Аляксандар Зімоўскі ў інтэрвію БелаПАНу заявіў, што расейцы Беларусі, як саюзніку, “стварылі ўсе неабходныя ўмовы для сьціпласьці. У момант пачатку цяперашняй каўкаскай вайны фармальны кіраўнік саюзнай дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і фармальны прэм'ер саюзнай дзяржавы Ўладзімір Пуцін знаходзіліся на адлегласьці візуальнага, а магчыма, і вэрбальнага кантакту — на трыбуне стадыёну “Птушынае гняздо” ў Пэкіне, дзе праходзіла цырымонія адкрыцьця Алімпіяды. Але Пуцін абмяркоўваў каўкаскі вузел не са сваім фармальным начальнікам і юрыдычным саюзьнікам, а зь іншымі асобамі”.
На думку Зімоўскага, Беларусь лічыць Расею сваім саюзьнікам гістарычна і пастаянна, а Расія лічыць Беларусь сваім саюзьнікам прынагодна, тады, калі гэта палітычна і эканамічна мэтазгодна:
“Расіяне на практыцы спачатку даюць зразумець: бяз вас абыдземся! І гэта зразумела. А пасьля крыўдзяцца: што ж ты мяне кінуў? І гэта сьмешна”.
Сытуацыю камэнтуе незалежны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
“Адразу хацеў бы адзначыць, што Зімоўскі выступаў не як кіраўнік Беларускага тэлебачаньня, а як член верхняй палаты беларускага парлямэнту, прычым па прэзыдэнцкай квоце. І калі расейскі амбасадар чымсьці незадаволены, то я параіў бы яму шырэйшае кола журналістаў запрашаць да сябе, а ня так, як ён робіць — кліча ў амбасаду пэўны “журналісцкі спэцназ”, для якога робіць, мякка кажучы, такія цікавыя заявы”.
Карэспандэнт: “А ў прынцыпе асьвятленьне ў СМІ адэкватнае падзеям у зоне канфлікту?”
“Апошняя стужка навінаў Беларускага тэлебачаньня сьведчыць пра стрыманую пазыцыю. Тое, што я гляджу, дык наколькі гэта магчыма, падаюцца карцінкі з абодвух бакоў — расейскага і грузінскага. Але ж казаць, што нейкая апалёгія існуе нашага ўсходняга стратэгічнага саюзьніка, то я казаць ня стаў бы. За выключэньнем выніковай нядзельнай перадачы “Панорама недели”. Там вядучы зь вялізным азартам, мабыць, яшчэ па інэрцыі, робіць высновы з антызаходніх пазыцый. Дык вось ён — як выключэньне з агульнага нэўтральнага, стрыманага настрою.
Што тычыцца байнэту, дзе пануюць недзяржаўныя СМІ, то яны, безумоўна, на баку тых, хто асуджае расейскую агрэсію. І менавіта дзякуючы гэтым рэсурсам тыя, хто цікавіцца вайной на Каўказе і ўвогуле падзеямі вакол усяго гэтага крызісу, могуць скласьці для сябе рэальную карціну. Але я падкрэсьліваю — калі ёсьць жаданьне. Няма жаданьня — тады застаецца бесьперапыннае рохканьне расейскіх каналаў”.
Галоўны рэдактар тыднёвіка “7 дней” Віктар Чыкін тлумачыць, чаму афіцыйныя беларускія СМІ стрымана камэнтуюць падзеі ў зоне асэтына- грузінскага канфлікту.
“Я, напрыклад, артыкул на гэтую тэму напісаў, сёньня ў газэце выходзіць. Але, вы ведаеце, стаў пісаць — ну нічога толкам не зразумееш. Таму тут даводзіцца варажыць на гушчы ад кавы. Нават у інтэрнэце нічога толкам не зразумела, дзе звычайна робяцца выкладкі сытуацыі з усіх бакоў. То бок пакуль кваліфікаваны аналіз зрабіць вельмі цяжка. Застаецца спадзявацца, што бліжэйшым часам нешта праясьніцца. Можа, пра мір пісаць ужо будзе лягчэй, чым пра вайну”.