Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пінская шляхта” ў Лёндане: сьмешна й па-ангельску <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


19 ліпеня ў Лёндане ва Ўкраінскім інстытуце адбылася прэм’ера “Пінскай шляхты” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Славутая ангельская перакладчыца Вера Рыч ня толькі прадставіла п'есу, але й сама выканала некалькі роляў. Кветкі дарыў дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Аляксандар Лукашук: “Cпэктакль толькі што скончыўся. Усе ўзбуджаныя пасьля аплядысмэнтаў, кветак. Упершыню Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч гучаў па-ангельску, і гучаў вельмі сьмешна. Я назіраў рэакцыю публікі -- ангельцаў, амэрыканцаў, як яны рэагавалі на дасьціпны, поўны гумару тэкст Дуніна-Марцінкевіча.


Адметнасьць ангельскай прэм'еры ў тым, што яе фармат – не сцэнічны касьцюмны спэктакль, а гэтак званая “рэпэтыцыя чытаньня”, калі акторы чытаюць ролевыя дыялёгі.

Перакладчыца, яна жа і акторка -- Вера Рыч


Вера Рыч:
"Такое выкананьне мае сваю традыцыю. Скажам, у Англіі многія пьесы выконваліся толькі ў такім выглядзе з розных прычынаў.



Некаторыя творы Оскара Ўальда не маглі быць пастаўлены на сцэне з цэнзурных меркаваньняў і іх прэм”еры адбываліся як чытаньне роляў. Мая маці некалі прысутнічала на адзіным такім чытаньні пьесы Ібсэна, якое адбылося дзеля замацаваньня права першай пастаноўкі і аўтарскіх правоў".

Прэм'ера адбылася ў залі Ўкраінскага інстытуту



Усе ролі выконвалі пяць украінскіх студэнтаў і аўтарка перакладу– некаторыя акторы мелі па дзве-тры ролі. Зьмена пэрсанажу выразна пазначалася – акторы ўставалі, хадзілі, мянялі інтанацыю, позы, капелюшы і хусткі, а сама аўтарка перакладу, якая чытала і аўтарскія рэмаркі, і агучвала некалькі іншых пэсанажаў, ледзь пасьпявала мяняць капялюшы.

Аплядысмэнты "Пінскай шляхце" па-ангельску



Вера Рыч: “Цяпер вакацыі, і шмат людзей па-за Лёнданам, але мы хацелі зрабіць прэм'еру менавіта цяпер – у нядзелю дзень нараджэньня нашага сябра, дасьледчыка беларускай гісторыі і культуры Гая Пікарды, які памёр летась. Ён вельмі любіў гумар "Пінскай шляхты" і, сам юрыст паводле адукацыі, даўно казаў мне, як бы файна было зрабіць пераклад. І калі Язэп Янушкевіч, арганізатар выданьня кнігі, зьвярнуўся да мяне, я з радасьцю пагадзілася. Мова Дуніна-Марцінкевіча, якая пазначана ў кнізе як “аўтэнтыка”, адрозьніваецца ад сучаснай беларускай літаратурнай мовы, але саме цяжкае для мяне было знайсьці не дакладныя словы, але перадаць сэнс і атмасфэру праз ангельскую мову“.

Акторы -- ўкраінскія студэнты



Па-ангельску п'еса мае падзагаловак, якога няма ў аўтара – “На адну кроплю зашмат”. Вера Рыч патлумачыла гэты дадатак (словы ўзяты з тэксту) традыцыяй 19-га стагоддзя.

Старшыня Ангельска-беларускага таварыства прафэсар Джым Дынглі, які адкрыў імпрэзу, прысутнічаў на прэм'еры гэтага спэктакля ў пастаноўцы рэжысэра Мікалая Пінігіна ў тэатры імя Янкі Купалы ў Менску два месяцы таму (гл. рэцэнзію).

Джым Дынглі: "Самы кранальны момант для мяне у менскім спэктаклі – ягоная канцоўка, калі раптам зьнікае шляхецкая прыдуркаватасьць і паўстаюць харугвы з радавымі гербамі, абуджаецца гістарычная памяць і годнасьць... Вера змагла даць зразумець маладым значэньне тэксту Дуніна Марцінкевіча-- адкуль што ідзе, у чым сэнс тэксту.

Джым Дынглі прадстаўляе спэктакль


Ангельская мова, як вядома, багатая на моцныя выразы, якімі нацыя маракоў і падарожнікаў валодае віртуёзна і вынаходліва. Першы антыкаланіяльны твор беларускай драматургіі, як назваў п'есу Джым Дынглі, ўзбагаціў ангельскую мову яшчэ адным. “Хрэн табе ў вочы!” (у перакладзе Веры Рыч “Horse Radish Sтing Your Eyes!”) з кожным новым паўтарэньнем цешыў публіку усё больш і больш. (Хаця я чуў і грунтоўнае абмеркаваньне лекавых якасьцяў і ролі хрэну ў народнай мэдыцыне. І ня толькі ў мэдыцыне).

Аляксандар Лукашук, Вера Рыч і Джым Дынглі


Можна меркаваць, што з гледзішча агульнай гісторыі, ва Ўкраінскім інстытуце (беларускія памяшканьні ў асяродку Бібліятэкі імя Францішка Скарыны на рамонце) знайшла б водгук і хуліганская антыкаланяльная прыпеўка зь менскага спэктакля:

“А расейцы і палякі нам да дупы, нам да сракі”.

Але гэта ня тэкст Дуніна-Марцінкевіча, а чый – на афішы і ў праграмцы тэатра імя Янкі Купалы забыліся пазначыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG