Анатоль Лябедзька — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая цяпер старшынюе ў АДС — пракамэнтаваў праект рашэньня Палітрады адносна ўдзелу ў выбарах:
“Першае — мы на заключным этапе кампаніі канцэнтруемся на тым, каб арганізаваць кантроль над падлікам галасоў і прад’явіць доказы фальшаваньня. Гэта — галоўнае.
Другая задача — у акругах, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў, арганізаваць працу так, каб выбарцы ўсё ж устрымаліся ад галасаваньня.
І яшчэ адна задача — гэта тое, што мы заклікаем выбарцаў 28 верасьня выходзіць на акцыі пратэсту супраць таго, што прадстаўнікі АДС не былі ўключаныя ў выбарчыя камісіі і не былі дапушчаныя да падліку бюлетэняў, а таксама супраць фальшаваньня”.
Нягледзячы на пазыцыю лідэраў АДС, без абмеркаваньня байкоту паседжаньне 21 верасьня не абыдзецца, упэўнены палітоляг Дзяніс Мельянцоў:
“Таму што ўнутры саміх АДС няма адзінай думкі наконт таго, удзельнічаць у выбарах ці не, ці ўдзельнічаць у самім галасаваньні, а калі ўдзельнічаць, дык якім чынам. А калі здымацца, то таксама якім чынам.
У Партыі БНФ ужо было рашэньне аб магчымым зьняцьці сваіх кандыдатаў. Іншыя партыі выказваюцца за ўдзел у выбарах. То бок, паколькі гэтае пытаньне яшчэ ня вырашана, дык яно будзе падымацца”.
Сёньня ж прадстаўнікі апазыцыі запатрабавалі ад уладаў тэрмінова расьсьледаваць акалічнасьці разгону мірнай акцыі 16 верасьня. Прэзыдыюм Палітрады прыняў заяву ў Генэральную пракуратуру. Асабістая адказнасьць за зьбіцьцё людзей ускладаецца ў заяве на старшыню менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава, які асабіста прысутнічаў на акцыі, і на міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава.
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначае:
“Ніякім законам, ніякім кодэксам не забараняецца людзям з партрэтамі, фатаграфіямі, выявамі на майках, нейкімі адзнакамі стаяць альбо хадзіць. Гэта ня ёсьць дэманстрацыя, гэта ня ёсьць пікет. І пра гэта вымушаныя былі нават заявіць у свой час кіраўнікі Вярхоўнага суду Беларусі.
Па-другое, у акцыі ўдзельнічалі забясьпечаныя пасьведчаньнямі кандыдаты ў дэпутаты. А яны безумоўна маюць права сустракацца са сваім выбарцамі, размаўляць зь імі і з журналістамі дзе заўгодна. Гэта таксама немагчыма рэглямэнтаваць”.