Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калінкіна: “Улады плянавалі прыняць закон ціха і хутка”


Шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна сказала, што яе заклапочанасьць найбольш выклікае ўсё, што тычыцца магчымасьцяў для працы замежных журналістаў


“Новыя нормы, фактычна, забараняюць займацца сваёй прафэсіяй і арыентаваны на тое, каб Беларусь станавілася ўсё больш закрытай краінай.

Менавіта прадстаўнікі замежных мэдыяў прарывалі інфармацыйную блякаду, бо ў расейскай, польскай, нямецкай прэсе больш сьмела пісалася пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Калі, сапраўды, будуць караць журналістаў за працу на замежныя СМІ, гэта істотна пагоршыць сытуацыю з мэдыямі ў нашай краіне, бо многія з беларусаў працуюць і зарабляюць грошы менавіта ў замежных СМІ.

А ў цэлым, само вельмі пасьпешлівае прыняцьце закона, без шырокага грамадзкага абмеркаваньня, сьведчыць пра тое, што ўлады менавіта так і плянавалі ціха і хутка, напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, прыняць такія досыць жорсткія захады”.

Сьвятлана Калінкіна сказала, што падтрымлівае заклік Беларускай асацыяцыі журналістаў да палітыкаў, да грамадзкасьці, каб не дапусьціць пасьпешлівага прыняцьця закону.

“Насамрэч там ёсьць даволі шмат нормаў, якія вельмі спрэчныя, яны тычацца і інтэрнэта, і выданьняў, дзе ёсьць сярод уладальнікаў замежныя грамадзяне ці юрыдычныя асобы. Я думаю, што да сёньняшняга дня ня зроблена такой сур’ёзнай экспэртызы гэтага законапраекту”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG