Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: ці “бразнуць дзьвярыма” дэмакратычныя кандыдаты?


У Гомельскай вобласьці з 214 вылучэнцаў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў выканкамы ўключылі ў склад участковых выбарчых камісіяў толькі 7 чалавек: у Рэчыцы, Рагачове й Лельчыцах.

Гэта складае 0, 006 працэнта ад агульнага колькаснага складу ўчастковых камісіяў. Нават у абласным цэнтры з 83 заяўленых прэтэндэнтаў у камісіі першаснага ўзроўню не патрапіў ніводзін прадстаўнік дэмакратычных сілаў.

У рэгіянальнай радзе АДС склалася думка, што ўлады проста не зацікаўленыя ў прадстаўніках апазыцыі, якія маюць досьвед працы на ўчастках і ведаюць усе тэхналягічныя тонкасьці арганізацыі выбараў і падліку галасоў.

Што ў такіх варунках застаецца рабіць дэмакратычным прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат?

Гаворыць прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

Улада мела шанец пайсьці на дэмакратычныя, празрыстыя выбары
“Улада мела шанец пайсьці на дэмакратычныя, празрыстыя выбары. Але ўжо цяпер відаць, што гэты шанец яна ня выкарыстала. Яна не гатовая й не зьбіраецца праводзіць дэмакратычныя выбары ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Таму ўдзельнічаць у кампаніі, дзе гульня ідзе ў адны вароты, няма ніякага сэнсу”.

Вылучэнец у парлямэнт ад АДС па Гомельскай-Прамысловай выбарчай акрузе № 35, сябра ПКБ Сяргей Сергіенка лічыць, што ў гэтай сытуацыі трэба дачакацца рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, каб паўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі:

“Трэба дачакацца рэгістрацыі. І калі нас зарэгіструюць, то ў сваіх перадвыбарчых агітацыйных матэрыялах засяродзіць увагу на тым, што гэтыя выбары ўлада праводзіць непразрыста й недэмакратычна”.

У прынцыпе гомельскія чальцы АДС ужо вызначылі ўмовы ўдзелу сваіх кандыдатаў у выбарах. Гэта — абавязковае ўключэньне ўсіх вылучэнцаў у выбарчыя камісіі й абавязковая рэгістрацыя ўсіх кандыдатаў АДС.

Такую пазыцыю цалкам падтрымлівае прэтэндэнт на дэпутацкі мандат у Рэчыцкай выбарчай акрузе № 44, кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі БНФ Валер Пуціцкі:

“Маё меркаваньне такое: выконваць тыя абавязаньні, якія прынятыя радай АДС у Гомелі. Іншымі словамі, дачакацца рэгістрацыі — і здымаць з выбараў усіх кандыдатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG