Чатыры артыкулы зьявіліся ў абласной газэце “Гомельская праўда” й гарадзкой “Гомельские ведомости” з расповедамі пра кіраўніцу адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля Тацьцяну Філімончык. Нагодай для двух стала 35-годзьдзе ўтварэньня Савецкага раёну. Адзначацца яно будзе 20 верасьня.
Тацьцяна Філімончык вылучаецца ў Палату прадстаўнікоў па Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе № 35. Тут зарэгістравана яе ініцыятыўная група па зборы подпісаў.
Часьцей сталі зьяўляцца на старонках згаданых выданьняў інтэрвію з партрэтамі й проста матэрыялы пра старшыню гарвыканкаму Аляксандра Бяляева, старшыню Гомельскага райвыканкаму Ўладзімера Маёрава, якія, як і спадарыня Філімончык, наважыліся перабрацца з выканкамаўскіх у парлямэнцкія крэслы.
У сувязі з гэтай прыхаванай агітацыяй за праўладных вылучэнцаў гомельскі палітык Васіль Палякоў сказаў наступнае:
Гэта выкарыстаньне на сто адсоткаў адміністрацыйнага рэсурсу.
Я ня ведаю выпадкаў, калі б камісіі, у першую чаргу акруговыя, неяк адрэагавалі на такі бессаромны піяр праўладных кандыдатаў”.