Пра гэта паведаміла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” выказала занепакоенасьць нізкай якасьцю асьвятленьня выбараў у Палату прадстаўнікоў у беларускіх мэдыях. Ускосна сёньня гэта прызнала Лідзія Ярмошына:
“Прынятае беспрэцэдэнтнае палітычнае рашэньне (і вы чуеце пра яго першымі). Найперш таму, што гэта крок насустрач АБСЭ. Менавіта місія назіральнікаў выказвала жаданьне пра павялічэньне часу для перадвыбарных выступаў па тэлебачаньні і радыё. У зьвязку з тым, што застаўся нявыкарыстаны эфірны час, у нас кандыдатаў аказалася менш за заплянаваную колькасьць, прынятае сумеснае рашэньне ЦВК і Белтэлерадыёкампаніі. Тэле- і радыёканалы паўтораць выступы кандыдатаў у дэпутаты. Так, каб да пачатку датэрміновага галасаваньня запісы выступаў усіх кандыдатаў былі паўторна прадэманстраваны для выбарцаў”.
Кандыдатка ў дэпутаты па Ясенінскай выбарчай акрузе № 100, дарадца Рэгіянальнага грамадзкага фонду “За новую Беларусь” Валянціна Сьвяцкая не ацэньвае паўторны выступ як надзвычай важную падзею:
“Я лічу, што велізарная падзея была б, калі б нам далі наўпроставы эфір. Пра гэта сёньня казаў Анатоль Лябедзька. А я яшчэ раней за яго ўздымала гэтае пытаньне. Вось, калі б нас запрасілі ў той жа ток-шоў “Выбар”, што ідзе на канале АНТ. Пасадзілі б прадстаўнікоў ад апазыцыі, ад улады. І хай бы мы паспрачаліся. Хай бы людзі на нас паглядзелі, хай бы паслухалі нашу аргумэнтацыю”.
Старшыня ЦВК паведаміла, што ў выбарчай гонцы на сёньняшні дзень удзельнічаюць 279 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх 60 жанчын. Найболей прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ў Менску і Магілёўскай вобласьці, найменей — у Гарадзенскай. Сярод кандыдатаў найбольш прадпрымальнікаў, мэдыкаў і пэдагогаў.
Чатыры дэпутаты Палаты прадстаўнікоў цяперашняга скліканьня — Сяргей Касьцян, Сяргей Камянецкі, Анатоль Красуцкі і Мікалай Чурсін — ужо пасьля рэгістрацыі вырашылі спыніць удзел у гэтай выбарчай кампаніі.
Кандыдату Левінаву прапанавалі паўтарыць тэлевыступ
Незалежны кандыдат Андрэй Левінаў атрымаў адказ на сваю скаргу пра тое, што 5 верасьня падчас трансьляцыі ягонага выступу прапаў гук — якраз у тым месцы прамовы, дзе ён заклікаў не ісьці на датэрміновыя выбары.