АБСЭ ня ў поўнай меры ацаніла значнасьць гэтых крокаў. Але прынцыпова важна, паўтараю, тое, што, на думку і АБСЭ, уладамі Беларусі зроблена нямала па паляпшэньні працэсу арганізацыі выбараў, і што дзеяньні, зробленыя беларускім бокам, стварылі добрую базу для далейшага ўзаемадзеяньня ў мэтах удасканальваньня заканадаўства і практыкі па правядзеньні выбараў у краіне.

Як мы разумеем, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў прафэсійна вывучыць высновы назіральнікаў, у тым ліку па атрыманьні іх канчатковай вэрсіі. На гэтым грунце яна будзе ўзаемадзейнічаць далей зь міжнароднымі арганізацыямі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG