Звычайны ўнівэрсам у сталічным мікрараёне Ўручча. Насупраць, літаральна за 100 мэтраў — крыты рынак “Дзьмітрыеў кірмаш”: краме даводзіцца канкурыраваць з камэрцыйнай структурай. Таму цэны тут ня самыя высокія. Але таксама растуць. Гутару з намесьніцай дырэктара Алай Іванаўнай.
Карэспандэнтка: “Памятаю, здаецца, зусім нядаўна самы танны хлеб “Майскі” каштаваў 700 рублёў. Цяпер — 1100. Як часта вы малюеце новыя цэньнікі?”
Ала Іванаўна: “На тавары дзяржпастаўшчыкоў, сацыяльна значныя тавары — на працэнт інфляцыі, раз на месяц. А што да камэрцыйных структур — цэны ад нас не залежаць”.
Сацыяльна значныя тавары — малако, хлеб, мяса, гародніна (бульба, капуста, морква, буракі). Буракоў у краме няма. Морква — галяндзкая, 3500 рублёў за кіляграм. Памідоры гішпансікя — 7200, ждановіцкія — 6200, гуркі — 4500. Больш за ўсё ўразіла звычайная капуста. Працягваю размову з Алай Іванаўнай:
Карэспандэнтка: “Здавалася б, капуста, яблыкі ў нас растуць. Зараз я паглядзела на цэны ў краме — капуста нямецкая каштуе 4300, а маладая сёлетняя македонская — 5600. Што, у краіне няма беларускай капусты?”
Ала Іванаўна: “У нашых пастаўшчыкоў — мы працуем з аптовым рынкам, з УП “Партызанскае” — у іх у наяўнасьці беларускай капусты няма. Гэта, вядома, парадокс — каб не было ў нас сваёй капусты”.
Карэспандэнтка: “Зараз пачынаецца сэзон сьвежай гародніны. Але ня падаюць цэны на памідоры, гуркі. Зеляніна — той самы кроп, пятрушка — 2 тысячы пучок. Чаму так дорага?”
Ала Іванаўна: “Гэтую гародніну наш парнікова-цяплічны камбінат пастаўляе, гэта наш сталы пастаўшчык. У яго такія кошты. Канечне, гэта дарагавата, слоў няма”.
Зь беларускай гародніны рэкардсмэн па цэнах — цыбуля зялёная, 19360 за кіляграм. Даражэйшы толькі гішпанскі перац — 28640. Дарэчы, днямі ў суседнім унівэрсаме, “Рублёўскім”, бачыла над прылаўкам зь перцам шыльду “Ўдар па цане!”, а на цэньніку — 25 тысяч. Ці практыкуе крама зьніжкі, акцыі, пытаюся ў Алы Іванаўны:
“Канечне, мы таксама практыкуем. Дамаўляемся з камэрцыйнай структурай, яны зьніжаюць сваю цану, мы — гандлёвую надбаўку”.
Карэспандэнтка: “А вы можаце рэгуляваць вось гэтую гандлёвую нацэнку?”
Ала Іванаўна: “Канечне, рэгулюем. Акрамя сацыяльна значных тавараў. Калі дарагі тавар, замест 20% гандлёвай нацэнкі ставім 15, 10 і нават 5%. Каб людзям было крышку таньней”.
Карэспандэнтка: “Пакуль павышэньне, павышэньне, павышэньне. Вось ваш прагноз: ці дачакаемся мы калі-небудзь, што будзе “стоп” альбо нават — зьніжэньне, зьніжэньне?”
Ала Іванаўна: “Напэўна, не. Расьцем, расьцем, расьцем!”