Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Візыт Дэйвіда Мэркеля – моцны крок з боку ЗША”


Сёньня памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Дэйвід Мэркель, які знаходзіцца з рабочым візытам у Менску, сустрэнецца з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. Візыт адбываецца ў адказ на вызваленьне палітвязьняў у Беларусі.

Чакаецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін і Віктар Карняенка.

Напярэдадні Дэйвід Мэркель сустрэўся зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Як паведамілі ў беларускім МЗС, бакі абмеркавалі ўвесь спэктар беларуска-амэрыканскіх стасункаў, а таксама шляхі і крокі іх паляпшэньня. Ніякіх іншых падрабязнасьцяў пакуль не падаецца.

Чаго ж чакае афіцыйны Менск за вызваленьне палітвязьняў? Дэпутат Палаты прадстаўнікоў шэрагу скліканьняў Анатоль Красуцкі сказаў, што найперш трэба зьняць эканамічныя санкцыі, у тым ліку адносна канцэрну “Белнафтахім”:

“Ня думаю, што можа быць пацяпленьне бліжэйшым часам. Важна не атрымаць нейкія новыя абвастрэньні ў рамках мінулага канфлікту Расеі і Грузіі, пазыцыі нашай краіны ў падтрымку дзеяньняў Расеі. Дай Бог, захаваць хаця б тое, што ў нас ёсьць. Я думаю, палітычны чыньнік другасны, цяпер на першы плян выходзяць пытаньні эканамічнага пляну”.

Вызваленьне палітвязьняў было найпершым у пераліку патрабаваньняў дэмакратычнай апазыцыі, Эўразьвязу і ЗША. Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што невызваленьне палітвязьняў было адной з прычынаў рэзкага пагаршэньня беларуска-амэрыканскіх стасункаў:

“Тое, што вызваленыя Казулін, Кім, Парсюкевіч, відавочна, служыць падставай для аднаўленьня самой размовы Вашынгтону з афіцыйным Менскам. Разам з тым вызваленьне трох палітычных вязьняў яшчэ не азначае, прыкладам, што ў Беларусі ўсталявалася палітычная дэмакратыя і нібыта адбываюцца дэмакратычныя выбары. Нічога падобнага! Пакуль што дэмакратычнымі выбарамі ані патыхае”.

Прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі адзначаюць, што артыкулы крымінальнага кодэксу, паводле якіх можна асудзіць чалавека за палітычную дзейнасьць дагэтуль не адмененыя, застаецца непрымальнай сытуацыя з палітычнымі партыямі і незалежнымі мэдыямі.

Паводле старшыні Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, удзельнікі сустрэчы з Дэйвідам Мэркелям выкажуць свой погляд на сытуацыю ў Беларусі:

“Ужо тое, што прыехаў прадстаўнік дзяржсакратара – гэта моцны крок з боку ЗША. Бо наогул былі згорнутыя ўсе дыпляматычныя стасункі зь Беларусьсю з боку ЗША, і толькі невялічкая амбасада вяла вельмі сьціплую працу. Вызваленьне палітвязьняў – гэта вельмі добры крок, які зрабіла ўлада. Але ён недастатковы для таго, каб сувязі з ЗША і Эўразьвязам былі ўсталяваны ў поўнамаштабным аб’ёме”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG