Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: апазыцыя ўжо кліча на вуліцу


На гэтым тыдні беларуская апазыцыя на спэцыяльных прэсавых канфэрэнцыях агучыла два падыходы да выбарчай кампаніі – байкот і ўдзел у выбарах.

У прыхільнікаў абедзьвюх ідэяў існуе і аб’яднаўчы момант – і адна, і другая частка апазыцыі не прызнае выбары дэмакратычнымі і свабоднымі.

Да зьняцьця кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў заклікалі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, кіраўнік “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і каардынатар грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Зьміцер Бандарэнка.

Яны патлумачылі, чаму выступаюць менавіта цяпер. 8 верасьня скончыўся тэрмін, да якога кіраўніцтва аб’яднаных дэмсілаў патрабавала ад Цэнтарвыбаркаму пашырыць склад выбарчых камісіяў, увёўшы ў іх дэмакратычных вылучэнцаў. Паколькі ўлады гэтага не зрабілі, трэба здымацца з выбараў.

Прынамсі Зьміцер Бандарэнка пераконваў так:

“Пасьля 8 верасьня дыскусія – удзельнічаць у байкоце ці ў выбарах – скончана. Пасьля 8 верасьня дыскусія толькі аб тым – удзельнічаць ці не ў выбарчым фарсе да канца. І тут паўстае пытаньне: у чым сэнс удзелу апазыцыі ў палітычнай кампаніі ва ўмовах лукашэнкаўскай дыктатуры? Гэта дэманстрацыя сваіх магчымасьцяў, сваёй моцы. І гэта дэманстрацыя пазыцыі ўлады, што яна мае слабыя месцы і што яна не такая моцная, як была раней”.

Прыхільнікі байкоту заклікаюць увечары 28 верасьня – у дзень галасаваньня – прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і запатрабаваць правядзеньня новых, дэмакратычных, выбараў.

На вуліцы заклікаюць і прадстаўнікі аб’яднанных дэмакратычных сілаў. Але яны вырашылі не далучацца да кампаніі байкоту. Яны аддаюць увагу найперш тым выбарчым участкам, дзе ёсьць моцныя каманды кандыдатаў у дэпутаты, якія здольныя даказаць факты фальсыфікацыі выбараў, запэўнівае сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька:

“Мы сканцэнтруемся на тым, што нас аб’ядноўвае. А гэта ацэнка выбарчай кампаніі – яна нелегітымная і несправядлівая. Па-другое, мы не гаворым пра дзень учорашні, пра мінулыя выбарчыя кампаніі, а мы прадстаўляем доказы фальсыфікацыі гэтай кампаніі зараз і цяпер.

Па-трэцяе, мы мабілізуем людзей, каб яны за свой голас змагаліся. А гэта значыць, што 28-га мы заклікаем людзей выйсьці на вуліцы. І чацьвёртае, у тых акругах, дзе няма дэмакратычных кандыдатаў, мы заклікаем праводзіць працу, каб там не было яўкі выбарцаў”.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўчора паведаміла: пачынаючы ад панядзелка, 15 верасьня, беларускія тэле- і радыёканалы паўторна пакажуць выступы кандыдатаў у дэпутаты. Яна прызнала, што гэта крок насустрач місіі назіральнікаў АБСЭ ў Беларусі. У сваёй прамежкавай справаздачы назіральнікі выказвалі неразуменьне сытуацыі -- у краіне амаль ня бачна прыкметаў такой важнай кампаніі як парлямэнцкія выбары.

А міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” выказала занепакоенасьць нізкай якасьцю асьвятленьня выбараў у Палату прадстаўнікоў у беларускіх мэдыях. І сапраўды, дэбатаў ці дыскусіяў на дзяржаўных тэлебачаньні і радыё на выбарчыя тэмы фактычна няма. Група зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ад АДС зьвярнулася з прапановай арганізаваць дэбаты на тры тэлеканалы. Адказу дагэтуль няма.

Акруговыя выбарчыя камісіі павінны дапамагаць прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты ў арганізацыі сустрэч з выбарцамі. Што з гэта атрымліваецца, распавядае кандыдатка ў дэпутаты па Ясенінскай выбарчай акрузе № 100 Валянціна Сьвяцкая:

“У мяне ўчора адбылася першая сустрэча з выбарцамі, якую ладзіла акруговая камісія. Я не магу назваць гэта сустрэчай з выбарцамі. Тым больш, што я ўсё роўна зьбіраюся пайсьці па акрузе з мэгафонам, не чакаючы пакуль мне дапаможа акруговая камісія.

Як мне падаецца, на сустрэчу акруговая камісія найперш запрасіла прадстаўнікоў участковых камісіяў. Таму што я калі ішла насутсрэчу, то глядзела на пад’езды на дамах. І толькі на адным пад’ездзе я ўбачыла аб’яву пра тое, што адбудзецца сустрэча з кандыдатамі ў дэпутаты”.

Старшыня ЦВК паведаміла, што ў выбарчай гонцы засталося 279 кандыдатаў Сярод іх 60 жанчын. Найболей прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ў Менску і Магілёўскай вобласьці, найменей — у Гарадзенскай. Сярод кандыдатаў найбольш прадпрымальнікаў, мэдыкаў і пэдагогаў. Чатыры дэпутаты Палаты прадстаўнікоў цяперашняга скліканьня — Сяргей Касьцян, Сяргей Камянецкі, Анатоль Красуцкі і Мікалай Чурсін — вырашылі спыніць удзел у выбарчай гонцы ўжо пасьля рэгістрацыі.

Лідзія Ярмошына таксама адзначыла:

“Калі казаць пра сярэдні партрэт кандыдата, дык сярод зарэгістраваных 89 грамадзянаў, альбо 31% -- чальцы палітычных партыяў. 63 зь іх з партыяў, якія называюць сябе апазыцыйнымі. І на першым месцы па прадстаўніцтву знаходзіцца АГП – 23 кандыдаты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG