Амаль дзевяцісотстаронкавы фаліянт, у якім прадстаўленыя 658 паэтаў 57 моваў сьвету і 198 беларускіх перакладчыкаў, уклаў паэт Міхась Скобла. А выдалі анталёгію дзякуючы прыватнай фундацыі ў выдавецтве “Лімарыюс”. Вершы многіх прадстаўленых у ёй паэтаў гучалі сёньня на прэзэнтацыі ў арыгінале з вуснаў акрэдытаваных у Беларусі дыпляматаў.
Кіраўнік пасольства Ўкраіны Ігар Ліхавы з твораў пяцідзесяці надрукаваных у анталёгіі паэтаў гэтай краіны выбраў для прэзэнтацыі радкі Тараса Шаўчэнкі.
Амбасадарка Латвіі Майра Мора чытала вершы клясыка латыскай літаратуры Яна Райніса, якія потым гучалі ў перакладзе Сяргея Панізьніка. Дарэчы, за пераклады латыскай літаратуры ўрад гэтай краіны ўзнагародзіў спадара Панізьніка ордэнам Трох Зорак.
Ізраільскі пасол Зэеў Бэн Ар’е пажартаваў, што такой тоўстай кнігі яшчэ ніколі не чытаў, і падзяліўся ўражаньнямі ад перакладу “Песьні песьняў цара Салямона”:
“Калі б аўтар цар Шлома ці Салямон ведаў, што гучыць па-беларуску, яму б сорамна не было”.
А потым спадар Зэеў прадэклямаваў арыгінал на іўрыце.
Захопленыя водгукі ад выданьня гучалі на прэзэнтацыі з вуснаў многіх выступоўцаў. Вось што сказаў перакладчык грузінскай паэзіі Ўладзімер Сіўчыкаў:
“Гэта сапраўды сьвята. Хоць былі розныя зборнікі паэзіі, напрыклад, латыскай, грузінскай, была двухтомная анталёгія грузінскай паэзіі ў 1986 – 1987 гадах у “Мастацкай літаратуры”, але тым ня менш вось так, каб з розных краёў разнамоўныя галасы ў адной кнізе – гэта ўпершыню”.
Што праўда, складальнік Міхась Скобла лічыць, што сытуацыя з паэтычнымі перакладамі на беларускую яшчэ далёкая ад жаданай, і ў сувязі з гэтым анталёгія атрымалася далёка ня поўнай:
“Слаба прадстаўлены ў нашай анталёгіі паэты Злучаных Штатаў Амэрыкі, таму што перакладаў мала. Эмілі Дыкенсан і яшчэ некалькі асобаў пакрысе перакладзены, а літаратура ж вялікая”.
Швэдзкіх перакладаў значна болей. Амбасадар гэтай краіны Стэфан Эрыксан чытаў на прэзэнтацыі верш Стыга Ларсана “Багі”, перад гэтым зазначыўшы, што літаратурныя пераклады усталёўваюць значна больш кантактаў між рознымі народамі, чым дыпляматы.