Анатоль Лябедзька: “Мы ўжо адрэагавалі на гэта лістом у пракуратуру. Хай яна высьветліць, хто мае рацыю: старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала і старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч — ці міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў і старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў. Адны прымалі рашэньне, што такі фармат акцыі не патрабуе дазволу, а другія давалі загад разганяць і біць людзей.
Што да ўдзелу ў выбарах, наша задача зараз — зьбіраць ды выстаўляць факты і доказы таго, што выбарчая кампанія праходзіць недэмакратычна, і гэта таксама адна з такіх праяў. Бо ініцыявалі мерапрыемства кандыдаты на дэпутаты ад Менску, а ня толькі сваякі рэпрэсаваных.
Ці будзе працягвацца дыялёг уладаў з Захадам? Гэта найперш да іх пытаньне. Мы чакаем рэакцыі Захаду. Калі маўчаць і закрыць адно вока і адно вуха, як прапануюць некаторыя эўрапейцы, гэта адна сытуацыя. Але, на наш погляд, ёсьць пэўныя прынцыпы і каштоўнасьці, якіх трэба прытрымлівацца. Асабіста я ня думаю, што зараз трэба спыняць дыялёг, але трэба рабіць моцныя акцэнты на тое, што гэта не спрыяе дыялёгу”.