Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Лявонаў: “Прыпіскі непазьбежныя”


У афіцыйных справаздачах паведамляецца, што за першы тыдзень уборачнай кампаніі сабрана два мільёны тон збожжа. Усяго Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня нацэлена на 8 мільёнаў 700 тысяч тон — гэта нашмат больш, чым плянавалася ў папярэднія гады.


Як лічыць былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, пры такіх вялізных плянах кіраўнікам раёнаў, каб уратаваць свае пасады, нічога не застаецца, як займацца звыклымі яшчэ ад савецкіх часоў прыпіскамі. Таму давяраць лічбам ураджайнасьці і асвоеных плошчаў можна толькі ўмоўна:

“Вы ж ведаеце, што кожны год Камітэт дзяржкантролю выяўляў, выяўляе і будзе выяўляць шматлікія парушэньні. Пры такіх плянах усё гэта непазьбежна. Таму само па сабе гэтае “супрацьстаяньне”, нібыта чэсных і нячэсных, груба кажучы, ужо абрыдла. Бо калі няма ўжо з кім ваяваць, то абвяшчаецца вайна за зерне. Няма іншых ворагаў, як хлебаробы. Стаміліся ваяваць з Амэрыкай, будзем ваяваць з жытам, зь ячменем. Але абавязкова павінна быць вайна”.

А ці мэтазгодна ў Беларусі пры цяперашнім сабекошце вырошчваць гэтулькі збожжа? Спадар Лявонаў лічыць, што фуражнае збожжа на корм жывёле набываць за мяжой ня трэба. А вось пшаніцу ды іншыя высокія гатункі давядзецца купляць у любым выпадку:

“Вырошчваць фураж лепш тут, дома. Бо на сусьветным рынку кошты амаль кожны дзень, так бы мовіць, “танчаць”. А элітныя гатункі, як ні круці, вырасьціць у Беларусі практычна немагчыма”.

Карэспандэнт: “Чуваць заявы, што асобныя гатункі збожжа Беларусь можа нават прадаваць”.

“Я, шчыра кажучы, не магу камэнтаваць, навошта гэта рабіць. Якая ёсьць такая вытворчая неабходнасьць? Для мяне гэта проста незразумела”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG