Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мядзьведзеў на Каўказе “наламаў дроў”...


Агляд тэлефанаваньняў за 29 жніўня, пятніцу.


Сёньня ўсе тэлефанаваньні прысьвечаныя падзеям вакол Грузіі, а менавіта прызнаньню Масквой дзяржаўнай незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Аляксандар Лукашэнка ў лісьце Дзьмітрыю Мядзьведзеву падтрымаў дзеяньні Расеі, але сам незалежнасьць сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі пакуль не прызнаў. Ён прапанаваў разгледзець гэта пытаньне на сустрэчы кіраўнікоў краінаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

Раней амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў: “Гэта сувэрэннае права Беларусі — прызнаваць ці не прызнаваць незалежнасьць, але мы разьлічваем на Беларусь як на аднаго з самых блізкіх хаўрусьнікаў”.

Спадарыня: “Спадару Сурыкаву. Не лічыце сябе намесьнікам Бога на Беларусі. Ён не даваў такіх паўнамоцтваў. Аддзяліць мух ад катлетаў мы і самі зможам”.

Тацьцяна Барэль, Асіповічы: “Тое, што Расея перакройвае пасьляваенныя межы іншых краін, папярэдне заліўшы крывёй Чачню, — зьдзейсьнены факт. Ня выключана, што пасьля нашай падтрымкі незалежнасьці Абхазіі і Асэтыі нам хутка прыйдзецца прызнаваць незалежнасьць расейскай аўтаноміі ў нашай краіне ці ўсёй краінай замест Беларусі стаць Расеяй. У нас жа ўжо не засталося ні сваёй мовы, ні культуры, ні эканомікі”.

Спадар: “Усім жыхарам Беларусі трэба ўжо зразумець, што за ўсё ў гэтым жыцьці трэба плаціць. Але самая большая плата — гэта плата за незалежнасьць, нават за кошт зьніжэньня ўзроўню дабрабыту грамадзянаў”.

Слухачы “Свабоды” разважаюць пра сытуацыю вакол Грузіі. Расея прызнала незалежнасьць двух рэгіёнаў гэтай краіны — Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Акрамя гэтай падзеі, слухачы абмяркоўваюць, якія наступствы можа мець для Беларусі расейска-грузінскі канфлікт.

Спадар Міхась: “Сёньня вызначальны час нашага далейшага жыцьця. Ніхто за нас гэтага ня зробіць. Як выявілася сёньня, гэты курс быў памылковы. І танныя расейскія энэрганосьбіты прывялі нас да таго, што мы павінны на многа стагодзьдзяў зноў на сябе надзець расейскае ярмо”.

Спадар: “Хачу выкарыстаць магчымасьці вашага радыё і выказаць сваё меркаваньне адносна таго, што адбываецца цяпер на Каўказе. Напэўна, усім, і рускім, і беларусам зразумела, што новы прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў “наламаў дроў” і наламаў іх вельмі шмат. Хачу прапанаваць, на мой погляд, дастаткова прывабны выхад з той сытуацыі. Ён, напэўна, задаволіць усіх: і асэтынаў, і Маскву, і Эўропу, і Злучаныя Штаты. За кошт тых грошай, якія Ўладзімер Уладзімеравіч Пуцін паабяцаў выдаткаваць на аднаўленьне гораду Цхінвалі, правесьці рэфэрэндум у Паўночнай Асэтыі пра аб'яднаньне з Паўднёвай Асэтыяй. Я думаю, што вынік будзе станоўчы. Пасьля гэтага Паўночная Асэтыя павінна выйсьці са складу Расеі, аб'яднацца з Паўднёвай Асэтыяй і стаць адзінай незалежнай дзяржавай”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG