Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі: “Журналістам няма чаго турбавацца”


Прадстаўнікі грамадзкасьці і недзяржаўных мэдыяў занепакоеныя праектам новага закону, які можа яшчэ больш абмежаваць свабоду слова. А што кажуць наконт законапраекту дэпутаты і чыноўнікі?

Падрыхтоўкай законапраекту займаецца працоўная група на чале з дэпутатам Юрыем Кулакоўскім. Аднак ягонай думкі пра дакумэнт даведацца не ўдалося — сакратарка сказала, што дэпутат Кулакоўскі ў камандзіроўцы. Між тым у Нацыянальным сходзе пацьвердзілі, што на 16 чэрвеня заплянаванае паседжаньне групы з абмеркаваньнем законапраекту, а ўжо празь дзень законапраект пачнуць абмяркоўваць у Палаце прадстаўнікоў.

Чым тлумачыцца такая пасьпешлівасьць? Дэпутат Сяргей Гайдукевіч, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі, кажа, што яго пакуль не азнаёмілі з праектам закону, інфармацыю давялося браць з мэдыяў. Нягледзячы на асабістыя складаныя адносіны зь некаторымі газэтамі, збольшага Сяргей Гайдукевіч супроць абмежаваньня свабоды друку. У тым ліку -- супроць спрашчэньня парадку закрыцьця газэт у выпадку пэўных парушэньняў:

“Шчыра кажу: я адмоўна стаўлюся і да гэтага пэўнага прыкладу, і да іншых захадаў, якія не даюць прэсе разьвівацца. А разьвівацца прэса можа, толькі калі яна вольная. Таму галасаваць я буду толькі за той праект, які мяне задаволіць, які ня будзе супярэчыць маёй пазыцыі”.

Як ставіцца Сяргей Гайдукевіч да спробаў кантраляваць інтэрнэт? Дэпутат згодны з тымі, хто патрабуе спыніць хвалю бескантрольнай інфармацыі ў сеціве:

“Такую дрэнь пішуць, і самае галоўнае, ня ведаеш, як на гэта адказаць. Напіша адзін, другі растыражуе”.

Але як уплываць на інтэрнэт, Сяргей Гайдукевіч, паводле ягоных словаў, яшчэ ня ведае. Пры гэтым дэпутат супроць таго палажэньня праекту, згодна зь якім сытуацыю ў інтэрнэце змогуць рэгуляваць пастановы ўраду ды іншых ведамстваў. “Толькі праз закон, прыняты парлямэнтам”, — настойвае дэпутат.

Міністэрства інфармацыі дагэтуль не адрэагавала на крытыку законапраекту “Аб сродках масавай інфармацыі” з боку сяброў БАЖ ды іншых прадстаўнікоў грамадзкасьці. Я дазваніўся да памочніка міністра інфармацыі Віктара Казлова. Спадар Казлоў паведаміў, што бачыў законапраект і не падзяляе заклапочанасьці адносна яго.

“Мяне асабіста задавальняе ўсё, што ёсьць у гэтым дакумэнце. Калі пра маю пазыцыю, паўтараю: БАЖу няма чаго турбавацца”.

Неабходнасьць прыняцьця новага закону, які рэгулюе дзейнасьць мэдый, памочнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў патлумачыў гэтак:

“Шмат што зьмянілася, у тым ліку адміністрацыйны і крымінальны кодэксы. А тут такі стары закон. Гэта цалкам нармальная заканатворчая дзейнасьць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG