Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У 10-мільённай краіне не знайшлося схільных кінуць такі выклік уладзе”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 26 ліпеня 2008 году

У Беларусі пачалася выбарчая кампанія: на 28 верасьня прызначана галасаваньне на выбарах у Палату прадстаўнікоў. На вуліцах зьявіліся першыя зборшчыкі подпісаў; расьце колькасьць ахвотных стаць дэпутатамі; апазыцыйныя актывісты, якія зьбіраюцца ўдзельнічаць у кампаніі ў якасьці кандыдатаў, ужо адчулі пільную ўвагу да сябе з боку міліцыі і спэцслужбаў. Гэтым выбары-2008 мала адрозьніваюцца ад папярэдніх выбарчых кампаніяў.

Сваімі думкамі наконт выбараў, удзелу ў іх апазыцыі і магчымасьці пасьлявыбарчых зьменаў у Беларусі дзеляцца ў лістах на “Свабоду” нашы слухачы. Пачну сёньняшнюю размову з допісу Леаніда Аўдаценкі з Баранавіцкага раёну. Ён піша:

Парлямент у Беларусі пасьля перавароту 1996 году ня мае рэальнай сілы. Усе рычагі кіраваньня — у руках прэзыдэнта і ягонай адміністрацыі. А дэпутаты патрэбны хіба толькі для цырымоніяў
Нават калі адбудзецца неверагоднае і апазыцыя трапіць у Палату прадстаўнікоў — што яна здолее там зрабіць? Парлямент у Беларусі пасьля перавароту 1996 году ня мае рэальнай сілы. Усе рычагі кіраваньня — у руках прэзыдэнта і ягонай адміністрацыі. А дэпутаты патрэбны хіба толькі для цырымоніяў.

Людзі на вёсцы ніякіх спадзяваньняў на свайго дэпутата не ўскладаюць. Большасьць нават ня ведае ягонага імя. Але паслухмяна прагаласуюць за таго, на каго пакажа ўлада. Усё будзе як заўсёды, нічога за апошнія гады не зьмянілася і наўрад ці зьменіцца ў блізкай будучыні.

Сёньня я ня бачу сілы, якая здольная нешта зьмяніць у Беларусі. Сапраўды дзейсныя, энэргічныя, разумныя і таленавітыя людзі ў палітыку ня йдуць: разумеюць, што гэта і небясьпечна, і бессэнсоўна. Яны займаюцца бізнэсам і знаходзяць у гэтым паразуменьне з уладай. Паглядзіце, колькі дарагіх машын зьявілася на вуліцах, колькі шыкоўных катэджаў вырасла ля буйных гарадоў. Вось дзе сапраўдная беларуская эліта — за сьценамі тых катэджаў. Калі гэтыя людзі зоймуцца палітыкай — вось тады і трэба чакаць зьменаў у дзяржаве. А пакуль што можна спакойна назіраць за сызыфавай працай нашай апазыцыі. Ні да якіх вынікаў яна не прывядзе”, —

— гэтак лічыць Леанід Аўдаценка з Баранавіцкага раёну.

Нават такі парлямэнт, які існуе ў Беларусі — з моцна абмежаванымі ўладнымі паўнамоцтвамі — пры пэўным зьбегу абставінаў можа адыграць у дзяржаве адметную ролю. Згадайма, якая рэальная ўлада была ў дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР напрыканцы 80-х гадоў? І як літаральна за некалькі гадоў усё зьмянілася, якую вагу набылі дэпутацкія галасы ў 1990-м і 1991-м.

Калі б апазыцыя ў сёньняшніх беларускіх умовах атрымала парлямэнцкую трыбуну, займела ўласную колькі-небудзь значную фракцыю, калі б у яе ўвайшлі вядомыя ў Беларусі палітыкі — гэта быў бы іншы парлямэнт. Зрэшты, і апазыцыя тады стала б іншай таксама.

Наступны ліст прыйшоў на адрас нашай праскай рэдакцыі — ад слухача, які падпісаўся як “прыхільнік Мірона з-за кардона”. Ён, як і аўтары многіх іншых лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя дні, разважае наконт прычынаў і наступстваў начнога выбуху ў Менску 4 ліпеня. Слухач піша:

У любым выпадку, беларускі рэжым ня можа зьняць зь сябе адказнасьць за гэты выбух. І ня трэба баяцца пра гэта гаварыць
Такія здарэньні непазьбежна (раней ці пазьней) адбываюцца ў краінах з аўтарытарнымі і дыктатарскімі рэжымамі. Я б зьдзівіўся, калі б у дзесяцімільённай краіне не знайшлося асобаў, схільных кінуць такі выклік уладзе. Тым больш што яна ўжо каторы раз імкнецца выставіць усіх нязгодных зь ёй як нейкіх дэгенэратаў, якія толькі нецэнзурна лаюцца, спраўляюць патрэбы ў грамадзкіх месцах ды засьмечваюць гарады...

Другая вэрсія — правакацыя спэцслужбаў. У дэмакратычных краінах, дзе адбываецца законная зьмена ўлады і няма ўмоў для ўтрыманьня яе брутальнымі сродкамі, займацца такімі справамі спэцслужбам няма сэнсу.

У любым выпадку, беларускі рэжым ня можа зьняць зь сябе адказнасьць за гэты выбух. І ня трэба баяцца пра гэта гаварыць. Праўда, разумею, што тым, хто жыве ў Беларусі, рабіць гэта няпроста. Асабіста я ў гэтыя хвіліны знаходжуся на памежным пераходзе паміж Эстоніяй і Расеяй — мне прасьцей.

Шчыра спачуваю ўсім пацярпелым. Спадзяюся, яны раскажуць сваім дзецям і ўнукам пра гэта. І тыя зразумеюць: разьлік на тое, што можна жыць у так званай “саюзнай” дзяржаве безь мяжы і быць пэўнымі, што ў Расеі выбухі магчымыя, а ў Беларусі — не,— марны”, —

— напісаў у сваім лісьце слухач, які падпісаўся як “прыхільнік Мірона з-за кардона”.

На жаль, шаноўны слухач, такія інцыдэнты адбываюцца ня толькі ва ўмовах аўтарытарных ці дыктатарскіх рэжымаў. Хутчэй наадварот. На працягу мінулых гадоў мы ня раз былі сьведкамі, як свае атакі тэрарысты рознага кшталту ажыцьцяўлялі і ў Нью-Ёрку, і ў Лёндане, і ў Мадрыдзе, і ў Маскве. Іншая справа, што і выканаўцы, і прычыны бандыцкіх нападаў на нявінных ахвяраў, і мэты тэрарыстаў ва ўсіх гэтых выпадках — розныя. Але ў любым выпадку апраўдваць такія мэтады змаганьня з палітычнымі ці ідэйнымі супернікамі, якія б мэты пры гэтым ні абвяшчаліся, — амаральна і злачынна. Незалежна ад таго, дзе гэтым разам выбухнула бомба — у Лёндане ці ў Менску.

Шмат гадоў спрабуе абараніць беспрытульных гарадзкіх жывёлін наша слухачка Разалія Рубінчык зь Менску. У сваім лісьце на “Свабоду” яна піша:

У нашым двары на вуліцы Кахоўскай зьнішчылі ўсіх катоў. Зьніклі здаровыя і вясёлыя стварэньні, якія былі талісманам нашага двара, прыносілі людзям радасьць. Акрамя таго, яны былі і карысныя: зьнішчалі ў падвале мышэй і пацукоў. Цяпер іх няма — двор асірацеў. Адбылося гэта нядаўна, пад лёзунгам парадкаваньня гораду да Дня Незалежнасьці. Жывёлін прыраўналі да сьмецьця, якое трэба сабраць ды зьнішчыць. Ведаю, што падобнага барбарства няма ў ніводнай цывілізаванай краіне сьвету. Нават у Маскве ўжо больш як пяць год выконваецца распараджэньне мэра Лужкова — не забіваць жывёл. А ў нас іх зьнішчаюць на пяты дзень пасьля адлову. Пры гэтым прыкрываюцца замежным словам “эўтаназія”, якое ў сапраўднасьці азначае добраахвотную сьмерць без пакутаў.

Але хто пытаецца ў жывёлін? А яны ж — таксама Божыя стварэньні і гэтак жа, як і людзі, маюць права на жыцьцё. А іх адвозяць на вуліцу Гурскага, на прадпрыемства “Фаўна гораду”, якое больш правільна было б назваць прадпрыемствам па ачыстцы гораду ад жывёлін.

Убачыўшы, як шчыруюць на гэтай ніве ўлады, актывізаваліся і розныя добраахвотныя “шарыкавы”, якія самі падкладаюць атруту ў ежу беспрытульным жывёлінам. Ведаю гэта на прыкладзе свайго дома.

Пра якую гордасьць за сваю краіну можа ісьці размова ў такіх умовах? Балюча і сорамна!”


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Разалія Рубінчык зь Менску.

У нашай пошце апошнім часам нямала лістоў ад такіх жа, як спадарыня Рубінчык, неабыякавых людзей, якія спрабуюць абараніць ад жорсткасьці няшчасных беспрытульных жывёлін. Іхныя намаганьні прыносяць заўважны плён. Сацыяльная рэкляма з заклікам забіраць катоў і сабак з сумна вядомага прытулку на вуліцы Гурскага вельмі часта гучыць на тэлебачаньні і радыё. Раней нічога падобнага ў Беларусі не было. І не было б, калі б не такія людзі, як Разалія Рубінчык і яе аднадумцы, якія пасьлядоўна і настойліва стукаюцца ва ўсе дзьверы.

У вёсцы амаль усе — пэнсіянэры. Кажуць, што яны свае пэнсіі зарабілі. А тое, што нам не даюць зарабіць на свае будучыя пэнсіі — гэта нікога не хвалюе
Пра тое, як нялёгка ва ўмовах вёскі вырашыць праблему працаўладкаваньня, паведамляе ў сваім новым лісьце Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну. Яна піша:

Ня маю нармальнай працы фактычна з 1996 году. І хвалёную адрасную дапамогу адмаўляюцца даваць. Цяпер вось прапанавалі месца загадчыцы фэрмы. А я — таваразнаўца, скончыла Менскі гандлёва-каапэратыўны тэхнікум. Але яны нават адукацыяй гэта ня лічаць. Кажуць: заробак у таваразнаўцы нізкі — 350 тысяч. А я ім адказваю: “Людзі гаруюць з заробкам 350 тысяч, а я гарую, бо ня маю і такіх грошай. Дык дайце мне працу па спэцыяльнасьці: хачу бедаваць разам з народам”.

У вёсцы амаль усе — пэнсіянэры. Кажуць, што яны свае пэнсіі зарабілі. А тое, што нам не даюць зарабіць на свае будучыя пэнсіі — гэта нікога не хвалюе.

Яшчэ мяне выводзяць зь сябе папрокі: “Чаму не апрацоўваеце зямлю?” Я ім адказваю: у зямлю трэба ўкладаць грошы. Зубамі грызьці яе ня будзеш, голымі рукамі не апрацуеш. Дый недарэмна ў народзе кажуць: ад зямлі ня будзеш багаты, а будзеш гарбаты.

Усё часьцей прыходжу да высновы: правільна робіць тая прасунутая моладзь, якая змагаецца з гэтымі парадкамі. Трэба супраціўляцца, а то затопчуць”, —


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну.

Беспрацоўе, нізкія заробкі і адсутнасьць пэрспэктывы гоняць зь сёньняшняй беларускай вёскі нават тых нямногіх, хто хацеў бы жыць і працаваць на зямлі і ня мае вялікага жаданьня перабірацца ў горад. Калі вандруеш па вёсках, якія з маленства памятаеш поўнымі жыцьця, калі бачыш на месцы колішніх моцных дагледжаных сядзібаў пахілыя спарахнелыя будыніны ды зарослыя хмызам кінутыя палеткі — міжволі сумняесься, што горшыя часы ў беларускай вёскі ўжо мінуліся.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG