Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берніковіч прапанаваў Андрэйчанку зьняцца з выбараў


“Я лічу, што добраахвотнае зьняцьцё сваёй кандыдатуры дапамагло б губэрнатару застацца ў вачох выбарцаў сумленным чалавекам”, — мяркуе Яраслаў Берніковіч.


Апазыцыйны кандыдат, які балятуецца па 22-й Глыбоцкай выбарчай акрузе, зьмясьціў у інтэрнэце адкрыты ліст, адрасаваны Уладзімеру Андрэйчанку — свайму праўладнаму суперніку на парлямэнцкіх выбарах.

Яраслаў Берніковіч прапануе старшыні аблвыканкаму добраахвотна адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, бо той, на думку Берніковіча, праводзіць яе з выкарыстаньнем “адміністрацыйнага рэсурсу”, парушаючы тым самым прынцып роўнасьці кандыдатаў, прадэкляраваны Выбарчым кодэксам Беларусі.

“Адкрыты ліст да Андрэйчанкі быў напісаны пасьля таго, як у акруговую камісію былі пададзены тры скаргі. Яны тычыліся такіх парушэньняў выбарчага заканадаўства як выкарыстаньне мясцовых газэт для “піяру” праўладнага кандыдата, выкарыстаньне пошты для распаўсюду ягоных улётак, выкарыстаньне шапікаў “Белсаюздруку” для разьмяшчэньня агітацыйнай прадукцыі гэтага кандыдата і забароны на гэта для ягоных канкурэнтаў. Я лічу, што добраахвотнае зьняцьцё сваёй кандыдатуры дапамагло б губэрнатару застацца ў вачох выбарцаў сумленным чалавекам”, — мяркуе Яраслаў Берніковіч.

Апазыцыянэр кажа, што не разьлічвае на адказ старшыні аблвыканкаму, а чакае ад яго канкрэтных дзеяньняў. Што да скаргаў у акруговую камісію, то сёньня яна іх разгледзела і прызнала неабходным папярэдзіць прадпрыемства “Белсаюздрук” пра неабходнасьць забясьпечваць роўныя правы на агітацыю ўсім кандыдатам. Астатнія факты камісія пастанавіла лічыць непацьверджанымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG