Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў -- новая “Атлянтыда”


У чацьвер 4 верасьня на хвалях Радыё Свабода адбудзецца прэм’ера новага цыклю “Беларускай Атлянтыды”. Аўтар і вядучы праграмы Вячаслаў Ракіцкі расказвае.


У гэтым цыкле я запрашаю беларускіх інтэлектуалаў да размовы пра беларускую міталёгію нашага часу.

У 21-е стагодзьдзе, у новую гістарычную рэалію сувэрэннай краіны, беларусы ўвайшлі з ношай усьведамленьняў стагодзьдзя мінулага, гістарычнай рэаліі калянізаванай і камуністычнай Беларусі. Многія паняцьці, ідэі набылі характар міталягемаў і ідэалягемаў. Яны надоўга замацаваліся ў сьвядомасьці людзей, вызначалі і вызначаюць іх сьветабачаньне, псыхалёгію, дзеяньні як прыватнага, так і грамадзкага, нават палітычнага характару.

Калі, зь якіх гістарычных рэаліяў нараджаліся міты? Як яны функцыянавалі і выкарыстоўваліся працяглы час? Станоўча ці адмоўна ўплывалі на хаду гісторыі нацыі? Пры якіх умовах яны могуць загінуць, і хто можа стаць іх магільшчыкамі? А ў захаваньні якіх мітаў усё ж існуе гістарычная мэтазгоднасьць?

Правінцыя, Тутэйшыя, Народ, Крыўе, Балты, Зямля, Душа, Партызан, Каліноўскі, КДБ, БССР, Сталін, Вільня, Буржуй, Запаведнік -- такія міталягемы і ідэалягемы першымі патрапілі ў сьпіс беларускай міталёгіі 20 і 21 стагодзьдзяў.
Вось толькі адзін прыклад – Вільня. Яна -- рэальны горад, з багатай беларускай гісторыяй, колішняя культурная сталіца беларусаў. Сёньня – гэта сталіца Літвы, краіны Эўрапейскага Зьвязу. Але ў сьвядомасьці беларусаў Вільня працягвае жыць як прыгожы міт. Чаму? Якія імпульсы культурнаму жыцьцю дае міт пра Вільню? А мо ён замінае разьвіцьцю сёньняшняй беларускай сталіцы – Менску?

Правінцыя, Тутэйшыя, Народ, Крыўе, Балты, Зямля, Душа, Партызан, Каліноўскі, КДБ, БССР, Сталін, Вільня, Буржуй, Запаведнік -- такія міталягемы і ідэалягемы першымі патрапілі ў наш сьпіс беларускай міталёгіі 20 і 21 стагодзьдзяў.

У новым цыкле “Беларускай Атлянтыды” вы пачуецеся з многімі сталымі ўдзельнікамі праграмы – філёзафамі Валянцінам Акудовічам і Тацянай Процькай, гісторыкамі Захарам Шыбекам і Алегам Трусавым, мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. Пасьля амаль двухгадовага перапынку да ўдзелу ў перадачы вяртаюцца этнакультуроляг Тацяна Валодзіна і філёзаф Алесь Анціпенка. Будуць і новыя госьці праграмы. Ужо ў верасьні вас чакае сустрэча з этнакультуролягам Аляксеем Дзермантам. Спадзяюся на супрацоўніцтва і зь іншымі знанымі беларускамі інтэлектуаламі.

А пачынаем мы размову пра жыцьцё і сьмерць мітаў зь літаратуразнаўцам Пятром Васючэнкам перадачай “Утопія Беларусь”.


  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG