Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Ляўковіч: “Мы будзем разам з Казуліным”


Напярэдадні “Свабода” паведамляла пра тое, як Казулін адрэагаваў на сваё зьняцьцё з пасады старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Выступаючы 20 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі, Аляксандар Казулін сярод іншага заявіў:

“Дзеяньні Ляўковіча — здрадніцкія. Але я не засмучаюся, бо неаднакроць з гэтым сутыкаўся. Успрымаю маё зьняцьцё з пасады старшыні партыі як знак лёсу пра тое, што разьвітваюся зь мінулым. Я пазбавіўся ўсіх праблем, што былі там. Я сёньня ніхто, і, па шчырасці, гэта вельмі прыемна, бо адчуваю, што перада мной адкрываюцца ўсе шляхі”.

Вось што адказаў на гэта па просьбе Свабоды дзейны старшыня БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч:

“Прагучала слова “здрадніцтва”. Мяркую, што мы з Аляксандрам Казуліным паразмаўляем на гэтую тэму. Гэта праблема гермэнэўтыкі, інтэрпрэтацыі слова “здрадніцтва”. Я ў апазыцыі амаль чвэрць стагодзьдзя. І я адзін з заснавальнікаў гэтай партыі.

Я заўжды казаў, што сацыял-дэмакратыя не павінна атаясамляцца з прынцыпамі антрапаморфнасьці, гэта значыць, што сацыял-дэмакратыя — партыя Шушкевіча, партыя Статкевіча, партыя Казуліна... Вось калі скажуць “партыя Ляўковіча”, то я адразу пакіну такую партыю. Партыя павінна быць беларуская. І, мяркую, Аляксандар Уладзіслававіч гэта разумее. Вось такую партыю мы і будзем ствараць. Калі казаць пра партыю і нашы адносіны, ён будзе з партыяй. Зь беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй”.

Даведка “Свабоды”:

3 жніўня ў Менску прайшоў пазачарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На ім павінны былі зацьвердзіць патэнцыйных кандыдатаў ад партыі для ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах. Аднак зьезд ператварыўся з тэхнічнага ў поўнафарматны.

Было пераабрана партыйнае кіраўніцтва. Новым старшынём партыі стаў Анатоль Ляўковіч, які дагэтуль быў выканаўцам абавязкаў старшыні. За яго кандыдатуру прагаласавалі 53 дэлегаты, супраць — 22. Аляксандар Казулін абраны ганаровым старшынём партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG