Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка: "Зарана бачыць партнэра ў беларускім рэжыме”


Намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што казаць пра зьмякчэньне санкцый Эўразьвязу супроць беларускага рэжыму заўчасна.

“Трэба ўзгадаць пра славуты пакрокавы прынцып. Лукашэнка налавіў палітычных вязьняў, каб выпусьціўшы іх, можна было ўступіць у сытуацыю гандлю. Няма ніякай гарантыі, што ён не наловіць наступных, таму што захоўваюцца ўсе артыкулы крымінальнага кодэксу, якія дазваляюць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за палітычную дзейнасьць.

Захоўваюцца ўсе падыходы ўладаў да выбарчай кампаніі як да фарсу. Нямала людзей падчас выбарчай кампаніі пацярпелі, як той жа Аляксандр Мех, страціўшы працу. Перакананы, што вызваленьне палітвязьняў з так званага міжнароднага сьпісу мусіць служыць падставай для размовы, прычым жорсткай размовы, якая грунтуецца на каштоўнасьцях і прынцыпах. Пра вызваленьні наступных вязьняў, якіх кінулі ў турмы паводле палітычных прычын, альбо пакараных іншым чынам. Як Антон Кішкурна ці 14, якіх засудзілі пасьля мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў.

Размова пра рэальную дэмакратызацыю выбарчага працэсу. Пра вызваленьне мэдыйнай прасторы. І гэтак далей. А сьпяваць оды з тае прычыны, што Лукашэнка, захапіўшы закладнікаў, цяпер іх адпусьціў, і лічыць яго паўнавартасным партнэрам – на маю думку гэта памылка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG