Такое, зрэшты, было і ў практыцы беларускай юрыспрудэнцыі. Да выкрыцьця праблемаў судаводзтва ў сярэдзіне 1980-х спрычыніўся наш грамадзкі рэдактар Мечыслаў Грыб. Ягоная група для раскрыцьця згвалтаваньняў і забойстваў жанчын на Віцебшчыне высьветліла, што цягам 15 гадоў былі памылкова асуджаныя 13 чалавек, адзін зь іх расстраляны.
Найноўшая гісторыя Беларусі адзначылася ня менш гучнымі злачынствамі. Забойства аднаго з паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі, прэзыдэнцкага кантралёра Яўгена Мікалуцкага; зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў; банды “пажарнікаў”, “марозаўцаў”; гарадзенскі міліцыянт-маньяк; тэракты ў Віцебску і “злоснае хуліганства” ў ноч на 4 ліпеня ў Менску... Адны супрацьзаконныя ўчынкі раскрываліся доўга, але, прынамсі, ёсьць пакараныя, а іншыя, як кажуць на міліцэйскім жаргоне, так і застаюцца “вісякамі”. Чаму зацягнутае раскрыцьцё злачынстваў стала амаль нормай? Ці праява гэта некампэтэнтнасьці тых, хто бярэцца за складаную справу? Чаму здараецца, што міліцыянты самі ўрэшце альбо апынаюцца гвалтаўнікамі, альбо працуюць у шчыльным кантакце з бандытамі? І што агульнага паміж рознымі злачынствамі, фармальна аб’яднанымі ў “гучныя справы”? Паслухаем думку генэрал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы Мечыслава Грыба:
“Існуюць дзьве праявы злачынстваў, і аб’ядноўваць іх, магчыма, ня трэба. Што тычыцца забойства Мікалуцкага — гэта адна справа. Зьнікненьне нашых апазыцыйных дзеячаў — з нацяжкай таксама сюды можна аднесьці. Што да справы гомельскай ці гарадзенскай — то гэта іншы кірунак.
У першым выпадку пасьпяшаліся запэўніць усіх: кроў з носу гэтыя злачынствы будуць раскрытыя, злачынцы будуць затрыманыя і аддадзеныя па суд. Толкам з гэтага нічога не атрымалася, падазроныя ці скончылі жыцьцё самагубствам, ці, можа, якім іншым чынам загінулі, але фактычна на лаве падсудных, здаецца, нікога так і не было.
Што тычыцца зьнікненьня палітыкаў і журналістаў, таксама казалі і абяцалі — раскрыем, пасадзім. Насамрэч праз суд прайшло некалькі грамадзянаў, якія падазраваліся ў выкраданьні журналіста Зьмітра Завадзкага і нібыта ў забойстве, але дзе труп — так ніхто і не даведаўся. Сёньня яны ў месцах зьняволеньня, а дзе цела Завадзкага — па-ранейшаму невядома. Пра іншых зьніклых палітыкаў таксама нічога не вядома.
Адносна Гомелю і Горадні — дык там іншая справа. Не заўважалі мясцовыя кіраўнікі праваахоўных органаў тых рэчаў, якія тварыліся ў іх рэгіёнах. Як мне падаецца, яны не зусім сумленна выконвалі свае абавязкі. Злачынную групу, якая дзейнічае на працягу 10—15 гадоў, у якую ўцягнутыя сотні людзей, сотні пацярпелых, немагчыма не заўважыць. Страшныя пры гэтым злачынствы, нават забойствы — такое проста немагчыма не заўважыць і, як мне падаецца, ня так і складана іх раскрыць.
Але, як бачым, па тым жа Гомелі асуджаны кіраўнік Упраўленьня крымінальнага вышуку, што сьведчыць на адно — карупцыя. Сапраўднае супрацоўніцтва паміж супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія павінны весьці барацьбу з гэтым злом, і злачыннымі структурамі, прыкрыцьцё іх. Тое, што паказваецца ў фільмах, асабліва расейскіх, як дзейнічаюць злачынныя групоўкі, — тое было і ў нас. Як працаваць у такіх умовах — я рэкамэндацыі ўладам даваць не магу. Але ў наш час, калі я працаваў у сыстэме МУС, за такія дзеяньні людзей каралі вельмі і вельмі строга”.
Мечыслаў Грыб пачынаў у органах унутраных справаў на Віцебшчыне. У 1981 годзе прызначаны начальнікам Упраўленьня аховы грамадзкага парадку МУС БССР. У 1985-м — кіраўнік Упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму, узначаліў апэратыўна-сьледчую групу для раскрыцьця забойстваў жанчын на тэрыторыі вобласьці.
У 1993 годзе Мечыслаў Грыб першы ў Беларусі быў прадстаўлены да званьня “генэрал-лейтэнант міліцыі”. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.
З 1990-га — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі. Старшыня Вярхоўнага Савету XII скліканьня, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня. Пад старшыняваньнем Мечыслава Грыба 15 сакавіка 1994 году беларускі парлямэнт прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году — у штабе тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна.