Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Сямдзянава: “Акруговыя камісіі працуюць непрафэсійна”


Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія пачала разглядаць скаргі незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. З рэгіёнаў Беларусі, акрамя Менску, у камісію зьвярнуліся 29 прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Скаргі некаторых зь іх, у тым ліку і з адзінага сьпісу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, Цэнтравыбаркам задаволіў.


Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак прысутнічаў як назіральнік на сёньняшнім паседжаньні. Ён адзначае: рэгістрацыя некаторых кандыдатаў — вынік пэўнай лібэралізацыі з боку ЦВК:

“У мяне склалася ўражаньне, што акруговыя камісіі не пасьпяваюць за Цэнтральнай. Яны працуюць гэтаксама, як і на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах. А Цэнтральная, відавочна, стала больш ляяльнай. Да тых рэчаў, на падставе якіх сёньня адмяняліся рашэньні некаторых акруговых камісіяў, у ЦВК падыход раней быў больш жорсткім”.

Акруговыя выбарчыя камісіі ва ўсіх месцах груба парушаюць закон. Калі б яны прафэсійна працавалі, дык шмат якіх скаргаў проста б не было
Галіна Сямдзянава
— сябра ЦВК з правам дарадчага голасу ад Партыі БНФ. Пасьля сёньняшняга паседжаньня яна вельмі шкадавала, што партыйным вылучэнцам заканадаўства не дазваляе правяраць працу акруговых камісіяў:

“Акруговыя выбарчыя камісіі ва ўсіх месцах груба парушаюць закон. Калі б яны прафэсійна працавалі, дык шмат якіх скаргаў проста б не было. Я бачу, што асноўная маса сябраў камісіяў ня ведаюць сваіх правоў. Іх збольшага ведаюць толькі кіраўнікі. І таму астатнія сябры камісіяў ня могуць уплываць на ход разбору.

І другое — акруговыя камісіі не паказваюць і ня пішуць у сваіх адмовах незарэгістраваным кандыдатам, зь якой канкрэтна прычыны подпісы лічацца несапраўднымі. Ці гэта таму, што дата ня ўласнай рукою прастаўленая, ці таму, што подпіс недакладна завераны, ці яшчэ чамусьці? Калі б чалавек атрымаў дакладную прычыну адмовы, дык ён бы падрыхтаваўся да паседжаньня. Але шмат хто толькі тут, у ЦВК, даведваўся пра парушэньні, зробленыя з боку акруговай камісіі”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына адзначае добрую атмасфэру, якая, на яе думку, сёньня прысутнічала ў залі:

“Добры кантакт, найперш з прадстаўнікамі палітычных партыяў. Што тычыцца саміх адмоваў, дык дзесьці ёсьць хібы ў працы акруговых выбарчых камісіяў. Прыкладам, у Берасьцейскай вобласьці мы не адмянілі ніводнага рашэньня, у Віцебскай — толькі адно А вось у Гомельскай вобласьці, дзе дадаліся тры кандыдаты ў дэпутаты, дакумэнты выявіліся горшай якасьці”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG