Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На “Славянскім базары” пануе расейшчына”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 14 ліпеня, панядзелак.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

З ізалятару КДБ вызвалілі трох актывістаў апазыцыі, якіх падазравалі ў дачыненьні да выбуху 4 ліпеня. За кратамі застаюцца яшчэ сем чалавек. Пра выбух і ягоныя наступствы — тэлефанаваньні слухачоў:

Спадар Зіноўеў: “Хачу сказаць КДБ: бачыце, што ўзялі ня тых, дык выберыце вернасьць Беларусі, а не лубянскую апэрацыю”.

Спадар: “Я згодзен зь меркаваньнем Віктара Івашкевіча, што выбух учыніла расейскае ФСБ, і Лукашэнка пра гэта здагадваецца. Гэта яму празрысты намёк: “Не прадасі Беларусь, наступны выбух будзе мацнейшы і бліжэйшы”. Калі б гэты выбух быў мацнейшы і загінулі людзі, Лукашэнка б адразу залямантаваў: “Захад, ратуй мяне ад забойцаў -- нашчадкаў Берыі. Я таксама пагарачыўся са зьніклымі: сілавікі папуталі, але я не забіваў непавінных выпадковых людзей”. Вінаваты ў Лукашэнкі заўсёды нехта іншы”.

Спадар: “Чуў, што ў сувязі з тэрактам на праспэкце Пераможцаў арыштаваныя людзі. Скажыце, калі ласка, ці не нагадвае гэтае дзеяньне цяперашніх сьледчых дзеяньні гітлераўцаў па захопе ўсіх, хто знаходзіўся на Камароўскім рынку пасьля забойства Кубэ ў Менску?”

Адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

“Усе чыньнікі тыя ж самыя. Бо гэта характарыстыка не прававой дзяржавы. Калі ідзе прафіляктычная зачыстка, калі не абароненыя правы чалавека, то можна рабіць такім чынам. Гэта значыць — браць усіх, каб пасьля спыніцца на кімсьці вінаватым. Гэта характарыстыка менавіта неправавой дзяржавы, і таму нічога дзіўнага ў тым няма, што слухач пабачыў такую аналёгію”.

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да правядзеньня выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Зараз распачынаецца другая частка выбарчай кампаніі — вылучэньне кандыдатаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Выказваньні слухачоў:

Спадар: “Нядаўна А.Г. казаў: “Калі нідзе не працуе апазыцыянэр, то ён бомж цяпер, не прыносіць краіне карысьці. Яго са сьпісу трэба выключаць і з кандыдатаў у дэпутаты абавязкова гнаць”. А.Г. на ўсё гатоў”.

Спадар: “Выступаючы на тэлебачаньні, наш правадыр заявіў, што ў апазыцыі няма аніякай падтрымкі. Брэша Аляксандар Рыгоравіч, бо рэальна разумее, што яго асабісты рэйтынг зараз не перавышае 20%”.

Спадарыня Марыя Іванаўна, в.Красоўка: “Ну й нацярпеліся мы, ну й нагараваліся, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам! Па судах ходзіш — нічога не даб’есься, людзі прапалі — маўчок, выбухі — у турмы садзяць нявінных людзей, іду на выбары — ставяць “так”, калі галасую “супраць”. Хто мне скажа, як пазбавіцца ад гэтага?”

У Віцебску праходзіць штогадовы музычны фэстываль “Славянскі базар”. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “На “Славянскім базары” пануе расейшчына. Па сутнасьці, адбываецца канцэрт, прысьвечаны посьпехам русыфікацыі за справаздачны пэрыяд”.

Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску: “Толькі што па радыё назвалі суму, якую павінна атрымаць Пахмутава. Але што такога на сёньняшні дзень яны зрабілі?”

Фёдар Дашкевіч, в. Ліпень, Асіповіцкі раён: “Макавым цьветам распусьцілася і буяе на родных прасторах бацькава мова. Сытуацыя для Беларушчыны склалася ізноў вельмі цяжкая. Зьдзек і гвалт з матчынай мовы. Але колькі ўжо паўсюль было гэтых “бацькаў”? Яны з хітрымі сваімі мовамі прыходзяць і сыходзяць, а народы застаюцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG