Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя актывісты пра рашэньне сойму БНФ


Рэгіянальныя арганізацыі БНФ сёньня абмяркоўвалі рашэньні апошняга сойму сваёй партыі.

Са справаздачамі выступалі ўдзельнікі сойму. Меркаваньні некаторых зь іх запісаў наш карэспандэнт.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Рыгор Кастусёў паведамляе, што ў сваёй справаздачы крытыкаваў дзеяньні кіраўнікоў БНФ, якія прывялі да выключэньня з партыі Алеся Міхалевіча.

“Я назваў гэты працэс самаедзтвам у партыі. На жаль, гэта ня першы выпадак выключэньня. Раней Вячаслава Сіўчыка выключылі. Не чакаў выключэньня, а сам сышоў Павал Севярынец. Сышоў і Ўладзімер Колас. Безумоўна, што яны былі карысныя для партыі. Але, на жаль, яны нібыта не патраплялі ў тую каляіну, па якой хацелася б весьці БНФ кіраўніцтву — менскім старшыням і іх намесьнікам.

Ня ўсё мне пакуль што зразумела. У прыватнасьці, чаму так адбываецца? Можа, зачышчаецца поле пад новага чалавека, які жадае прыйсьці? А можа, партыю жадаюць прадаць? Ёсьць такія варыянты і магчымасьці”.

Далей гаворыць старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык:

“Мы ўжо абмяркоўвалі сытуацыю зь сябрамі Слонімскай арганізацыі партыі БНФ. Стаўленьне вельмі нэгатыўнае. Зразумела, што зьявілася разгубленасьць, узмацніліся праблемы. З рэгіёнамі цэнтру будзе працаваць цяжэй. Гэта — відавочна”.

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БНФ Валеры Пуціцкі паведамляе, што на сойме не галасаваў за выключэньне Алеся Міхалевіча. Меркаваньне спадара Пуціцкага:

“Алеся Міхалевіча я ведаю добра. Мяне ўразіла меркаваньне Юрыя Хадыкі, які казаў: “Я гэты Фронт арганізоўваў тады, калі вы яшчэ дзіцячы садок наведвалі. Таму мусіце ісьці паводле генэральнай лініі БНФ, якая была выпрацавана ў 1988 годзе”. А калі хто нарадзіўся толькі ў 88-м годзе? “У такім разе яму толькі ўлёткі разносіць, а кіраваць будзем мы”, — так яны лічаць”.

Нагадаю, што галасаваньне на сойме БНФ было таемным, і ня ўсе, хто ў ім удзельнічаў, схільныя падрабязна тлумачыць сваю пазыцыю. Вось як адказаў на наша пытаньне Кастусь Смольнікаў — ён узначальвае Віцебскую абласную арганізацыю партыі БНФ:

“Цяжкавата пакуль думаць і нешта тлумачыць. Па-першае, усе мы цудоўна разумеем, што такая сытуацыя не павінна была адбыцца. Але калі яна адбылася, то на гэта былі важкія прычыны. Мяркую, што пройдзе месяц і ўсё будзе нармальна”.

Старшыня Менскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Вінаградаў упэўнены, што цяперашні канфлікт у партыі — вынік дрэннай дысцыпліны:

“На жаль, на сёньняшні дзень у партыі няма моцнай дысцыпліны. Людзі таксама расслабіліся. У выніку партыя — нібыта грамадзкая арганізацыя. А мы ж не павінны выносіць сьмецьце з хаты. Ёсьць сойм, на якім можна біцца — хоць забіцца. А выйшлі з хаты — ня трэба выносіць сьмецьце. Гэта на руку нашым нядобразычліўцам. Ня трэба гэтага рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG