Фотагалерэя - Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Казуліна
Уступнае слова А.Казуліна
А.Казулін распавядае, як яго вызвалялі
А.Казулін пра палітычных вязьняў
А.Казулін: “Калі са мной нешта здарыцца, то гэта будзе на сумленьні ўладаў”
А.Казулін можа заклікаць да байкоту
А.Казулін пакідае за сабой права заклікаць да байкоту парлямэнцкіх выбараў і заклікаў ЭЗ і ЗША зрабіць падарунак ЦВК - празрыстыя ўрны.
Аляксандар Казулін лічыць, што байкатаваць выбары трэба будзе, калі ўлады прадэманструюць негатоўнасьць правесьці выбары дэмакратычна.
"Байкот выбараў адразу - гэта ўтопія, гэта на руку ўлады. Усё нашае грамадзтва павінна вітаць заяўленую ўладамі дэмакратызацыю выбарчага працэсу. Калі ж Лукашэнка не стрымае абавязальніцтваў, наўрад ці варта гуляць па сцэнары ўлады", - заявіў А.Казулін.
“У КДБ створаная адмысловая група, якая сочыць за маёй сям’ёй”
А. Казулін паведаміў, што за ім увесь час езьдзяць тры машыны. Ён лічыць, што гэта супрацоўнікі спэцслужбаў. Палітык атрымаў інфармацыю, нібыта ў КДБ і ў службе бясьпекі Лукашэнкі працуе група з 10—15 чалавек, якія сочаць менавіта за яго сям’ёй.
А.Казулін заявіў, што ён здаровы і ня мае схільнасьці да інфарктаў і інсультаў. “Калі са мной нешта здарыцца, то гэта будзе на сумленьні ўладаў”, — падкрэсьліў былы палітвязень.
На свабоду праз турэмную кавярню
А.Казулін заявіў, што яго вызваленьне стала поўнай нечаканасьцю для яго самога. Ён апавёў, што на зборы яму далі літаральна 8—10 хвілін, хоць звычайна асуджаныя афармляюць так званы абходны ліст па 5—6 гадзін. Палітык паведаміў, што напачатку яму на зборы далі паўгадзіны, а пасьля прыйшлі і сказалі, што часу няма, трэба ісьці.
За межы турэмнай зоны А.Казуліна вывелі праз турэмную кавярню. І толькі там у яго адбылася размова з намесьнікам кіраўніка дэпартаменту па выкананьні пакараньняў. Чыноўнік паведаміў Казуліну, што ён вызвалены згодна з указам Лукашэнкі. Сам Казулін пад указам не расьпісваўся і яго ня бачыў. Паводле былога палітвязьня, загад прыйшоў нібыта факсам.
Казулін “нарадзіўся наноў” і “пачынае з нуля”
А.Казулін заявіў, што “пачынае з нуля”. “Зьняцьцё з пасады старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) я ўспрыняў як знак лёсу. Я разьвітваюся зь мінулым, я сёньня ніхто, і гэта вельмі прыемна”, — заявіў ён і дадаў: “Я нарадзіўся наноў”.
“Улада чакае, што Казулін пачне вайну ў апазыцыі. Улада гэтага прагне. Мне не патрэбныя пасады. Я буду рабіць усё, каб у апазыцыі спыніўся скандал”, — паабяцаў палітык.
“Турма вучыць цярпеньню, а цярпеньне — гэта падарунак нябёсаў”, — сказаў А.Казулін
“Я гатовы вярнуцца ў турму”
Палітык заявіў, што лічыць памілаваньне прыніжальным для сябе. Паводле ягоных словаў, выходзячы з турмы, ён ня ведаў, што памілаваны, інакш дзейнічаў бы па-іншаму.
“Я б ніколі ня выйшаў, пакуль ня вызвалілі Кіма і Парсюкевіча, мяне б вывалоквалі з турмы”, — заявіў А.Казулін.
Былы кандыдат на прэзыдэнта падзякаваў ЗША за іх “цьвёрдую пазыцыю, якая стала падмуркам вызваленьня”.
А.Казулін пра выбух 4 ліпеня: злачынцаў ніколі ня знойдуць
“Выбух быў зроблены ня проста прафэсійна, а вельмі прафэсійна, дакладна накіраванага дзеяньня”, — заявіў былы кандыдат на прэзыдэнта. — “Іх (арганізатараў. — РС) ніколі ня знойдуць, альбо знойдуць падстаўных асобаў”, — дадаў ён.
“Расея вяла вайсковыя дзеяньні на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы”
А.Казулін асудзіў дзеяньні Міхала Саакашвілі ў грузіна-асэтынскім канфлікце і назваў яго “вайной супраць свайго народу”. Разам з гэтым ён зазначыў, што дзеяньні Расеі былі адэкватныя грузінскім, і дадаў: “Расея вяла ваенныя дзеяньні на тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы”.
"Патрабую безумоўнага вызваленьня А.Кіма і С.Парсюкевіча"
“Я патрабую безумоўнага вызваленьня мяне, Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Толькі гэта можа стаць канкрэтным крокам беларускіх уладаў, пасьля якога магчыма вядзеньне якіх-небудзь перамоваў”, — цытуе БелаПАН словы А.Казуліна. Палітык заклікаў ЗША, Эўразьвяз і АБСЭ прытрымлівацца адносна Беларусі пасьлядоўнай палітыкі.
А. Казулін пойдзе на прэзыдэнцкія выбары 2011
“Я буду ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, але пакуль ня ведаю, у якасьці каго”, — заявіў былы палітычны вязень сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.
Ён дадаў, што да выбараў яшчэ 3 гады — “тэрмін, як на беларускія меркі, вялізны”, — перадае Інтэрфакс.
***
Да сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі палітык не давай разгорнутых інтэрвію журналістамі.
А.Казуліна выпусьцілі з часе выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. 31 жніўня Рада аб’яднаных дэмакратычных сілаў павінна вырашыць будуць альбо не апазыцыйныя палітычныя партыі ўдзельнічаць у выбарах.
3 жніўня на чарговым зьезьдзе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна зьнялі з пасады старшыні арганізацыі. Новым кіраўніком стаў Анатоль Ляўковіч. Сябры фракцыі “За ўнутрыпартыйную дэмакратыю” не прызналі вынікаў галасаваньня. Адпаведную заяву да партнэраў партыі ў Беларусі і за мяжой падпісалі 130 чалавек.
19 жніўня былога кандыдата на прэзыдэнта прынялі ў ганаровыя сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.
За апошнія чатыры дні А.Казулін правёў сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў.
16 жніўня указам Аляксандра Лукашэнкі Аляксандра Казуліна вызвалілі з турмы “Віцьба-3”. Там палітык адбываў 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў на Дзень Волі 25 сакавіка 2006 году.
Раней А.Казулін заяўляў, што выйдзе на волю толькі пасьля таго, як улады вызваляць палітвязьняў Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.
А.Кіма пакаралі зьняволеньнем на паўтара году. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён пагражаў міліцыянту падчас акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.
Сяргея Парсюкевіча, лідэра прадпрымальнікаў зь Віцебску, пасадзілі на два з паловай гады. Суд прызнаў яго вінаватым у тым, што ён нібыта зьбіў ахоўніка, калі адбываў арышт за удзел у акцыі прадпрымальнікаў.