Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнікам “Азоту” належыць 0,036 працэнта акцыяў заводу


Прадпрыемства “Гродна Азот” створана ў 1963-м годзе, акцыянэрным таварыствам яно стала ў 2002-м. Дзяржаве належыць каля ста адсоткаў статутнага капіталу.


“Гродна Азот” — буйны вытворца мінэральных угнаеньняў і капралактаму, у дзяржаўным канцэрне “Белнафтахім” прадпрыемства прызнана найлепшым экспартэрам 2007 году. Гэта самае вялікае прадпрыемства Горадні, на ім працуюць каля сямі тысяч чалавек.

Канцэрн “Белнафтахім” нядаўна паведаміў, што ў 2009 годзе плянуецца пачаць продаж акцый пяці яго заводаў. Гэта адбылося пасьля таго, як прэзыдэнт Лукашэнка вырашыў даць палёгку з набыцьцём акцый дзяржпрадпрыемстваў. У пяцёрцы “Белнафтахіму” — і гарадзенскі “Азот”, зацікаўленасьць у якім выяўляе расейскі “Газпром”.

Што можна сёньня сказаць пра гэтыя намеры? Я зьвярнуўся да Тамары Пасьледняй — намесьніцы генэральнага дырэктара “Азоту” па эканоміцы. Вось што яна адказала:

“Гэта не ўваходзіць у паўнамоцтвы “Азоту”, ён не распараджаецца сваімі акцыямі. Гэта акцыі дзяржавы, практычна на сто адсоткаў. І ці будуць яны прададзеныя — гэта прыярытэт дзяржавы. Гэта будзе вырашаць прэзыдэнт. Без асобнага ўказу прэзыдэнта нашыя акцыі ня будуць рэалізаваныя. Гэта не ўваходзіць у нашыя паўнамоцтвы, гэта вышэй за нашыя паўнамоцтвы. Мы ня можам даваць такіх камэнтароў, паколькі на нашыя акцыі мараторый”.

Як ставяцца да магчымасьці прыходу на прадпрыемства замежных інвэстараў самі рабочыя? Я зьвярнуўся да кіраўніка арганізацыі Незалежнага прафсаюзу “Азоту” Сяргея Антусевіча з пытаньнем: ці баяцца яны замежных інвэстараў, ці, наадварот, бачаць плюсы ад магчымага продажу акцый?

Антусевіч: “І цяпер, і раней гаварылася пра тое, што абсталяваньне састарэла, і людзі хочуць працаваць на нармальным абсталяваньні, на новым, а не саракагадовым. Таму чакаюць, што інвэстар, калі ён прыйдзе, то будзе ўкладаць сродкі, а не выціскаць апошнія сокі з таго, што засталося тут. Усе, ня толькі рабочыя, спадзяюцца на тое, што прадпрыемства будзе доўга жыць, а гэта будзе залежаць ад таго, як будуць інвэставаць сродкі ў асноўны капітал”.

Працаўнікам “Азоту” належыць сёньня толькі “трыццаць шэсьць тысячных аднаго працэнту акцый” заводу, сказаў спадар Антусевіч.

Дарэчы, за мінулы год у 3,5 раза павялічыўся аб’ём інвэстыцый у асноўны капітал, які складае цяпер 173 мільярды рублёў. Цэны на мінэральныя ўгнаеньні на сусьветным рынку вельмі высокія, прадпрыемства працуе стабільна. Паводле спэцыялістаў, “Гродна Азот” спажывае для вытворчасьці сваёй прадукцыі дзесяць адсоткаў усяго газу, які купляе Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG