Сьледчыя, якія займаюцца справай выбуху 4 ліпеня, затрымліваюць і дапытваюць людзей, якім фактычна немагчыма выставіць абвінавачаньне, бо ніякага дачыненьня да выбуху яны апрыёры ня мелі. Яскравы прыклад — затрыманы Юрась Карэтнікаў, які быў у час выбуху за мяжой. Частку затрыманых сьледчыя ўжо выпусьцілі безь ніякага выніку і не папрасіўшы прабачэньня. Цяпер шукаюць новых.
Лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі Свабоды Сяргей Высоцкі — адзін з тых, каго дапытвалі ў гэтай справе. Яго затрымалі 10 ліпеня пасьля ператрусу ў кватэры. Адпусьцілі 12-га. Дапытвалі Сяргея Высоцкага адзін раз — цягам 8 гадзін. Ахоўнікі ў “амэрыканцы” міжсобку называлі яго тэрарыстам, кажа спадар Высоцкі.
“Пасьля вызваленьня прабачэньня ніхто не прасіў. Хоць у іх быў момант няёмкасьці. Гэта адчувалася ў паводзінах людзей, якія мяне туды прывезьлі. Часам яны ўжо гатовыя былі адчапіцца, але званок — забраць. Яшчэ званок — пасадзіць. Адкуль званкі — можна толькі здагадвацца”.
Паводле Сяргея Высоцкага, тое, што адбываецца пасьля выбуху 4 ліпеня, — клясычная палітычная замова і правакацыя ўладаў.
“Гэта настолькі брудная справа, што любому палітыку, які ў гэтым замешаны, хоць ён і ня мае ніякага дачыненьня, гэта дыскрэдытацыя імя, удар па псыхіцы і годнасьці”.
Сяргей Высоцкі кажа, што ў цяперашніх беларускіх умовах няма магчымасьці адказаць на тую неаб’ектыўнасьць і нават бруд, які быў у СМІ, што пісалі пра гэтыя затрыманьні. Са свайго боку, КДБ узяў з Высоцкага падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва:
“Гэтым мне хочуць заткнуць рот. Якая там таямніца? Усё навідавоку. Гэтыя мэтады добра знаёмыя. Але я не зьбіраюся на гэтую тэму маўчаць. Мяне абылгалі, мяне ўтапталі ў бруд так, што ад мяне шарахаюцца суседзі, і не даюць магчымасьці апраўдацца”.
Спадар Высоцкі зьбіраецца абскарджваць сваё затрыманьне КДБ і дамагацца, каб зь яго зьнялі падпіску аб нявыезьдзе.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак падтрымаў намер Сяргея Высоцкага. Ён заклікае ўсіх, каго беспадстаўна затрымалі па справе выбуху 4 ліпеня, бараніць свае правы і абяцае дапамогу юрыстаў БХК.
БХК актыўна сочыць за тым, як разьвіваецца сьледзтва ў справе выбуху 4 ліпеня, і зьбіраецца зь цягам часу падрыхтаваць сваё юрыдычнае заключэньне наконт гэтага.
“Пакуль мы занатоўваем падзеі, зьвязаныя з гэтым сьледзтвам, у нашых маніторынгах як праявы ціску на грамадзянскую супольнасьць. Падставы для гэтага ёсьць. Рабіць прававыя аналізы крыху рана, мы будзем гэта рабіць, калі зьявіцца больш фактаў”.
Паводле спадара Гулака, БХК вывучае магчымасьць спагнаньня маральнай кампэнсацыі за беспадстаўныя і незаконныя затрыманьні сьледчымі. Праваабаронцы будуць гатовыя дапамагаць тым, хто пацярпеў ад гэтага. Трэба зьвяртацца ў суд, мяркуе Алег Гулак:
“Гэта няпроста, але гэта трэба рабіць... Такім чынам людзі адстойваюць ня толькі свае правы, але і правы іншых. Гэта ня толькі вырашэньне іхніх праблем, але і ўплыў на сыстэму, каб яна не дазваляла сабе таго, што дазволіла цяпер. У праваахоўных органаў ёсьць права на затрыманьне падазроных. Але гэтым правам трэба карыстацца вельмі акуратна, толькі ў тых выпадках, калі ў іх насамрэч ёсьць дастаткова доказаў, што чалавек меў да гэтага адносіны. А проста так па нейкіх падазрэньнях забіраць на 10 сутак — так рабіць нельга”.
Генэрал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб рэзка крытыкуе тое, як вядзецца сьледзтва па справе аб выбуху 4 ліпеня ў Менску. Тым ня меней ён кажа, што не хацеў бы параўноўваць цяперашнія масавыя затрыманьні з 1937 годам:
“Калі тады хапалі, то ўжо нікога не выпускалі. Гэта ўжо вялікая розьніца. А тут узялі, затрымалі, праверылі і адпусьцілі... Я не лічу, што гэта добра. Гэта вельмі кепска. У першую чаргу для таго, каго затрымліваюць. А ў другую — для сьледзтва. Сьледчым даводзіцца праводзіць вельмі шмат марнай працы, той, якая не прасоўвае да сапраўднага злачынцы”.
На думку спадара Грыба, праблема ў тым, што вярхоўнае кіраўніцтва дало ўстаноўку і паставіла задачу як мага хутчэй знайсьці злачынцу, а гэта не атрымліваецца. Калі верх цісьне на сьледчых — карысьці ня будзе, — перакананы генэрал Грыб, сам у мінулым дасьведчаны сьледчы.
Цяпер міліцыя і КДБ заваленыя вялікай рутыннай працай, ім нават няма калі падумаць, засяродзіць увагу на той ці іншай вэрсіі, — мяркуе спадар Грыб.
“Гэта імітацыя бурнай дзейнасьці, каб паказаць кіраўніцтву: бачыце, як мы працуем, колькі людзей мы адпрацавалі”.
Пры гэтым спадар Грыб мяркуе, што сапраўды пры расьсьледаваньні складаных справаў часам бывае трэба ўцягнуць шмат людзей.
“Напрыклад, калі мы ў Віцебску расьсьледавалі забойствы жанчын і шукалі аўтара ананімкі, які потым і выявіўся злачынцам, маньяка Міхасевіча, то каб да яго дабрацца, мы правялі графалягічную экспэртызу 600 тысяч узораў почырку. Але мы нікога не затрымлівалі. І тут жа ёсьць нейкі фотаробат, нейкія прыкметы, характарыстыкі”.
Мечыслаў Грыб кажа, што незаконнае затрыманьне — гэта перавышэньне сьледчымі ўлады, і паводле дзейнага заканадаўства яго можна абскарджваць у судовым парадку і патрабаваць кампэнсацыі.
Тым часам ва ўпраўленьні КДБ Беларусі па Менску і Менскай вобласьці не пажадалі ні паведаміць колькасьць затрыманых па справе 4 ліпеня, ні адрэагаваць на крытыку іхнай дзейнасьці. Там спаслаліся на тое, што камэнтары па гэтай справе дае толькі прадстаўнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў.
Аднак і спадар Надтачаеў адмовіўся адказаць на крытыку і прэтэнзіі ў грамадзтве ў адносінах да мэтадаў вядзеньня сьледзтва па справе аб выбуху 4 ліпеня.
Усяго па гэтай справе было затрымана, паводле розных ацэнак, 50—70 чалавек. Афіцыйнай інфармацыі пра колькасьць затрыманых няма.
У мінулую суботу на волю былі адпушчаныя першыя з затрыманых: Аляксандар Сергіенка, Сяржук Высоцкі, Павал Кур’яновіч, пазьней — грамадзянін Расеі студэнт Уладзімер Бялонін, учора — студэнтка БДУ Тацяна Пякун і некаторыя іншыя.
Тым часам КДБ затрымала новых падазраваных: Юрася Карэтнікава, нягледзячы на тое, што ён з 29 чэрвеня да 6 ліпеня быў у Францыі, і Міхаіла Шарамета. У часе выбуху 4 ліпеня, калі на канцэрце з нагоды Дня незалежнасьці спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне, пацярпелі 54 чалавекі; 47 зь іх, у тым ліку двое дзяцей, трапілі ў шпіталь.
Крымінальнае справа была заведзеная паводле артыкулу 339, частка 3 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства).