ЦІ ПРЫЗНАЮЦЬ КРАІНЫ-СЯБРЫ АДКБ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ ПАЎДНЁВАЙ АСЭТЫІ І АБХАЗІІ. ДЫСКУСІЯ НА СВАБОДЗЕ
Сёньня ў Маскве прайшло паседжаньне кіроўнага органу Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы з удзелам прэзыдэнтаў Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізіі, Расеі, Таджыкістану і Ўзбэкістану. Чаканага рашэньня наконт падтрымкі незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на саміце ўхвалена не было.
Тэма ўзброенага канфлікту на Каўказе абмяркоўвалася лідэрамі краін АДКБ. Яны ўхвалілі адмысловую рэзалюцыю, у якой выказалі “занепакоенасьць грузінскай спробай сілавога вырашэньня канфлікту ў Паўднёвай Асэтыі, якая прывяла да шматлікіх ахвяраў сярод мірнага насельніцтва і міратворцаў”.
Кіраўнікі краін арганізацыі фактычна паўтарылі ўчорашнюю заяву сваіх міністраў замежных спраў і заклікалі дзяржавы сьвету “ўзважана і аб’ектыўна, без падвойных стандартаў падыйсьці да ацэнкі сытуацыі і не прадпрымаць дзеяньняў, якія здольныя справакаваць яе далейшае абвастрэньне”. Яны віталі прынцыпы ўрэгуляваньня сытуацыі на Каўказе, выпрацаваныя прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі, і выказаліся “за мір і бясьпеку, вяршэнства міжнароднага права”.
Тэма прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў заяве агучаная не была. Па выніках саміту прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў выказаў падтрымку намеру краін-сябраў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы самастойна вызначыцца ў гэтым пытаньні, кіруючыся сваімі нацыянальнымі інтарэсамі.
Д. Мядзьведзеў сказаў, што гэта адпавядае агульным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Пры гэтым ён адзначыў, што арганізацыя будзе гарантам тэрытарыяльнай цэласнасьці краін-сябраў і неўмяшаньня ў іхнія справы.
Такое рашэньне кіраўнікоў краінаў АДКБ чакалася, перакананы менскі палітоляг Аляксей Кароль. На яго думку, краіны-сябры арганізацыі выявілі слушную асьцярожнасьць:
“АДКБ зьяўляецца дастаткова рыхлай структурай, яна раней не вызначалася ўзгодненымі дзеяньнямі, і рашэньне Расеі па вайсковай апэрацыі ў Грузіі было прынятае без узгадненьня. А па-другое, сама ваенная апэрацыя і ініцыятыва аб выхадзе Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі са складу Грузіі насьцярожыла ўсе былыя краіны СНД, выявіла імкненьне Расеі аднавіць сваю гегемонію на постсавецкай прасторы. Амаль што ў кожнай зь дзяржаў АДКБ ёсьць свае праблемы з сэпаратысцкімі праявамі”.
На думку Аляксея Караля, ціск Расеі на Беларусь з мэтай прымусіць прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі будзе працягвацца, і афіцыйны Менск будзе і далей весьці палітычны торг у гэтым пытаньні.
Сапраўднае выйсьце для беларускага кіраўніцтва, якое цяпер хацела б скарыстаць і магчымасьці паляпшэньня адносін з Захадам, — вярнуцца да канстытуцыйнага прынцыпу нэўтралітэту Беларусі, перакананы Аляксей Кароль.
Тым часам старшыня Дзярждумы Расеі Барыс Грызлоў заявіў, што пытаньне прызнаньня Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі будзе абмяркоўвацца ў рамках Парлямэнцкага сходу так званага Саюзу Беларусі і Расеі.
***
Гісторыя АДКБ пачалася 15 траўня 1992 году, калі Арменія, Казастан, Кіргізія, Расея й Таджыкістан падпісалі ў Ташкенце дамову пра калектыўную бясьпеку. Беларусь далучылася да гэтай дамовы толькі праз паўтара году — 31 сьнежня 1993-га. Зусім нядаўна, у 2006-ым, далучыўся і Ўзбэкістан. Арганізацыя дэкляруе мэты ўмацаваньня міру, міжнароднай ды рэгіянальнай бясьпекі й стабільнасьці, калектыўную абарону незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці й сувэрэнітэту дзяржаў-удзельніц, зь перавагай палітычных сродкаў. 2002 годзе быў прыняты статут АДКБ, паводле якога дзяржавы-ўдзельніцы абавязаліся ўзгадняць і каардынаваць свае зьнешнепалітычныя пазыцыі па міжнародных і рэгіянальных пытаньнях бясьпекі.
МЗС пакінуў заявы Барадзіна без камэнтароў
У беларускім Міністэрстве замежных справаў не камэнтуюць заяву дзяржсакратара саюза Беларусі і Расеі Паўла Барадзіна пра тое, што Абхазія і Паўднёвая Асэтыя павінны ўвайсьці ў склад саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.
Хто акрамя Нікарагуа прызнае Абхазію і Паўднёвую Асэтыю?
Шанцы прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі гэтай арганізацыяй ацэньвае аглядальнік нашага радыё Ян Максімюк:
Калі глядзець на арганізацыю ў цэлым, дык шанцы невялікія, амаль нулявыя. У арганізацыю ўваходзіць Армэнія, прэзыдэнт якой ужо заявіў, што Армэнія не прызнае незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, пакуль ня будзе прызнана незалежнасьць Нагорнага Карабаху, армянскага анкляву ў Азэрбайджане.