Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас пануюць безаблічнасьць, бездухоўнасьць, занядбаньне маралі....”


Эфір 21 чэрвеня 2008 году

Тэма, якая на працягу апошніх месяцаў часта гучыць у лістах і тэлефанаваньнях слухачоў “Свабоды”, — хуткі пачатак будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі і пагрозы, якія можа ўяўляць гэты аб’ект для бясьпекі людзей.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх допісаў, які даслаў на “Свабоду” Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну. Слухач піша:

“У краіне, дзе ўсё вырашае адна асоба, такі праект можа прывесьці да катастрофы. Па-першае, тэрміны будаўніцтва гэтай асобай будуць акрэсьлены, хутчэй за ўсё, самыя сьціслыя. Па-другое, з палітычных, а не эканамічных меркаваньняў будзе вызначана краіна, якая ажыцьцёвіць праект. Паколькі Аляксандар Рыгоравіч і надалей разьлічвае на танны газ, то наўрад ці даводзіцца сумнявацца, што выбар будзе спынены на расейскіх кампаніях. А праект выберуць самы танны (на дарагі ў казьне няма грошай). Зрэшты, і на танны грошай наўрад ці хопіць. Таму ўсім нам давядзецца тужэй зацягнуць паясы. Багатыя, вядома, вытрымаюць, а вось беднай частцы насельніцтва давядзецца туга.

Падчас нядаўняга звароту да народу і парлямэнту Аляксандар Рыгоравіч патасна казаў: “Назавіце хоць адзін факт, дзе б я казаў адно, а рабіў другое”. Я ў гэтай сувязі згадваю, што раней ён неаднаразова заяўляў, што ня будзе будаваць АЭС, не параіўшыся са сваім народам.

Тое, што ў сьветлай будучыні нашы дзеці і ўнукі будуць жыць цудоўна, нам абяцалі дзесяцігодзьдзямі. А нам хочацца дастойна жыць тут і цяпер”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.

Так, спадар Валошка, апісаны вамі сцэнар будаўніцтва беларускай АЭС — найбольш верагодны. Праўда, улада заяўляе, што пытаньне бясьпекі пры выбары праекту для яе — першаступеннае. Але ў такім разе расейскія праекты (улічваючы чарнобыльскі досьвед) павінны быць адхілены ад конкурсу адразу. Між тым Расея ўжо сёньня афіцыйна лічыцца найбольш верагодным пераможцам тэндэру. І прычыны гэтага для ўсіх відавочныя.

Пра тое, як чыноўнікі вынаходзяць усё новыя спосабы спагнаньня грошай з грамадзянаў, піша ў сваім новым лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў:

“Пазбаўленьне льготаў пэнсіянэраў ды студэнтаў, падвышэньне кошту камунальных паслуг, бэнзіну і электраэнэргіі, збор грошай па сумнеўных дакумэнтах у Фонд міру і на Чырвоны крыж, бязглуздыя шалёныя штрафы за адсутнасьць флікераў ці наяўнасьць нацыянальных сымбаляў, падвышэньне тарыфаў на рэгістрацыю паляўнічай зброі і надзіманых лодак, — сьпіс можна працягваць бясконца.

Яшчэ адна нахабная і бесталковая вынаходка ўладаў — чарговае спагнаньне грошай з дачнікаў. Назвалі чыноўнікі гэты чарговы пабор “плата за установление границ садового участка”. Быццам 22 гады таму межы не ўсталёўваліся, быццам я і мае суседзі па лецішчы ўвесь гэты час ня ведалі, дзе праходзіць мяжа паміж соткамі. Каштавала гэтая “паслуга” ні многа ні мала 165 тысяч беларускіх рублёў, а калі маеш дадатковы кавалак зямлі — то 330 тысяч.


У выніку многія нашыя “дачнікі” адмовіліся ад участкаў. Цяпер гэтыя кавалкі зямлі будуць зарастаць пустазельлем, бо хто ж захоча ўступаць у нашае таварыства і плаціць больш за 400 тысяч рублёў! Дзеля чаго ўсё гэта спатрэбілася? Празь неафіцыйныя крыніцы прыйшла інфармацыя, што “зьверху” проста спушчана заданьне спагнаць з нашага садовага таварыства 10 мільёнаў рублёў любым чынам.

З каго ж дзяруць улады гэтыя грошы?

Вось мае бліжэйшыя суседзі:

— рабочы, апэратар кацельні;
— пэнсіянэр (наагул у нас у таварыстве вельмі многа пэнсіянэраў);
— будаўнік;
— паштарка, муж якой — інвалід-вазочнік;
— удава з 13-гадовым сынам;
— вадзіцель;
— прадпрымальнік.

Наагул, прыкладна такі сацыяльны склад усяго таварыства. Як бачыце, гэта далёка не багацеі. І што, гэта ўсё было патрэбна ўладзе? Грошай нестае на пабудову новай лядовай цацкі?”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.

На што яшчэ зьвяртаюць увагу многія нашы слухачы, якія таксама пішуць пра падобныя зьявы, дык гэта на зацьверджаныя дзяржавай памеры розных плацяжоў, штрафаў і тарыфаў. У сёньняшняй Беларусі яны несувымерныя з рэальнымі заробкамі ды пэнсіямі шараговых грамадзянаў. Яшчэ ня так даўно, у савецкім мінулым (на якое, здаецца, арыентуецца цяперашняя ўлада) плата за падобныя паслугі дзяржаўнага чыноўніка рэдка перавышала 10 рублёў (5—7 адсоткаў ад тагачаснага сярэдняга заробку). Цяпер за візыт землямера на лецішча пэнсіянэр альбо рабочы павінен аддаць увесь свой месячны даход. Што да грашовых штрафаў, якія накладаюць сёньня за адміністратыўныя правапарушэньні беларускія суды, то яны ўвогуле вымяраюцца астранамічнымі для грамадзянаў сумамі, якія ніяк не адпавядаюць сярэднім заробкам.

Пра тое, зь якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца сёньняшняму беларускаму пісьменьніку, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімір Цішуроў зь вёскі Навапрудзьдзе Круглянскага раёну. Ён піша:

“Часам думаецца, што паэты, пісьменьнікі цяперашняга часу адлучаны ад уладнай, дзяржаўнай увагі, і літаратурны занятак зрабіўся амаль дармовым, неаплатным. Плата калі і ёсьць, то — мізэрная. Улада найбольш турбуецца пра сваіх чыноўнікаў розных рангаў, і некаторыя зь іх, кажуць, атрымліваюць за месяц да 15 тысяч даляраў. Самі чыноўнікі пра свае аклады маўчаць, як і прэса, якая іх абслугоўвае.

Ня так даўно мне за аповесьць прыслалі так званы “ганарар”. Ён склаў крыху больш як 200 даляраў. Гэта — за аповесьць, над якой трэба працаваць, сушыць мазгі не адзін месяц. Паводле якіх мерак і кім прызначаецца такая плата — невядома, але, відаць, робіць гэта нейкі дыскрымінатар творчай працы.

За апошнія восем год я выдаў чатыры кніжкі: дзьве — вершаў і дзьве — прозы. За які ж грошы? У асноўным зьвяртаўся да людзей — служачых, калгасьнікаў, пэдагогаў, пэнсіянэраў. Давалі хто пяць, хто дзесяць рублёў. Якія былі свае грошы — і тыя аддаваў на выданьне кніжкі. Вось так яна ствараецца, мая літаратура, помнік майму жыцьцю і творчасьці.

Але калі народ абраў такую ўладу, калі галасаваў, то галасаваў за беднасьць пісьменьнікаў. Хаця школьныя настаўнікі пра пісьменьнікаў гавораць узьнёсла, як пра сьвятых ці апосталаў... Стрэўшы мяне на вуліцы, вучні доўга ўглядаюцца, вывучаюць. Якія робяць высновы, вывучыўшы маю зьнешнасьць — невядома... Але, мусіць, бачаць, што настаўнікі кажуць адно, а жыцьцё паказвае іншае”.


Далей у сваім лісьце на “Свабоду” пісьменьнік Уладзімір Цішуроў зь вёскі Навапрудзьдзе Круглянскага раёну разважае пра некаторыя іншыя свае назіраньні, якія датычаць, у прыватнасьці, жыцьця сучасных калгасаў. Слухач піша:

“Грэблівае стаўленьне да роднай мовы, літаратуры — паказьнік культуры цяперашняй улады. Значныя сумы грошай выдаткоўваюцца на хакей (зь вядомай прычыны), на аграгарадкі (у гэтым слове так многа гырчаньня, немілагучнасьці). Дый будуюцца яны з тым жа гырчаньнем, паскоранымі тэмпамі, у пажарным парадку — што дай Бог, каб усё гэта ня скончылася, як савецкае вёскабудаваньне. Дарэчы, тыя савецкія пабудовы, якім ня болей за трыццаць год, руйнуюцца, бурацца і закопваюцца ў зямлю. Ня так даўно ў адной вёсцы нашага раёна пахавалі кароўнік. Сьцены бурылі экскаватар і бульдозэр. Белая цэгла была яшчэ прыдатная для будоўлі, сылікатныя блёкі — таксама. Але ўсё гэта было ссунута бульдозэрам у загадзя выкапаны роў і засыпана зьверху зямлёй. Выходзіць так: бацькі аралі зямлю, апрацоўвалі, стараліся вырасьціць добры ўраджай, даілі каровы, гадавалі цяляты, будаваліся. А дзеткі іх працу — у роў...

Але дыктатура ёсьць дыктатура. Яна дыктуе сваё і ў гаспадараньні, і ў архітэктуры, і ў культуры, і ў журналістыцы... У выніку — безаблічнасьць, бездухоўнасьць, занядбаньне нормаў маралі. Але змагаймася за правы, за мараль і духоўнасьць. Вось цяпер зноў спрабую зарабіць грошай, каб выдаць кніжку — хаця б 200 асобнікаў”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімір Цішуроў зь вёскі Навапрудзьдзе Круглянскага раёну.

Ня ўсе пісьменьнікі ў сёньняшніх беларускіх умовах бядуюць і зьбіраюць па капейцы грошы на выданьне ўласных кніг. Ёсьць і тыя, што і да дзяржаўных выдавецтваў дапушчаныя, і неблагія ганарары маюць, і ўзнагароды з рук чыноўнікаў атрымліваюць. Пра раскол у пісьменьніцкім асяродзьдзі і пра яго наступствы “Свабода” на працягу апошніх гадоў ня раз паведамляла. Самі літаратары добра ведаюць, што ад іх патрабуецца дзеля таго, каб займець чыноўніцкую ласку і допуск да дзяржаўных грошай. Ласкі гэтай аднак, не шукалі ні Васіль Быкаў, ні Пімен Панчанка, ні Янка Брыль. Не шукаюць і тыя пісьменьнікі, на якіх трымаецца сёньняшняя літаратура — Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG