Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч “не пацягнуў” на акруговую камісію


Сёньня лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі абмеркавалі вынікі фармаваньня акруговых выбарчых камісіяў. Іх ацэнка гэтага этапу кампаніі па выбарах Палаты прадстаўнікоў была нэгатыўнай

Удзельнікі паседжаньня прэзыдыюму палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў назвалі вынікі стварэньня камісіяў зьневажальнымі для апазыцыі. Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка нагадаў, што патрабаваньні АДС былі мінімальнымі — па адным прадстаўніку апазыцыі ў кожную камісію. Насамрэч вылучэнцы ад адзінага сьпісу АДС атрымалі ў 110 акругах толькі 35 месцаў, а ўсяго ад апазыцыйных структур – 42. Гаворыць Віктар Карняенка:

“Не ўключылі былых парлямэнтароў — Сямдзянаву, Голубева, Баршчэўскага ды іншых. Ня ўключаныя былыя міністры Сасноў і Казлоўскі. У гэты сьпіс не патрапіў і былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч. Таксама ўлады палічылі, што ён ня цягне на шараговага сябра акруговай выбарчай камісіі”.

Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька канстатуе: улады не скарысталі свой шанец.

“Улада мела шанец выканаць праграму-мінімум — уключыць хоць па адным прадстаўніку АДС у кожную акруговую выбарчую камісію. А сёньня мы па факце маем — амаль у 70% выбарчых камісіяў прадстаўлены толькі людзі Аляксандра Лукашэнкі. Альбо тыя, хто эканамічна і фінансава залежыць таксама ад Аляксандра Лукашэнкі.

Таму мы адзначаем, што ёсьць нейкі прагрэс у параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі. Але яго недастаткова, каб казаць, што ў нас адбыліся кардынальныя зрухі і што выбарчая кампанія праводзіцца ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ”.

Сустаршыня Палітрады АДС Сяргей Калякін лічыць, што ігнараваньне патрабаваньняў апазыцыі ўваходзіць у стратэгію ўладаў:

“Яны нас усялякім чынам падштурхоўваюць да таго, каб мы спынілі свой удзел у выбарах. Але нам такога падарунку ўладзе рабіць ня трэба. Патрэбна ўсё паказаць і паставіць ёй нездавальняючую ацэнку па ўсіх пазыцыях — і па ўключэньні ў камісіі, і па рэгістрацыі кандыдатаў… А ўжо пасьля прыняць такія рашэньні, якія мы палічым неабходнымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG