Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дружным пачынаюць рыхтавацца да рэфэрэндуму


Minsk, 22May2008
Minsk, 22May2008

Сёньня актывісты кампаніі пратэсту супраць будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў у пасёлку Дружным Пухавіцкага раёну атрымалі пісьмовы адказ з Канстытуцыйнага суду. Заяўнікі прасілі патлумачыць, ці маюць права мясцовыя ўлады забараняць грамадзкія акцыі, у тым ліку мясцовы рэфэрэндум.


Ліст, які заяўнікі атрымалі з Канстытуцыйнага суду, займае тры старонкі тэксту. Актывістка Алена Буткоўская заявіла “Свабодзе”, што перадусім ён стане цяпер інструмэнтам барацьбы супраць забаронаў уладаў на грамадзкую дзейнасьць насельніцтва.

“Мы зьвярталіся наконт таго, што нам цяпер забараняюць зьбірацца разам, распаўсюджваць інфармацыю і гэтак далей. А ў адказе напісана, што гэтыя правы гарантуе артыкул 34 Канстытуцыі Беларусі. І мы вырашылі, што паводле гэтага ліста будзем зьвяртацца ў суды, калі на месцы палічаць, што мы ня маем права на мітынгі, пікеты і іншае”.

Са словаў Алены Буткоўскай, зварот у Канстытуцыйны суд быў выкліканы неабходнасьцю правесьці мясцовы рэфэрэндум:

“Бо калі будуць заяўкі на мясцовы рэфэрэндум, то ў цяперашнім беларускім заканадаўстве ёсьць шчылінкі, якія дазваляюць уладзе яго ”зарэзаць”. Напісана, што каб атрымаць дазвол на рэфэрэндум, трэба сабраць 10% подпісаў ад колькасьці насельніцтва. Але ж не напісана, ці гэта 10% ад насельніцтва ў кожным населеным пункце. Калі ж мы зробім агулам, то нам могуць заявіць, што гэта не адпавядае закону. Там ёсьць такія моманты, трэба гэта выпраўляць”.

Паводле адказу Канстытуцыйнага суду, ад 1 ліпеня ў Беларусі набываюць сілу дапаўненьні і зьмены ў Закон “Аб ахове навакольнага асяродзьдзя”. Артыкул 13 гэтага Закону дазваляе мясцовым уладам спыняць гаспадарчую дзейнасьць, якая шкодзіць навакольнаму асяродзьдзю.

Пытаюся ў Алены Буткоўскай: ці падмацоўвае гэтая вестка спадзяваньні на рэфэрэндум?

“У любым выпадку мы пакідаем усе правы за сабой. Бо мы ня ведаем, колькі гэтая барацьба будзе працягвацца. І мы будзем выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб перамагчы, у тым ліку і праз рэфэрэндум”.

Беларускую кампанію закрытага акцыянэрнага таварыства “Август-Бел” стварыў найбуйнейшы расейскі вытворца хімічных сродкаў абароны расьлін ад хваробаў і шкоднікаў — ЗАТ “Август”. Генэральны дырэктар гэтай фірмы Аляксандар Ускоў — беларус паводле паходжаньня. Ёсьць зьвесткі, што яго бацькі жывуць у Слоніме на Гарадзеншчыне. На гэта сьведчыць і факт прызначэньня ў Беларусь прадстаўніком фірмы “Август” Сяргея Ўскова. Яго цяперашні офіс месьціцца ў Горадні, на вуліцы імя Горкага.

Расейская фірма “Август” заснаваная 31 жніўня 1990 году. Займалася перапродажам ядахімікатаў. Ад 1996 году “Август” разьвівае ўласную вытворчасьць на Вурнарскім заводзе зьмяшаных прэпаратаў, што ў Чувашыі. Раней тут выраблялі дуст на патрэбы ўсяго СССР.

Паводле зьвестак фірмы “Август”, сярэднегадавы аб’ём продажу дасягнуў 4 мільярдаў расейскіх рублёў. Доля фірмы ў расейскай вытворчасьці ядахімікатаў — 20%. Фірма імкнецца захапіць рынкі Беларусі (цяпер яе доля тут — 12%), а таксама Казахстану, Малдовы, Украіны.

Першая інфармацыя пра фірму “Август” у Беларусі датавана 18 студзеня 2007 году. Аляксандар Ускоў тады заявіў, што ў яго плянах — пабудаваць цягам 2008 году завод і пачаць выпуск прадукцыі ўвесну 2009 году.

Першы ўчастак пад будаўніцтва быў абраны ў прамысловай зоне Калядзічы пад Менскам. Аднак, вывучыўшы ўплывы будучай вытворчасьці на экалёгію, 12 экспэртаў Нацыянальнай акадэміі навук далі адмоўнае заключэньне. У выпадку аварыі хімічны завод пагражаў перадусім мікрараёнам Чыжоўка, Шабаны, Курасоўшчына, Лошыца.

У выніку пад будаўнічыя пляны трапіла прампляцоўка Менскай ТЭЦ-5, паблізу пасёлкаў Дружны і Сьвіслач Пухавіцкага раёну. Тут адмераны ўчастак плошчай 13 гектараў. Пяць гектараў зь іх — так званыя “малапрадуктыўныя землі”, якія засейваліся яшчэ гэтай вясной.

Паводле папярэдніх падлікаў, кошт пабудовы першай чаргі заводу — блізу 17 мільёнаў даляраў. У будучыні, як даводзіць новапрызначаны дырэктар фірмы “Август-Бел” Віктар Рыжоў, магчымая пабудова другой чаргі заводу, яшчэ большай магутнасьці. Са словаў Рыжова, плянавая магутнасьць першай чаргі — 7 тысяч тон прадукцыі ў год. Згодна з папярэднімі ацэнкамі, прадпрыемства зможа забясьпечыць да 40% патрэбаў унутранага рынку Беларусі.

У Беларусі плянуецца вырабляць каля 20 гатункаў атруты, каб нішчыць пустазельле і шкоднікаў сельскагаспадарчых культур.

Паводле заявы гендырэктара “Августа” Аляксандра Ўскова, місія яго кампаніі — “прапаноўваць найлепшыя комплексныя рашэньні ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасьці ня толькі ў Расеі і краінах СНД, але і ў Эўропе”. Беларусь у гэтым сэнсе — найлепшая стартавая пляцоўка.

Абаронцы экалёгіі ў Беларусі называюць пляны фірмы “Август” захопніцкімі і шкоднымі. У непасрэднай блізіні ад пасёлку Дружны на глыбіні ад 35 мэтраў знаходзяцца падземныя гарызонты пітной вады, якая падаецца ў Менск. А паколькі новае будаўніцтва не прадугледжвае ачышчальных збудаваньняў, то сьцёкі і выкіды будуць трапляць у мэліярацыйныя каналы і раку Сьвіслач, рэчышча якой зусім побач.

Спэцыялісты таксама даводзяць, што калі здарыцца аварыя, то выкіды дойдуць да Менску менш як за паўгадзіны. Да сталіцы ад Дружнага напрасткі ўсяго 23 кілямэтры.

У сацыяльным пратэсьце бяруць удзел сама менш 5705 чалавек. На сёньня менавіта столькі подпісаў сабрана пад зваротам да ўрада і Лукашэнкі з заклікам забараніць будаўніцтва заводу “Август-Бел”. Людзі, многія зь якіх былі накіраваныя ў Пухавіцкі раён з пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС мясьцінаў, баяцца за сваю бясьпеку, а асабліва — сваіх дзяцей. Ужо адбыліся пяць мітынгаў і сходаў грамадзкасьці. Са словаў арганізатара акцыяў пратэсту Сяргея Абразоўскага, у зоне непасрэднай рызыкі заводу “Август-Бел” могуць апынуцца як мінімум 25 тысяч чалавек.

На сёньня пляцоўка, вызначаная для фірмы “Август”, ахоўваецца, яе абносяць агароджай і завозяць сюды будаўнічыя матэрыялы. Са словаў дырэктара Віктара Рыжова, пакуль што будоўля вельмі замарудзілася з-за “народнага пратэсту”. Акрамя таго, спадар Рыжоў прызнаецца, што пастанова беларускага ўраду пра гэтае мэтавае будаўніцтва пакуль ня выдадзена. “Нельга наймаць рабочую сілу і транспартаваць з Расеі будаўнічыя канструкцыі”, — кажа Віктар Рыжоў.

Праект пабудовы заводу падтрымалі старшыня Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч, галоўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан і старшыня Менскага аблвыканкама Леаніда Крупец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG