Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Патрэбен паслухмяны люд, які маўчыць, як рыба...”



Многіх нашых слухачоў хвалюе праблема сацыяльных ільготаў. Гэтая тэма ў розных варыяцыях гучыць у лістах на “Свабоду” на працягу ўжо амаль году. Месяц таму пад ціскам грамадзкага абурэньня ўлада невялікую частку раней скасаваных ільготаў вярнула — у прыватнасьці, пэнсіянэры зноў атрымалі зьніжку на праезд у грамадзкім транспарце на час дачнага сэзону. Як на такую сытуацыю рэагуюць людзі? З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову.

Вось што піша наконт праблемы льготаў Людміла Краснасельская з Калінкавічаў:

“Складаецца ўражаньне, што ўлада нарэшце пачула стогны людзей. Цэны паўзуць угору на ўсё — на прадукты, вопратку, камунальныя паслугі. Людзі адчуваюць гэта штодня на ўласнай кішэні.

Таму можна было б парадавацца за такі клопат аб простых людзях, пэнсіянэрах. Улада добра ведае: не вярнула б яна льготы на праезд — пэнсіянэры ня здолелі б езьдзіць на свае “фазэнды”, бо на пэнсію надта не разьезьдзісься. А без уласных цыбулькі, бульбачкі, бурачка можна і ногі працягнуць, бо ўсяго не дакупісься.

А цяпер успомнім, даражэнькія, як у зімовыя вечары да вас у кватэры званілі актывісты апазыцыі, казалі вам пра ільготы, якія ўлада ў вас адабрала, а сабе пакінула. Вас прасілі паставіць подпісы пад лістамі пратэсту, якія потым накіроўваліся ў парлямэнт. Гэтая акцыя праводзілася па ўсёй Беларусі, ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах. Арганізавалі яе аб’яднаныя дэмакратычныя сілы — тыя самыя, існаваньне якіх улада ўсяляк замоўчвае.

Улада жыве для сябе і горне ўсё пад сябе. Ёй патрэбны паслухмяны люд, марыянэткі, якія б толькі гарбаціліся на сваёй працы ды маўчалі як рыба. А дзеля таго каб дамагчыся лепшага жыцьця, ня трэба баяцца адстойваць свае грамадзянскія правы, неабходна аб’ядноўвацца, ставіць свае подпісы, каб падтрымаць рух да свабоды”,


— напісала ў лісьце на “Свабоду” Людміла Краснасельская з Калінкавічаў.

Многія актывісты, якія зьбіралі подпісы супраць адмены льготаў, сутыкнуліся з тым, што людзі баяліся падпісвацца. Нават пэнсіянэры, якія, здавалася б, не залежаць ад працадаўцы і па якіх найбольш балюча ўдарыла рашэньне ўлады наконт ільготаў. Заўважу: размова ішла толькі пра подпіс пад лістом пратэсту, у абарону відавочных сацыяльных правоў. Што ўжо казаць пра ўдзел у нейкіх публічных грамадзкіх акцыях — мітынгах ды маніфэстацыях!

Аўтар наступнага ліста — Фаіна Глебка зь Віцебску — лічыць, што зьмены ў беларускім грамадзтве залежаць не ад палітычнага кіраўніцтва, а ад духоўнага стану самога грамадзтва. У сваім лісьце на “Свабоду” слухачка піша:

“Часта слухаю вашы перадачы, выпісваю “Нашу Ніву”, таму ў курсе ўсіх падзеяў у Беларусі і сьвеце. Зрабіла выснову: усюды пануе грэх. У Беларусі — таксама. Паўсюль — разбэшчанасьць, нахабства, абыякавасьць. Грамадзтву з такой псыхалёгіяй патрэбна адпаведнае кіраўніцтва. Калі б нават адбыўся цуд і замест Лукашэнкі да ўлады прыйшлі Казулін, Мілінкевіч альбо Севярынец — нічога не зьмянілася б.

Грамадзтва з такім стылем жыцьця свабоднае ад Бога. Што патрэбна большасьці? Гарэлка, цыгарэты, дзікунскія скокі пад сатанінскую музыку, забаўляльныя тэлешоў, лёгкае чытво... Воля, незалежнасьць — высокія катэгорыі, і дамагчыся іх можна, толькі спадзеючыся на Бога. Веру ня вынесеш на вуліцу, нікому не пакажаш. Але яе і ніхто не растопча, ня вытра аб яе ногі. Яе не пасадзіш за краты. Ёю трэба жыць.

Ня трэба нікога вінаваціць — усе грэшныя. Усім судзьдзя — Бог. Ён не зважае на асобы. Божы прынцып — перамяніся сам”,


— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Фаіна Глебка зь Віцебску.

Маральныя заганы, пра якія пішаце вы, спадарыня Глебка, уласьцівыя ня толькі беларускаму грамадзтву. Вядома — ідэальны варыянт, калі чалавек сам, праз самапазнаньне і самааналіз прыходзіць да ўдасканаленьня і ачышчэньня, знаходзіць свой уласны шлях да Бога. Але ці выпадае разьлічваць на зьмены ў дзяржаве, спадзеючыся толькі на такі шлях? Народы эўрапейскіх краінаў, будуючы ў сябе дэмакратычны дзяржаўны лад, разьлічвалі ня толькі на маральную дасканаласьць і духоўную сьпеласьць сваіх грамадзянаў.

Пра лёс вёскі і некаторыя адметнасьці сучаснай эканамічнай мадэлі, якую абрала беларускае кіраўніцтва, разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну. Слухач піша:

“Пасьля вайны ў вёсцы было шмат моладзі, і жыцьцё пакрысе наладжвалася. А цяпер у сельскай мясцовасьці засталіся толькі нямоглыя старыя. Моладзь паўцякала, бо ў калгасах няма стымулаў да працы.

У прамысловасьці ў нас справы таксама дрэнь. Значная частка прадпрыемстваў — стратныя, бо абсталяваньне — састарэлае і зношанае, тэхналёгіі — мінулага стагодзьдзя, вельмі неэканамічныя.

Дзяржава ўвяла шмат абмежаваньняў для прыватных прадпрымальнікаў. А гэта стрымлівае замежных інвэстараў, безь якіх ня будзе і сучасных тэхналёгіяў.

У гэтай сувязі згадваецца лёс Савецкага Саюзу, які разваліўся без адзінага стрэлу, бо савецкая сыстэма сама сябе вычарпала.

Напэўна, тое ж будзе і зь беларускай мадэльлю, якая ня мае ніякай пэрспэктывы. Вось толькі як доўга яна будзе гінуць? Ніхто ня ведае, але гора за гэты час мы паспытаем. Дай Бог, каб я памыліўся...”


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Куксо з пасёлка Івянец Валожынскага раёну.

Параўнаньне Беларусі з Савецкім Саюзам не зусім карэктнае, спадар Куксо. Розныя маштабы, іншая палітычная вага і роля ў сьвеце. Такая невялікая эканоміка, як беларуская, можа быць рэфармаваная і без катаклізмаў ды ўзрушэньняў, прытым за ня надта значны прамежак часу — патрэбныя палітычная воля і адкрытасьць, гатовасьць да супрацоўніцтва з эканамічна разьвітымі краінамі сьвету.

У аглядзе пошты 10 траўня прагучаў ліст Мікалая Рыбакова з пасёлку Копысь Аршанскага раёну, у якім слухач разважаў пра маральнае аблічча супрацоўнікаў АМАПу, што разганяюць акцыі апазыцыі. На гэтыя развагі адгукнуўся іншы наш сталы слухач — Анатоль Жэрдзеў з Гомеля. Ён піша:

“Лічу, што агульна ганіць людзей нейкай адной ці то прафэсіі, ці нацыі — несправядліва і непрадуктыўна. Прыкладна сорак год таму мне давялося правесьці больш як тры гадзіны ў дзяжурным пакоі гарадзкой міліцыі. Уражаньні дагэтуль у памяці.

...Прывялі ўшчэнт п’яную маладзіцу гадоў 18-ці. Каб не міліцыянты, яны не магла б трымацца на нагах. Пасьля таго як яе зачынілі, яна пачала паліваць адборнай лаянкай маладога міліцыянта, які яе зусім не чапаў. Нават мне збоку агідна было гэта слухаць. А як тым, каму даводзіцца слухаць такое штодня?

Лічу, уражліваму чалавеку працаваць у міліцыі ўвогуле немагчыма.

Той, хто ўдарыў Сьвятлану Завадзкую, магчыма, хворы чалавек і павінен быць звольнены з МУС з накіраваньнем у псыхіятрычны шпіталь. Такіх у міліцыі, відаць, нямала, але з гэтай прычыны нельга ачарняць усіх супрацоўнікаў. Ня трэба забываць, што самыя добрасумленныя і маральна здаровыя знаходзяцца яшчэ і пад адміністратыўным ціскам. Іх прасоўваньне па службе часта залежыць не ад іхнай сумленнай працы, а ад прыхамаці начальнікаў. Усталяваньне ўзаемаразуменьня паміж апазыцыяй і супрацоўнікамі МУС — важны аспэкт працы, якому ўвага не аддаецца. У гэтым я абвінавачваю лідэраў апазыцыі.

Лічу, што гэтая тэма павінна часта асьвятляцца і ў перадачах “Свабоды”. Відавочна, што адкрыта ўзяць інтэрвію ў супрацоўнікаў МУС сёньня вельмі праблематычна. І ўсё ж гэтая тэма павінна асьвятляцца ня толькі з пазыцыі пацярпелых, але і з пункту гледжаньня добрасумленных супрацоўнікаў”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Анатоль Жэрдзеў з Гомеля.

Слушныя заўвагі, спадар Жэрдзеў. Журналісты незалежных мэдыяў на кожным кроку сутыкаюцца з сытуацыяй, калі немагчыма атрымаць камэнтар да той ці іншай канфліктнай сытуацыі, да якой мае дачыненьне міліцыя, ня толькі ў канкрэтнага міліцыянта, але нават і ў міліцэйскай прэсавай службе, адказнай за сувязі са сродкамі масавай інфармацыі.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Ігара Сьцябулі зь Менску. Слухач адгукнуўся на перадачы “Вострая Брама”, у якіх ішла размова пра пэрыяд сталінскіх рэпрэсіяў. Ігар Сьцябуля піша:

“Мяне вельмі ўразілі сьпісы расстраляных ды асуджаных ні за што савецкіх калгасьнікаў, чыноўнікаў, чыгуначнікаў. Асабліва адметны эпізод з машыністамі паравоза, якіх сталінскі рэжым абвясьціў ворагамі народу, а “тройка” асудзіла да расстрэлу на працягу трох дзён.

Але вазьміце, шаноўны спадар Валянцін, сёньняшні час. Я не забуду, як машыністы-чыгуначнікі на чале са сваімі маскоўскімі калегамі выканалі ролю штрэйкбрэхераў у здушэньні страйку менскага мэтро ў 1995 годзе. А ўсхваленьне з боку чыгуначнікаў ідалаў камуністычнага дый цяперашняга рэжыму?” —


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ігар Сьцябуля зь Менску.

Ня думаю, спадар Сьцябуля, што існуе нейкая сувязь паміж сталінскімі рэпрэсіямі і канфліктнай сытуацыяй у асяродзьдзі чыгуначнікаў падчас страйку менскага мэтрапалітэну. Дый нейкага асаблівага захапленьня дыктатарскімі рэжымамі з боку менавіта машыністаў цеплавозаў надта не заўважна. Калісьці, падчас брэжнеўскага застою, партрэты Сталіна ўпадабалі чамусьці вадзіцелі-дальнабойшчыкі: выяву вусатага генэралісімуса шмат хто прыклейваў да шкла свайго аўтамабіля. Потым, у часе перабудовы, калі пра дзейнасьць правадыра напісалі ўсю праўду, гэтая мода хутка зьнікла.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG