Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцаў менскага парку здымаў КДБ <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску правяла сустрэчу з жыхарамі мікрараёну, каб адказаць на пытаньні наконт забудовы Севастопальскага парку.

Жыхары мікрараёну патрабуюць, каб улады спынілі высяканьне парку – адзінай зялёнай зоны мікрараёну.

Старшыня райвыканкаму ня даў выказацца ўсім жадаючым. Выступоўцы абвінавацілі адміністрацыю ў тым, што на сход былі запрошаныя людзі, якія наўмысна задавалі пытаньні, якія ня маюць ніякага дачыненьня да тэмы абмеркаваньня.

Напачатку сустрэчы людзі імкнуліся выказацца ў мікрафон, але старшыня райвыканкаму заявіў, што будзе прымаць толькі пісьмовыя звароты. Толькі некалькі чалавек мелі магчымасьць выказацца.

“Вы, Мікалай Аляксандравіч, сказалі, што немагчыма прадаць парк. Усё магчыма прадаць! У 1996 годзе прадалі некалькі гектараў парка пад царкву “Гэфсыманіі”. Праз два гады прадалі пад кальцавую дарогу. Потым прадалі пад нейкія элітныя дамы, у якіх плянавалі жыць за плотам і ў якіх мусіла быць свая зона.

Я пабывала ў 15 эўрапейскіх краінах. Лепшай вады за беларускую нідзе няма ў Эўропе, паверце мне. У нашым парку артэзіянскія калодзежы і водазаборы. На гэтай вадзе мы можам рабіць грошы, калі яны вам так патрэбныя. Вы можаце прадаваць гэтую ваду, вы можаце зрабіць пункты, дзе будуць гэтую ваду прадаваць. Якім правам вы адымаеце ў нас лёгкія нашага раёну і нашу ваду?!”

Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску правяла сустрэчу з жыхарамі мікрараёну, каб адказаць на пытаньні наконт забудовы Севастопальскага парку. Старшыня райвыканкаму Мікалай Котаў адказаў, што ў выступе не прагучала пытаньне.

“У гэтым дэталёвым праекце вызначаныя аб’екты, і ніхто нічога ня будзе вырубаць. Там усё расьпісана і напісана... Увага! Вось маленькая рэпліка на ваш выступ. Гэта прыйшло з залі. Я гэта зачытаю: “Мае бацькі распавядалі мне, што гэты парк быў вядомы як парк, дзе гублялі нявіннасьць, і там адбывалася маса згвалтаваньняў. Там былі п’янкі. Я хачу спакойна хадзіць па парку”. Гэта піша Вераценскі Кірыл Віктаравіч”.

Супрацоўніца райвыканкама падыходзіла да некаторых людзей, і яны пасьля гэтага ішлі да мікрафону. Паводле назіральнікаў у залі было шмат супрацоўнікаў камунальнай службы. Высьветліць гэтае пытаньне было немагчыма, але менавіта гэтыя людзі прасілі адказаць на пытаньні наконт дарожак каля заводаў, ці пра ўпарадкаваньне тэрыторый каля пад’ездаў.

Адна з жанчын абурылася. Яна выказалася “Свабодзе”:

“Паўтарылася тое, што раней адбывалася, калі склікалі сходы з жыхарамі раёну ў актавай залі 70-й школы – сьвядома адвесьці людзей ад абмеркаваньня праблемы аб тым, што на дадзенай тэрыторыі ніякага ўпарадкаваньня праводзіць нельга. Гэта адмыслова ахоўная тэрыторыя Менску”.

Яшчэ адно меркаваньне:

“Практычна не давалі слова. У мяне асабіста вырывалі мікрафон. У нас ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што забудова Севастопальскага парку адбудзецца, і што сьвідравіны будуць зносіць. Тое, што казаў старшыня выканкаму – лухта. Ніхто ня даў агучыць дакумэнты. Людзям затыкаюць рот, не даюць выказацца”.

Людзі падыходзілі да журналістаў і казалі, што расчараваныя ў выніках сходу. Яны палічылі, што іх чарговым разам падманулі. Людзі, якія зьбіралі подпісы, запэўнілі, што будуць змагацца за тое, каб для менчукоў захаваўся парк і запасы артэзіянскай вады.

Жыхары раёну абураліся, што адміністрацыя выклікала на сход міліцыю, а пазьней і спэцназ. Усіх прысутных здымалі на камэру супрацоўнікі КДБ і міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG