Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вэртыкальшчыкі” не прыслухаліся да Лідзіі Ярмошынай


Сёньня старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына правяла прэсавую канфэрэнцыю. Яна назвала лічбы, якія тычацца фармаваньня акруговых выбарчых камісіяў, і адказала на пытаньні журналістаў.


Адказваючы на пытаньне “Свабоды”, Лідзія Ярмошына сказала, што настойліва рэкамэндавала ўключыць у кожную акруговую камісію прадстаўнікоў апазыцыі:

”Я ўчора была на сэмінары ў Магілёўскай вобласьці. Ну, і паўшчувала аблвыканкам: “Што ж вы так?” Я настойліва рэкамэндавала ўсім, каб хаця б адзін прадстаўнік апазыцыйнай палітычнай партыі ўвайшоў у акруговую выбарчую камісію. І гэтую маю пазыцыю ведаюць усе мясцовыя ўлады”.

“Чаму ж да вашых рэкамэндацыяў не прыслухаліся?” — спытаў я зноў спадарыню Ярмошыну. У адказ пачуў наступнае:

“Ну што я магу сказаць? Тут, як кажуць, без камэнтароў”.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка згадвае, што раней улады адмовіліся палепшыць практыку ўжываньня выбарчага заканадаўства:

“А гэта быў другі тэст. І мы лічым, што яна яго цалкам праваліла. І я кажу, што калі б уключылі 109 нашых прадстаўнікоў у 110 акругаў, дык і гэтага было б мала. А тое, што ўключылі 30, дык гэта недапушчальна мала.

А яшчэ важна, каго не ўключылі. Не ўключылі нават дзейных дэпутатаў, якія сёньня працуюць — напрыклад, Валянціну Кудлацкую зь Верхнядзьвінску. Не ўключылі былых мэраў Гомелю, Барані. Ня ведаю, якія тут крытэры выкарыстоўваліся, але гэтыя людзі не патрапілі ў камісіі паводле крытэраў уладаў. Тэндэнцыя адсочваецца такая — людзі, якія больш залежаць ад уладаў, якія працуюць на дзяржаўнай службе, іх пераважна ўключалі ў камісіі. Напэўна, таму, каб было камісіі лягчэй кантраляваць”.

Віктар Карняенка прагназуе наступную рэакцыю з боку апазыцыі:

“Якія могуць быць высновы з таго, што атрымалася? Я не магу адказваць за АДС, але ведаю, што будзе абавязкова разглядацца пытаньне аб магчымым зьняцьці кандыдатаў у тых акругах, дзе прадстаўнікоў АДС не ўключылі ў выбарчыя камісіі. Гэта — адзін з варыянтаў. Магчыма, будуць дадзеныя і нейкія іншыя рэкамэндацыі кандыдатам”.

Уладзімер Глод, Менск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG