Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Утопія Беларусь


Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Удзельнічае літаратуразнаўца Пятро Васючэнка. Эфір 4 верасьня 2008 году

«Утопія ёсьць літаратурным праектам, у якім запраграмаваная шчасьлівая будучыня чалавецтва або краіны. Гэты праект або спраўдзіцца, або ня спраўдзіцца. Беларусь як утопія ёсьць праектам шчасьлівай, незалежнай і вольнай Беларусі. Гэты праект спраўдзіўся не зусім так, як задумваўся».

Вячаслаў Ракіцкі: «Аднойчы, на пачатку 20-га стагодзьдзя, у цукерні «Зялёны Штраль» сабралася рэдакцыя «Нашай нівы». Прыйшлі ўсе — і рэдактар, і «парнасьнікі». Былі й паненкі — Буйлянка, Мядзёлка, Станкевічанка. Пытаньне вырашалася грандыёзнае: якой быць будучай Беларусі? Спрачаліся да пеўняў, выпілі вядро бенедыктыну, высмалілі скрынку папяросаў. За сіняватай смугой паўстаў вобраз Беларусі — заможнай, шчасьлівай, незалежнай, роўнай паміж суседзямі. Ластоўскі хацеў ахрысьціць краіну Крыўяй — абсьмяялі. Драздовіч намаляваў герб «Пагоня». Багдановіч склаў гімн. Купала прыдумаў форму кіраваньня — Вялікі Сход. Паненкі адстаялі правы жанчын. Дзяржаўнай мовай абвясьцілі яе, родную, і прыдумалі сваю валюту — талер. Межы новай краіны распасьціраліся ад мора да мора, як у часіны ВКЛ, і насялялі яе шчасьлівыя працавітыя блакітнавокія людзі. А вось Багдановіч пратэставаў супраць межаў. Яго таксама не паслухалі. Справа заставалася за адным: як яе пабудаваць, гэтую краіну-браначку? Усіх супакоіў Ластоўскі. «Як вырашым, так і будзе, — казаў летуценьнік і аўтар шалёных праектаў. — Наша газэта — гэта ген, зь якога ўся будучая краіна вырасьце, бы дразафіля зь лябараторыі Моргана-Мэндэля. Няўрымсьлівы Вацлаў усе навуковыя навіны ведаў. „Хай празаікі займаюцца эканомікай, — прамовіў нехта з „парнасьнікаў“. — Справа паэтаў сьніць сны аб Беларусі“.

Так пачалася ўтопія Беларусь. А што далей? Ці вырасла краіна-браначка з гэтага гену, пасеянага ў глебу гісторыі?»

Пятро Васючэнка: «Мы ведаем, што штосьці вырасла, але ў цэлым праект пацярпеў дэфармацыю. Не атрымалася краіна ад мора да мора. Замест гэтага быў час, калі Беларусь распасьціралася на 6 паветаў. „Далі шэсьць паветаў, дзякуй і за гэта“, — пісаў зьдзекліва Якуб Колас. Замест мовы ў часы беларусізацыі ўсталявалася нейкае чатырохмоўе, а пасьля — дзьвюхмоўе. Вялікі сход у выглядзе Ўсебеларускага кангрэсу таксама пацярпеў паразу. „Вашы кангрэсы раскідаюцца“, — казаў герой Купалы Мікіта Зносак. Беларусь захапілі хвалі акупацыі. Не атрымалася нацыянальная валюта. Талер, як сказаў бы пісьменьнік Андрэй Федарэнка, стаўся „шчарбатым“. Купала пісаў маршоўкі для неіснуючага беларускага войска. Іх выконвалі толькі слуцкія паўстанцы. Хаця ў цэлым Беларусь як субʼект палітыкі, як нейкае дзяржаўнае ўтварэньне ў той ці іншай форме ўсё ж атрымалася. У канцы 1910-х —пачатку 1920-х гадоў былі БНР, ЛітБел, БССР. Беларусь была аднавокай, аднабокай, але ўсё ж дзіця вырастала».

Ракіцкі: «З вашага гледзішча, нашаніўцы ўсё ж прыдумалі недасканалую ўтопію?»

Васючэнка: «Нашаніўцы прыдумалі тое, што маглі. Але яны былі рамантыкамі, літаратарамі. Яны спадзяваліся, што дапамогуць рэалісты, празаікі — тыя, хто творыць рэальнае жыцьцё. І ўсё ж нейкі штуршок для нараджэньня Беларусі быў. Не было б нашаніўцаў, не было б і вялікай беларускай мары, не было б Беларусі ў тым выглядзе, у якім яна існавала ў 1920-я гады — як суб'ект палітыкі, у 1940-я гады — як сябра ААН. А ў наш час не было б яе і ў тым выглядзе, у якім яна паўстае сёньня. Ролю матрыцы або гену, як казаў Вацлаў Ластоўскі, нашаніўства ў той час выконвала».

Ракіцкі: «Праекты новай Чэхіі, новай Нарвэгіі, прыкладам, таксама прыдумваліся рамантыкамі — гісторыкамі, літаратарамі, з тым, каб іх пазьней падтрымалі празаікі — палітыкі, эканамісты, бізнэсоўцы. У беларусаў чамусьці адбылося нешта не зусім тое, дык што ж маглі зьдзейсьніць рамантыкі ў тых варунках?»

Васючэнка: «Словы таксама ж матэрыялізуюцца. І літаратары маглі б сваімі творамі падтрымаць працэс, які адбываўся, шукаць гэтую самую новую Беларусь. Дзе шукаць? Якім чынам шукаць? Варта было б, на маю думку, стварыць некалькі новых праграмных твораў, у якіх паказвалася б шчасная будучыня Беларусі, у якіх Беларусь выглядала б як літаратурная ўтопія. А тое, што пісалі нашы рамантыкі ў той час, настройвала на пэсымістычны лад сваімі благімі фіналамі. Колас амаль што наблізіўся да той біблейскай, абетаванай, запаветнай „новай зямлі“. Ён так і назваў паэму. А чым яна скончылася? Сьмерцю Міхала. Купала бачыў Беларусь у смузе невядомасьці ў паэме „Безназоўнае“. Ён пакінуў яе разам са сваім героем Янкам Здольнікам і ў трагікамэдыі „Тутэйшыя“. Сышоў ці ў акопы, ці ў якую яшчэ іншую вёску. Сваю мінуўшчыну беларусы часьцей за ўсё бачылі смутнай, будучыню — няяснай».

Ракіцкі: «У аснове кожнай утопіі ляжыць ідэя „залатога веку“. Які беларускі „залаты век“ маглі пакласьці беларускія ўтапісты?»

Васючэнка: «А дзе яго яны маглі шукаць? Пагартайце беларускія гістарычныя драмы. Што пісалі драматургі? Што паказваюць на сцэне і сёньня? Нас падманвалі, нас абдурвалі, нас дзялілі... Каму ж захочацца мець такую нешчасьлівую гісторыю, захапляцца ёю, шукаць у ёй «залаты век»? А дзе навукова-фантастычныя творы, у якіх бы паказваўся «залаты век» у будучыні? Праўда, у літаратурным працэсе былі і некаторыя прасьветліны. Прыкладам, творы Караткевіча, у якіх беларуская гісторыя рамантызавалася, ці твор-маніфэст Уладзімера Арлова «Незалежнасьць — гэта...»

Ракіцкі: «Але ж літаратура здольная ня толькі прагназаваць, яна можа і мадэляваць жыцьцё сваёй краіны, як, зрэшты, і сваё ўласнае».

Такім чынам, той ліхі фатум, які перадаваўся лёсу краіны, перадаваўся і лёсам літаратараў

Васючэнка: «Пра гэта мы калісьці ў самых першых выпусках праграмы „Беларуская Атлянтыда“ размаўлялі і прыводзілі яскравыя прыклады таго, як літаратура можа і прагназаваць, і мадэляваць гісторыю. Гаварылі мы і пра тое, як літаратары маглі прадказаць і змадэляваць уласны лёс. На маю думку, Максім Багдановіч спрагназаваў, змадэляваў і ўласную хваробу, і ўласную сьмерць, столькі пішучы пра гэта. Купала сваёй ідэяй палёту і падзеньня („І сонца, і сокал, і я“) таксама як бы запраграмаваў свой уласны ікарыйскі лёс — палёт і падзеньне паміж пралётамі лесьвіцы. Ластоўскі, з майго гледзішча, стварыўшы ідэю лябірынтаў, сам у іх заблукаў і зьнік невядома дзе і невядома як. Можа, і цяпер дзесьці ў іх блукае... Такім чынам, той ліхі фатум, які перадаваўся лёсу краіны, перадаваўся і лёсам літаратараў».

Ракіцкі: «Я яшчэ дадаў бы і лёс Андрэя Мрыя, які быў забіты ўласным пэрсанажам. Але з усяго гэтага вынікае, як мне падаецца, даволі простая выснова. Калі мастацтва здатнае мадэляваць нешчасьлівыя лёсы, дык шчасьлівыя, напэўна ж, пагатоў. У тым ліку, і лёс уласнай дзяржавы.»

Такім чынам, сапраўдная ўтопія — гэта тая, якая ператвараецца ў існасьць, у якой няма нэгатыву

Васючэнка: «Калі хтосьці не зусім задаволены, так бы мовіць, статусам Беларусі, ступеньню незалежнасьці яе, дык чаму не пабудаваць уласную віртуальную Беларусь хоць бы ў літаратурным творы?! Калісьці Зьмітрок Бядуля падаў вобраз кулака, які жыве на сваім хутары, і для яго ягоны хутар — ягоная Беларусь. Варта, напэўна, стварыць і ў літаратуры той ідэальны хутар, на якім можна было б прымацаваць шыльду „Беларусь“, абставіць сымболікай, якая падабаецца аўтару. Інакш кажучы, перастварыць Беларусь-утопію. На маё глыбокае перакананьне, літаратура 21-га стагодзьдзя — гэта час утопіяў, тады, як у мінулым стагодзьдзі тварыліся антыўтопіі з благімі фіналамі, у якіх нас зноў і зноў зьнішчаюць, падманваюць і гэтак далей. У свой час Вацлаў Ластоўскі, хаваючыся пад псэўданімам Юрка Верашчака, казаў: тварыце пазытыў, стварайце станоўчы вобраз беларуса. Мы ж прыгожыя, мы ж маем выдатную, багатую прыроду, а тут нейкі паэт заводзіць: „Невясёлая старонка наша Беларусь, людзі — Янка і Сымонка, птушкі — дрозд ды гусь“. Такім чынам, сапраўдная ўтопія — гэта тая, якая ператвараецца ў існасьць, у якой няма нэгатыву».

Ракіцкі: «А давайце правядзем паралель са Злучанымі Штатамі. Творцамі прыдумана цікавая ўтопія „амэрыканскай мары“. Гэтай утопіі паверылі людзі, і гэтая ўтопія матэрыялізавалася».

Васючэнка: «На ўтопію „амэрыканская мара“ працавалі ня толькі бізнэсоўцы, эканамісты, прагназісты. На яе працавала „фабрыка мрояў“ — Галівуд, якая таксама стварала пазытыўны вобраз амэрыканскай мары. Што да беларускай мары, дык мне бачыцца яе працяг ня толькі ў творах на гістарычную тэму ці ў навуковай фантастыцы, але і ў рэчах масавай культуры, у якіх героі аб'яднаныя ідэяй дому — утульнага дому-замка, сядзібы, жытла, якое так любяць беларусы. І гэтыя творы таксама насяляюць загадкавыя жанчыны і мужчыны-рыцары. Зноў жа, маскультавы пазытыў».

Ракіцкі: «Гэтай пазытыўнай мары, гэтай беларускай утопіі можа паверыць беларускі народ? Ці абапіраецца яна на нейкія глыбінныя псыхалягічныя плашчыны народнага жыцьця, народнай псыхалёгі, мэнтальнасьці беларусаў?»

Ідэя дому жыве ў беларускай мэнтальнасьці

Васючэнка: «Ідэя дому жыве ў беларускай мэнтальнасьці. Прыгадаем выказваньне Францішка Скарыны пра любоў да радзімы: птушкі, зьвяры, рыбы любяць свае норы, а чалавек да месцаў, дзе нарадзіўся, дзе Бог даў яму жыцьцё, вялікую ласку мае. Упершыню Скарына адлюстраваў вось гэтае адвечнае імкненьне беларусаў атаясамліваць дом са сваёй радзімай».

Ракіцкі: «Ці былі, ці ёсьць спробы беларускіх палітыкаў, дзяржаўных дзеячаў гэтую беларускую мару рэалізаваць?»

Васючэнка: "Перадусім гэта справа літаратараў, якія павінны, як і тады, у часы нашаніўства, даць штуршок сваімі творамі«.​

Ракіцкі: «А далей?»

Васючэнка: "А далей усё адбываецца паводле гэтага самага сцэнару. Далей зьяўляюцца празаікі,. якія пачынаюць сьвядома ці падсьвядома гэту мару ажыцьцяўляць".

Ракіцкі: «А давайце зараз уявім сабе, што ў гэты самы момант дзе-небудзь на Лысай гары ці проста на нейкім гарышчы група літаратараў, якіх вы лічыце рухавіком беларускай мары, абмяркоўвае лёс новай Беларусі, Беларусі 21-га стагодзьдзя, як гэта ў свой час рабілі нашаніўцы ў цукерні «Зялёны Штраль». Якую ўтопію яны сёньня могуць прыдумваць?«​

Васючэнка: «Дык мы ж з вамі ведаем, што ніякай гаворкі ў цукерні „Зялёны Штраль“ не было. Гэта — фікцыя. Хаця штосьці магло і быць. Але самае галоўнае, што кожны з нашаніўцаў рабіў сваю справу, ведаў вялікую мэту, рабіў, як мог, хаця ня думаў пра тое, што ствараць будучыню Беларусі трэба праз пазытыў, а не праз нэгатыў. І, мяркую, што новая генэрацыя беларускіх літаратараў гэтую памылку ўлічыць і створыць той вобраз Беларусі, які мы чакаем. І што ў іх атрымаецца лепш,чым атрымалася тады, сто гадоў таму».

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG