Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Участковыя абыдуць усе менскія кватэры


Міліцыя праводзіць масавыя апытаньні грамадзян, дзе яны знаходзіліся ў час выбуху. У некаторых нават бяруць адбіткі пальцаў і праводзяць ператрусы. Ці апраўданыя такія захады? ТЭМА ДНЯ.


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што ў межах крымінальнай справы затрымана 50-70 чалавек. “Гэта ня толькі прадстаўнікі апазыцыі, але і іншыя грамадзяне”, заявіў ён у інтэрвію БелаПАН. Спадар Стэфановіч дадаў, што афіцыйнай інфармацыі пра колькасьць затрыманых няма.


Выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязей Міністэрства ўнутраных спраў Канстанцін Шалькевіч абверг інфармацыю пра тое, што пра справе выбуху 4 ліпеня ўжо затрымана болей за 70 чалавек. У інтэрвію БелаПАН ён заявіў, што лічба “моцна перабольшаная”, але колькі чалавек на справе знаходзяцца за кратамі, ён так і не паведаміў.

Паводле інфармацыі адвакатаў і сваякоў, у ліку затрыманых – былыя і цяперашнія актывісты апазыцыйных арганізацый Віктар Ляшчынскі, Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Сяргей Чыслаў, сябры Партыі БНФ Ільля Богдан і Антон Койпіш, а таксама студэнты сталічных ВНУ Тацьцяна Пякун і Алег Шэлег.

Тым часам міліцыя выклікае на размовы асобныя катэгорыі грамадзян: ліквідатараў, людзей, якія маюць дачыненьне да выбуховых рэчываў. Участковыя робяць пакватэрныя абходы грамадзян. У мэтро ўзмоцненыя захады бясьпекі.

Усё гэта зьвязана з выбухам 4 ліпеня, калі ў часе канцэрту з нагоды Дня незалежнасьці спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне. Ад выбуху пацярпела 54 чалавекі; 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталізаваны.

Крымінальнае справа заведзеная паводле артыкулу 339 частка 3 Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства).

У шпіталях застаецца 23 пацярпелых

Адзін чалавек як і раней знаходзіцца ў цяжкі стане. “Яго стан цяжкі стабільны, але назіраецца станоўчая дынаміка”, - цытуе БелаПАН словы прэсавай сакратаркі Міністэрства аховы здароўя Вольгі Шульпіной.

16 пацярпелых – у 6-м гарадзкім клінічным шпіталі, па двое – ў 4-м шпіталі і ў шпіталі хуткай мэдычнай дапамогі, па аднаму чалавеку – у навукова-практычным цэнтра траўматалёгіі і артапэдыі, у 2-м шпіталі Менску, і ў 432-м Галоўным вайсковым клінічным мэдычным цэнтры.

У 6-м клінічным шпіталі застаюцца 16 пацярпелых


“Стан іх задавальняючы. Ніякіх ускладненьняў няма. Усе выздараўліваюць”, - удакладніў галоўны лекар Віктар Гурко. “Выпішам людзей цалкам здаровых і поўнай рэабілітацыяй: псыхалягічнай і фізычнай”

На пытаньне, калі шпіталь пакіне апошні пацярпелы ад выбуху, спадар Гурко адказаў: “Загадваць ня будзем”.

На волю выйшлі некаторыя затрыманыя ў справе аб выбуху

Сваякам затрыманых сьледчыя і адміністрацыя ня казалі дакладнага часу, калі затрыманыя выйдуць пасьля 10-суткавага знаходжаньня ў камэры на волю. Бацькі студэнтаў чакалі іх каля турэмнай брамы ад 14 гадзіны.

Ці можна адмовіцца ад апытаньня падчас “кватэрнага абходу”?

Пра гэта спытаўся наш слухач Корж зь Менску. На пытаньне адказвае юрыст, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Міліцыянты хочуць абысьці ўсе менскія кватэры

Супрацоўнікі праваахоўных органаў пачалі масава абыходзіць кватэры менчукоў, рухаючыся ад пункту выбуху і далей да спальных раёнаў. Цягам двух тыдняў міліцыянты абяцаюць ахапіць усіх жыхароў сталіцы.

Міліцыя зьбірае адбіткі пальцаў у "ліквідатараў"

Паводле ліквідатара чарнобыльскай аварыі Мікалая зь Менску, напярэдадні яго выклікалі ў райаддзел міліцыі. “У калідорах райаддзелу поўна людзей: выклікаюць ліквідатараў, а таксама ўдзельнікаў розных канфліктаў у “гарачых кропках”. Пытаюцца, дзе быў у ноч на 4 ліпеня, і прапануюць здаць адбіткі пальцаў.

На волю выйдуць першыя затрыманыя

Сёньня на волю выйдуць першыя затрыманыя ў якасьці падазраваных у выбуху пад час сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня.

“Правы альянс” заступаецца за Юрася Карэтнікава

“У сувязі з затрыманьнем нашага кіраўніка Юрася Карэтнікава, мы беларускія патрыёты, сябры "Правага альянсу" заяўляем, што не маем ніякага дачыненьня да выбуху ў Менску і рашуча асуджаем тых, хто зьдзейсьніў гэтае злачынства і тэрарызм як сродак палітычнай барацьбы”, - гаворыцца ў заяве незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс”.

Юрася Карэтнікава затрымалі 16-га ліпеня.

Паводле інфармацыі чальцоў арганізацыі, спадара Карэтнікава зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ. Яго падазраюць у арганізацыі выбуху 4-га ліпеня.

Аўтары звароту даводзяць, што 29-га чэрвеня па 6-га ліпеня Юрась Карэтнікаў знаходзіўся за мяжой, што пацьверджана адпаведнымі адзнакамі ў пашпарце і шматлікімі сьведкамі.

Аўтары звароту патрабуюць Юрася Карэтнікава.

“На нашу думку, выбух у Менску зьявіўся вынікам дзейнасьці вар'ята-адзіночкі альбо вынікам унутрыклянавых разборак і перадзелу сфэраў уплыву ў апараце ўлады. Спрабуючы абвінаваціць у арганізацыі тэракту беларускія патрыятычныя сілы, спэцслужбы займаюцца імітацыяй дзейнасьці, зьвядзеньнем старых рахункаў і расьпісваюцца ва ўласным бясьсільлі”, пішуць у сваім звароце сябры “Правага альянсу”.

Выбухоўку шукалі ў мэтро

Вечарам 16 ліпеня паўтары гадзіны не працавала станцыя мэтро “Спартовая”. Там знайшлі нічыйны пакунак.

“Пры праверцы мэталадэтэктар адрэагаваў на мэталь”, - паведаміў БелаПАН кіраўнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Аляксандар Ластоўскі.

“Супрацоўнікі Міністэрства ў справе надзвычайных сытуацыяў і спэцаддзеле па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”, якія прыбылі на месца, знайшлі ў пакунку бутэльку “Фанты”, пушку цукерак і шакаляднае яйка “Кіндэр-сюрпрыз”, - паведаміў спадар Ластоўскі.

М. Чаргінец: “Апытаньне не абавязкова прывядзе да раскрыцьця злачынства”

“Не, гэта не псыхоз. Я сам супрацоўнік крымінальнага вышуку і шмат працаваў у сфэры раскрыцьця злачынстваў. Магу сказаць, што такі кантакт з насельніцтвам часам дазваляе выйсьці на злачынцу."


Міліцыя правярае ліквідатараў і ўдзельнікаў “гарачых кропак”

Пра гэта паведаміў Радыё “Свабода” ліквідатар чарнобыльскай аварыі Мікалай зь Менску. Паводле Мікалая, яго выклікалі ў райаддзел міліцыі і запатрабавалі здаць адбіткі пальцаў.

Дзе набыў выключальнік?

Паводле прадпрымальнікаў з Ждановіцкага рынку, там з 16 ліпеня пачаліся міліцэйскія праверкі, зьвязаныя з выбухам 4 ліпеня.

А. Волчак: “Арганізатараў выбуху ў Беларусі даўно няма”


Былы сьледчы пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску Алег Волчак перакананы: тых, хто арганізаваў выбух, даўно ў Беларусі няма — улады вельмі марудна разгойдаліся і далі зламысьнікам час, каб спакойна замесьці сьляды. А што рабіць, калі заўтра людзі ў пагонах пастукаюць у вашы дзьверы?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG