Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская сыстэма СРА ў Эўропе: храналёгія


Чэрвень 2002. ЗША выйшлі з дамовы аб абмежаваньні сыстэм супрацьракетнай абароны ад 1972 году
Травень-чэрвень 2006. Польшча, Чэхія і Вугоршчына выказалі гатоўнасьць прыняць у сябе элемэнты супрацьракетнай абароны ЗША.
Верасень 2006. Падчас візыту ў ЗША прэм’ер-міністра Польшчы Яраслава Качыньскага была дасягнутая дамоўленасьць аб разьмяшчэньні ў Польшчы да 2011 году 10 амэрыканскіх ракет-перахопнікаў
Студзень 2007. Прэм’ер-міністар Чэхіі Мірэк Тапаланэк паведаміў пра прапанову ЗША разьмясьціць у Чэхіі радыёлякацыйную станцыю, якая ўваходзіць у сыстэму супрацьракетнай абароны ЗША
Люты 2007. Прэм’ер-міністры Польшчы і Чэхіі Я.Качыньскі і М.Тапаланэк паведамілі, што іх краіны пагадзіліся з разьмяшчэньнем на сваёй тэрыторыі элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны. Камандуючы ракетнымі войскамі Расеі Мікалай Солаўцаў заявіў, што расейскія ракеты могуць быць нацэленыя на аб’екты СРА ЗША ў Чэхіі і Польшчы. Потым гэтую пагрозу неаднаразова паўтарыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.
Чэрвень 2007. На саміце “вялікай васьмёркі” ў Нямеччыне Ул.Пуцін прапанаваў прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу стварэньне сыстэмы супрацьракетнай абароны на базе расейскай РЛС у Габале (Азэрбайджан).
Ліпень 2007. Падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Бушам у Кэнэбанкпорце (ЗША) прэзыдэнт Пуцін паўтарыў прапанову наконт Габалінскай РЛС і прапанаваў паставіць амэрыканскую сыстэму СРА пад кантроль Рады Расея-НАТА.
Аднак Дж.Буш і дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс адхілілі расейскую прапанову адмовіцца ад разьмяшчэньня элемэнтаў амэрыканскай СРА ў Эўропе. У адказ першы віцэ-прэм’ер Расеі Сяргей Іваноў заявіў, што Расея можа разгледзець магчымасьць разьмяшчэньня апэратыўна-тактычных комплексаў “Іскандэр” у эўрапейскай частцы РФ, у тым ліку і ў Калінінградзе. Пазьней было абвешчана аб магчымасьці пастаўкі комплексаў “Іскандэр” Беларусі.
Сэнат ЗША зацьвердзіў папраўку да закону аб ваенных выдатках, паводле якой стварэньне сыстэмы СРА зьяўляецца дзяржаўнай палітыкай Злучаных Штатаў. Прэзыдэнт Расеі Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні выкананьня Расеяй абавязкаў у межах дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе.
Рада бясьпекі Чэхіі адвяла пад будаўніцтва радара зямлю на ваенным палігоне Брды, у 90 кілямэтрах ад Прагі
Жнівень 2007. Расея аднавіла палёты сваёй стратэгічнай авіяцыі. Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што ў адказ на пляны разгортваньня ў Эўропе амэрыканскай СРА Расея і Беларусь могуць прыняць рашэньне аб стварэньні новых сумесных ваенных аб’ектаў, у тым ліку і ядзерных. Пазьней пасол патлумачыў, што ў Расеі няма плянаў разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю.
Кастрычнік 2007. У Польшчы прайшлі парлямэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымала партыя “Грамадзянская плятформа” на чале з Дональдам Тускам. У лістападзе Туск быў абраны прэм’ер-міністрам Польшчы.
Красавік 2008. Саміт НАТА ў Бухарэсьце ўхваліў разьмяшчэньне амэрыканскай сыстэмы СРА ў Эўропе.
Травень 2008. Урад Чэхіі ўхваліў асноўную дамову аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны РЛС супрацьракетнай абароны ЗША.
Травень 2008. Прэм’ер-міністар Польшчы Д.Туск заявіў, што амэрыканскія прапановы па СРА не задавальняюць Польшчу. Тады ж польская “Газэта выборча” напісала, што калі Вашынгтон і Варшава ня здолеюць дамовіцца да сярэдзіны чэрвеня 2008 году, ЗША будуць шукаць іншыя краіны для разьмяшчэньня сваіх ракет-перахопнікаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG