Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будынак "ленінкі" – знакавы для Беларусі


Антон Астаповіч мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць знос "ленінкі".

Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры атрымала копію пратаколу Даручэньняў прэзыдэнта, дадзеных 10 красавіка 2008 году падчас наведваньня будынка па вуліцы Кірава, 43 у Менску.

Выпіска пад №18 датаваная 3 чэрвеня 2008 і адрасаваная Савету Міністраў і Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. У прыватнасьці, ад гэтых структураў патрабуецца прадугледзець у праекце Дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2009-2010 гады будаўніцтва новага будынку для разьмяшчэньня дзяржаўных устаноў на месцы старога будынка Нацыянальнай бібліятэкі па вуліцы Чырвонаармейская, 9.

Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта сумесна з Нацыянальным сходам, Саветам Міністраў і Канстытуцыйным судом у 2-х месяцовы тэрмін мусіць унесьці прапановы па зносу будынку бібліятэкі і будоўлі на яго месцы новага з архітэктурным абліччам зруйнаванага для разьмяшчэньня ў ім Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама Канстытуцыйнага суду.
У гэтым будынку стваралася ўсё лепшае, што зараз ёсьць у сучаснай беларускай культуры

Сёньня старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч даслаў лісты ў згаданыя раней ведамствы, якія адказваюць за знос старога будынка Нацыянальнай бібліятэкі і пабудовы на ягоным месцы адміністратыўнага будынка для дэпутатаў і судзьдзяў Канстытуцыйнага суду. Паводле заканадаўства, з адказамі чыноўнікі могуць не сьпяшацца месяц. Але, на перакананьне Астаповіча, замаруджваць у гэтым пытаньні нельга:

“З пункту гледжаньня нарматыўна-прававой базы -- гэта помнік, унесены ў дзяржаўны сьпіс. Усё. Якія могуць быць яшчэ размовы, якія могуць быць яго руйнаваньні і пабудовы новага з архітэктурным воблікам старога? Я прааналізаваў закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” перад тым, як пісаць лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта, Савет бясьпекі, Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Канстытуцыйны суд, Савет міністраў. Дык вось, гэтыя дзеяньні парушаюць роўна 15 артыкулаў згаданага закону. Пра што тут можна гаварыць?

Апусьцім усе маральныя, настальгічныя аспэкты, будзем гаварыць толькі з гледзішча права. Якая жудасная карціна вымалёўваецца?

Сапраўды, праблема шмат у чым палягае ў маральнай плоскасьці. Менавіта ў гэтым будынку стваралася ўсё лепшае, што зараз ёсьць у сучаснай беларускай культуры. Той жа Мікола Ермаловіч там працаваў, нашы пісьменьнікі і навукоўцы там працавалі. Кожны менскі студэнт прайшоў праз гэту бібліятэку, асабліва гуманітарыі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG