Як праходзіць галасаваньне
СМС-паведамленьне ад Алеся з Полацку: “Выбірае Лукашэнка з вэртыкальлю, а народ толькі галасуе”.
Спадар: “На датэрміновае галасаваньне ўлада спрабуе загнаць як мага больш людзей: армію, міліцыю, студэнтаў. Гоняць на датэрміновае галасаваньне строем. І каню зразумела, для чаго гэта робіцца. Няважна, хто там і як прагаласуе — гэтыя галасы аддадуць кандыдатам ад улады. Толькі таму ўжо так званыя выбары нельга прызнаваць дэмакратычнымі, як бы гэтага ні хацеў Аляксандар Рыгоравіч”.
Спадарыня: “Выбары гэтыя яшчэ раз паказалі ўсю гніласьць лукашызму. Апазыцыя колькі разоў засядала, каб вырашыць, ці прыняць удзел у выбарах у “палатку”. А ў народа, у большасьці людзей, проста грэблівасьць да выбараў. Пад прымусам ідуць на датэрміновае. Прымус? А дзе ж адказнасьць за лёс дзяцей, унукаў нашых? Людзі, што вы робіце?”
СМС-паведамленьне ад Юрася: “У Маладэчне супрацоўнікаў гарадзкога шпіталя пад пагрозай звальненьня прымушаюць да датэрміновага галасаваньня”.
Спадар: “Пачалося датэрміновае галасаваньне ў Беларусі. Вось ходзіць мэр пасёлку Копысь, кажа: “Прыйдзіце прагаласуйце датэрмінова”. Прыходзяць давераныя асобы і кажуць: “Дайце пашпарт, мы за вас прагаласуем”. Ведаеце, сорамна мне неяк за такія выбары”.
Назіральнікі
Даніель з Берасьця: "Аб гэтым сведчаць і зафіксаваныя на Берасцейшчыне назіральнікамі і даверанымі асобамі незалежных кандыдатаў выпадкі парушэнняў адбіткаў пячаткаў на ўрнах для тэрміновага галасавання".
Vilk са Шклова: "Якія 25-30%? У 2004 на датэрміновае галасаванне у адной з вёсак, дзе я быў назіральнікам, сагналі 60 адсоткаў. старшыня каміссі хаваў гэтую лічбу, але адзін с "камісіянтаў" падпіў троху ды й ляпнуў. А што зараз змянілася? Тыя ж маральныя курвы працуюць у камісіях, цікава, што у асноўным, настаўніцы".
Я на выбары не пайду
Зь ліста, які даслаў Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава: “Ці не зашмат увагі аддае Радыё Свабода гаварыльні пра так званыя “выбары”? Даўно ж вядома, што выбары ў нас — безь ніякага выбару. І колькі можна сумнявацца, ці варта байкатаваць галасаваньне? Гэта пачынае дзейнічаць на нэрвы. Узяць хаця б апазыцыю пад кіраўніцтвам Вячоркі, які спачатку вырашыў удзельнічаць, а потым — здымаць кандыдатуры сваіх прадстаўнікоў. Праўда, адумаліся яны ў асноўным пасьля таго, як многія ня трапілі ў сьпіс кандыдатаў.
І ўсё ж падобна да таго, што ў рэшце рэшт апазыцыянэры пачалі прыслухоўвацца да слоў Пазьняка пра байкот. Той, хто ідзе на выбарчы ўчастак — хаўрусьнік рэжыму (ведае ён пра гэта ці не).
Міжнародныя назіральнікі змогуць нам дапамагчы толькі тады, калі зафіксуюць паўпустыя выбарчыя ўчасткі. Фальсыфікацыя будзе, як кажуць, на паверхні. Няхай тады ўлада хваліцца, што галасаваць прыйшлі 70 ці 80 працэнтаў.
У адваротным жа выпадку (калі людзі прыйдуць) не дапаможа ніякае назіраньне, бо машына фальшаваньняў у Беларусі адладжана дасканала”.
Мікола Канаховіч: “Паважаныя суайчыньнікі, да вас зьвяртаецца шараговы грамадзянін Мікола Канаховіч. Вы памятаеце, за каго вы галасавалі чатыры гады таму? І што вам абяцалі яны? Вас тады падманулі, бо потым пазбавілі ўсялякіх ільгот… Не хадзіце на гэты танны фарс, так званыя выбары. Бо на вашым гарбе яны хочуць заехаць у рай. Прагаласаваўшы за так званых беспартыйных, вы прагаласуеце за сваю ўласную сьмерць. Толькі абвясьціўшы байкот, вы захаваеце сваё сумленьне, чалавечую годнасьць, павагу нашчадкаў. Чалавек, беларус! Калі ты сапраўды чалавек, дык не апускайся да ўзроўню чарвяка, бо растопчуць. Толькі байкот і яшчэ раз байкот! Жыве Беларусь!”
Спадар: “Заклікаю ахвяраў палітычных рэпрэсій ды іншых адмовіцца ад удзелу ў выбарах у беларускі парлямэнт”.
Мікола Цяліца, Менск: “На вялікі жаль, ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, дзе лічаць галасы, ня ўключаныя ці амаль ня ўключаныя прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сіл. Дзеля чаго гэта зроблена, кожнаму зразумела. Удзельнічаць у так званых выбарах няма сэнсу. Байкот!”
Аляксандр Лапіцкі, кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня ахвяр палітычных рэпрэсій г. Менску: “Байкот выбараў пакажа ўсяму сьвету, што мы пратэстуем супраць сацыяльнага ўціску ўладамі ахвяраў палітычных рэпрэсій, супраць парушэньня ўладамі закону і Канстытуцыі краіны, супраць адсутнасьці ў краіне справядлівай судовай сыстэмы”.
Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Я за свае 59 гадоў пару разоў прымала ўдзел у выбарах прэзыдэнта і парлямэнту. Сёлета я ня буду прымаць удзел у выбарах. І вельмі многія мае знаёмыя таксама ня прыйдуць на ўчасткі, бо цяперашнія выбары савецкія, то бок іх няма. Дэпутаты ўжо даўно абраныя”.