Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да чаго прывядзе ўвядзеньне плоскай шкалы падаткаў?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 28 траўня)


Міністэрства фінансаў абвясьціла пра намер увесьці плоскую шкалу падаходнага падатку ў памеры 12%. Чым выкліканыя такія захады? Як прарэагуе на іх большасьць грамадзян? Ці дадуць яны эканамічны эфэкт? Над гэтымі пытаньнямі разважаюць эканамісты Зьміцер Бабіцкі і Міхась Залескі.

Чым выклікана ўвядзеньне плоскай шкалы падаткаў?

Валер Карбалевіч: “Увядзеньне плоскай шкалы падаткаў, прычым дастаткова нізкай — мера радыкальна лібэральная. Нават у шмат якіх краінах з разьвітай рынкавай эканомікай дзейнічае так званая “прагрэсіўная” шкала падаткаў, паводле якой багатыя плацяць большы падатак, а бедныя — меншы.

У Беларусі ж сур’ёзныя рынкавыя рэформы яшчэ не пачыналіся. І раптам прапануецца зрабіць такі радыкальны крок. Чым гэта выклікана? У сваім пасланьні Нацыянальнаму сходу Лукашэнка паставіў задачу, каб Беларусь увайшла ў трыццаць краін сьвету з найбольш спрыяльным інвэстыцыйным кліматам. Магчыма, гэтая прапанова — крок да вырашэньня пастаўленай задачы?”


Зьміцер Бабіцкі: “Ня думаю, што гэта мае нейкае дачыненьне да паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату. Ня думаю, што інвэстары будуць плаціць тут падаходныя падаткі, бо няма такой практыкі.

Хутчэй гэтыя захады выкліканы зьменамі ўяўленьняў ва ўрадзе. Вядома, што адміністраваньне падаходнага падатку зьяўляецца неэфэктыўным. Зьбіраць падатак паводле такой схемы, якая існуе ў Беларусі, вельмі дорага. Для ўраду было б больш эфэктыўным увесьці плоскую шкалу і менш выдаткоўваць на працэс збору гэтага падатку.

Гэтая прапанова ня новая. Наконт яе была вялікая інфармацыйная хваля на пачатку году. А ўвогуле гэтая ідэя абмяркоўваецца гадоў пяць”.


Падаткі і сацыяльная справядлівасьць


Карбалевіч: “Але ж вядома, што беларуская дзяржава прэзэнтуе сябе як сацыяльная дзяржава, у якой захоўваецца сацыяльная справядлівасьць. І “прагрэсіўная” шкала падаткаў якраз адпавядае такой ідэалёгіі. А плоская шкала, наадварот, разбурае ідэю сацыяльнай справядлівасьці і дазваляе багатым рабіцца яшчэ багацейшымі”.

Бабіцкі: “У цяперашняй беларускай падатковай сыстэме сацыяльнай справядлівасьці вельмі мала. Тут жа істотная не сама падатковая стаўка. Мае значэньне, якія існуюць выняткі з падатку. У нас абкладаная падаткамі база падаткаплатніка зьмяншаецца на 35 тысяч руб. Мінус адна базавая велічыня на дзіцё. Якая ж тут сацыяльная справядлівасьць? У іншых краінах, у тым ліку заходніх, з даходу, які абкладаецца падаткам, адымаюць суму, роўную мінімальнаму спажывецкаму бюджэту. Вось гэта сацыяльная справядлівасьць.

Што тычыцца самой стаўкі, то пытаньне пра тое, што больш справядліва, даволі спрэчнае. Ці справядліва забіраць больш у таго, хто больш эфэктыўна працуе? Гэта разбурае стымулы да эфэктыўнай працы”.


Міхась Залескі: “Гэтая прапанова ўраду будзе падавацца як прагрэсіўная, лібэральная, спрыяльная для інвэстыцыйнага клімату і інш.

Калі паглядзець на структуру падаткаў, якія плацяць людзі, то мы ўбачым, што асноўная маса нашага насельніцтва — бедная. Большасьць плаціць 9%. Калі чалавек атрымлівае мала грошай, а ў яго пачынаюць браць больш падаткаў, то ён будзе лічыць гэта несправядлівым.

Магчыма, гэтыя прапановы прадыктаваныя інтарэсамі начальнікаў. Чыноўнікі цяпер атрымліваюць вялікія заробкі, якія набліжаюцца да высокага ўзроўню падаткаабкладаньня. Таму яны і імкнуцца зрабіць усім аднолькава”.



Як прарэагуе на падатковую рэформу большасьць грамадзян?


Карбалевіч: “Вядома, што большасьць насельніцтва Беларусі плаціць па ніжняй шкале падаходных падаткаў. Называюць лічбу, што такіх 90%. Увядзеньне новай шкалы ў 12% будзе азначаць, што для большасьці грамадзян гэты падатак павялічыцца. Давядзецца ўводзіць нейкія льготы. Але калі льготы ўвесьці для большасьці насельніцтва, то ў чым сэнс такой навацыі?”

Бабіцкі: “У нас людзі плацяць падатак ня самі, а праз бугальтэрыю. Некаторыя могуць і не заўважыць падвышэньня падаткаў.

Рэформа павінна быць комплексная. Трэба павялічыць суму таго даходу, які не абкладаецца падаткам. Звычайна пашыраецца база падатку, у яе ўключаюцца іншыя даходы, якія раней не абкладаліся.

Напрыклад, у Расеі ў 2000 годзе была ўведзена плоская шкала памерам 13%. Адначасова была зьмененая сыстэма адлічэньняў у сацыяльныя фонды, зь якіх выплачваюцца пэнсіі. У выніку за год паступленьні ад падаткаў вырасьлі на 19%”.

Залескі: “Советская Белоруссия” напіша, што народ вітае падатковую рэформу. Але большасьць грамадзян, сапраўды, не заўважаць падвышэньня падаткаў. Людзі лічаць толькі свае “чыстыя” даходы, то бок тыя грошы, якія атрымліваюць на рукі. А гэтыя заробкі ў зьвязку з інфляцыяй будуць расьці. Можа, толькі самыя бедныя заўважаць рост падаткаў”.

Ці дасьць такая мера эканамічны эфэкт?

Карбалевіч: “Плоская шкала падаткаў павінна спрыяць зьяўленьню ў краіне багатых людзей, якія гатовыя ўкладаць сюды капіталы, а таксама легалізацыі ценевых даходаў. Ці дасягнуць улады такіх мэтаў?”

Бабіцкі: “Я не прагназую легалізацыі ценевых даходаў. Галоўная праблема так званых “заробкаў у канвэртах” палягае ў высокіх адлічэньнях у Фонд сацыяльнай абароны. Калі працадавец плаціць работніку 100 рублёў, то 35 рублёў ён павінен заплаціць у Фонд сацыяльнай абароны. Таму заробак выплачваецца ў канвэртах. І абкладаная падаткам база ў выніку гэтай зьмены не павялічыцца”.

Залескі: “Пэўны эфэкт ад гэтых захадаў будзе. Бо замежныя інвэстары рэагуюць на сыгналы, няхай нават сымбалічныя. Але эфэкт будзе невялікі. Я згодзен з тым, што без рэформы адлічэньняў у Фонд сацыяльнай абароны плоская шкала не прывядзе да легалізацыі ценевых даходаў. Але для пэўнай часткі людзей, якія робяць на некалькіх працах, будзе некаторая палёгка”.

Падаткі і мэнтальнасьць

Карбалевіч: “Мае суразмоўцы адзначылі, што каб атрымаць эканамічны эфэкт, рэформы павінны быць комплекснымі. Але, магчыма, тут ёсьць праблема мэнтальнасьці грамадзян. Грамадзяне, якія жылі ў СССР, не прызвычаіліся плаціць падаткі, наадварот, яны імкнуцца ашукаць дзяржаву. Таму якія б ні былі маленькія падаткі, людзі ўсё роўна будуць ад іх ухіляцца”.

Бабіцкі: “Так, гэтая праблема існуе. Такое стаўленьне грамадзян да падаткаў лёгка растлумачыць. Яны лічаць нармальным ухіленьне ад падаткаў”.

Залескі: “Беларусы кажуць: “Хто пану ня схлусіць і паню не падмане, той не гаспадар у сваёй хаце”. Праблема ў тым, што ў нас гэтая “дзесяціна” апошнюю тысячу гадоў спаганяецца да выплаты заробкаў.

Таму ў беларусаў няма адчуваньня падаткаплатніка, заснавальніка і ўтрымальніка гэтай дзяржавы. У масавым уяўленьні чыноўнікі — гэта паны. Цяпер ужо і ня кажуць “слугі народу”. Таму людзі на гэтую сытуацыю адпаведна рэагуюць.

Паводле статыстыкі, трэць насельніцтва працуе больш чым на адной рабоце. Гэта 1,5 мільёна чалавек. Але падаюць дэклярацыю аб сукупным гадавым даходзе толькі каля 200 тысяч чалавек. Частка людзей на другіх работах плаціць падатак па павышанай стаўцы, і ў такім выпадку ім ня трэба ўключаць гэты заробак сукупны гадавы даход. А іншая частка ўхіляецца ад сплаты падаткаў, і такую вялікую колькасьць не пераловіш. І гэтая праблема не вырашаецца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG