Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д. Мэркель будзе гаварыць з уладамі і апазыцыяй


Дэйвід Мэркель
Дэйвід Мэркель

На другі дзень пасьля вызваленьня палітвязьняў у Менск з рабочым візытам прыбыў памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркель.

Паводле амбасады ЗША, сёньня ў другой палове дня, а таксама заўтра, 22 жніўня, спадар Мэркель правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду і дэмакратычнай апазыцыі.

У беларускім Міністэрстве замежных справаў адзначылі, што гэта “рабочы візыт для абмеркаваньня двухбаковых беларуска-амэрыканскіх стасункаў”. А яго праграма пакуль “у рабоце”.

Ніякіх іншых падрабязнасьцяў у амбасадзе і міністэрстве не падаюць.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што сустрэча з Дэвідам Мэркелем плянуецца заўтра а 12 гадзіне. У ёй возьмуць удзел таксама Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка і Аляксандар Казулін.

“Гэта трэба выкарыстаць, каб выкласьці сваю пазыцыю, сваё бачаньне сытуацыі і зразумець, якая можа быць стратэгія Захаду адносна Беларусі. Ці мажліва тут эўраатлянтычная стратэгія? Ці яна ўсё ж будзе мець нейкія адценьні? Вынік можа быць толькі тады, калі Вашынгтон і Брусэль будуць дзейнічаць аднолькава. І гэта паказала сытуацыя з палітычнымі вязьнямі. Абсалютна аднолькавая пазыцыя, адны і тыя ж словы, рыторыка, дзеяньні. Так што гэта спрацавала”.

Напярэдадні Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што вызваленьне палітвязьняў у спалучэньні зь іншымі новымі пазытыўнымі крокамі афіцыйнага Менску стварае рэальную магчымасьць значнага паляпшэньня стасункаў паміж ЗША і Беларусьсю.

Адзін зь лідэраў аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч, які цяпер знаходзіцца па-за межамі Беларусі, заявіў:

“Гэта вельмі разумнае рашэньне ўлады, хаця ёй, безумоўна, нялёгка было пайсьці на гэта. Гэта, фактычна, прызнаньне таго, што ў нас ёсьць палітвязьні. І вельмі важна, каб быў мараторый на магчымых новых.

У тым, што вызваленыя палітычныя вязьні, вялікая заслуга таго, што рабілася ўнутры краіны: пратэсты, праца праваабаронцаў, мэдыяў і гэтак далей. Але значная роля ёсьць Эўразьвязу і ЗША.

Я за тое, каб пасьля кожнага такога кроку, які відавочны для ўсіх нас, адразу рабіць штосьці, каб паказаць, што гэта правільны шлях. Не чакаць на 12 умоваў, бо так мы можам прайграць краіну. Сёньня самае галоўнае — захаваць эканамічную незалежнасьць”.

Спадар Мілінкевіч спадзяецца, што ЗША прапануюць у адказ пэўныя крокі дзеля паляпшэньня стасункаў. Ён лічыць, што найперш трэба вярнуць амбасадара ЗША ў Беларусь і амбасадара Беларусі — у ЗША.

Паводле Анатоля Лябедзькі, пакуль у Беларусі нічога істотнага не адбылося.

“Пакуль нічога істотнага ў Беларусі не адбылося, што можа быць сьведчаньнем таго, што вызначылася тэндэнцыя на перамены. Мы, як мінімум, топчамся на месцы. Адпусьцілі палітвязьняў, але ж не ліквідавалі сыстэму, якая заўтра можа выдаць 50 палітвязьняў”.

Спадар Лябедзька заявіў, што асноўная праблема, на якой ён хоча засяродзіць увагу падчас сустрэчы з прадстаўніком дзярждэпартамэнту ЗША, — выбарчая кампанія ў Беларусі.

“Ужо сёньня мы заяўляем, што вынікі ня могуць быць прызнаны легітымнымі і справядлівымі. Мы адхілены ад аднаго з асноўных этапаў выбарчай кампаніі — кантролю над падлікам галасоў. Гэта для нас азначае толькі адно: прызначаныя дэпутаты і фальшаваньне выбараў. Ці можна тут нешта зрабіць агульнымі намаганьнямі, каб зьмяніць гэту сытуацыю? Пэўна, нейкія прапановы могуць быць. Але ці пойдуць на іх улады?”

Паводле Анатоля Лябедзькі, спадар Мэркель мяркуе сустрэцца зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым і галоўнай перамоўшчыцай з Захадам, намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG